«Тэрарызм» па-беларуску. Як КДБ маніпулюе паняццямі і папаўняе свой «спіс»
Пакуль ва ўсім свеце тэрарыстамі называюць тых, хто здзяйсняе тэракты і забівае бязвінных людзей, у Беларусі ў «тэрарысты» запісваюць тых, хто супраць Лукашэнкі.
КДБ Беларусі вядзе «пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Сёння там 1089 імёнаў. Да 2020 года ў спіс траплялі ў асноўным прадстаўнікі «ІДІЛ», «Аль-Каіды» і іншыя абвінавачаныя ў дачыненні да тэрарызму з санкцыйнага пераліку камітэта Савета Бяспекі ААН. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пералік значна падаўжэў: сёння траціна «тэрарыстаў» у ім — беларусы. Першы грамадзянін Беларусі, які трапіў у пералік, — журналіст Сцяпан Пуціла, заснавальнік медыя «Nexta». Яго ўключылі ў гэты спіс на аснове завочнага судовага прысуду, абвінаваціўшы ў «масавых беспарадках», «распальванні варожасці», «закліках да санкцый», а «Nexta» прызналі «тэрарыстычнай арганізацыяй».
«Настоящее время» расказвае, каго і на якой падставе беларускія ўлады абвяшчаюць «тэрарыстамі» і як гэта змяняе жыцці людзей і іх блізкіх.
19-гадовы выпускнік, 71-гадовы пенсіянер — хто ў спісе «тэрарыстаў»
Паводле звестак на 17 жніўня 2023 года (апошняя на момант публікацыі дата абнаўлення спісу), у пераліку «тэрарыстаў» 345 беларусаў і беларусак. Сярод іх — кандыдатка ў прэзідэнты 2020 года, дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, яе муж Сяргей Ціханоўскі, былы міністр культуры, а цяпер кіраўнік НАУ («Народнага антыкрызіснага ўпраўлення») Павел Латушка, апазіцыянерка Марыя Калеснікава, былыя беларускія сілавікі, журналісты закрытага ўладамі медыя TUT.BY. Акрамя вядомых імёнаў, у гэты спіс трапілі сотні беларусаў: лекараў, настаўнікаў, айцішнікаў, інжынераў, студэнтаў, пенсіянераў.
Самы малады «тэрарыст» у спісе — Ілля Верамееў, 2003 года нараджэння. Улетку 2021-га ён скончыў школу. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», Іллю затрымалі 27 лютага 2022 года. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт.293 КК РБ) і «распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ). Родная сястра Іллі жыве ва Украіне. Пасля таго, як Расія пачала поўнамаштабную вайну, ён заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць супраць вайны. Праз тры дні яго затрымалі. Прысуд — 6 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Найстарэйшы «тэрарыст» у спісе КДБ — пенсіянер з Нясвіжа Васіль Дземідовіч. Яго затрымалі 15 красавіка 2022 года і абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», «абразе прадстаўніка ўлады, Лукашэнкі, суддзі». Раней пенсіянера прыцягвалі па адміністрацыйных артыкулах, у прыватнасці за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на сваім доме на Дзень Волі. У ліпені 2023 года 71-гадовага Дземідовіча адправілі адбываць 7-гадовы тэрмін у калонію ўзмоцненага рэжыму.
Самая маладая жанчына ў спісе — студэнтка факультэта рамана-германскай філалогіі магілёўскай ВНУ Данута Пярэдня, 2002 года нараджэння. Затрыманая 28 лютага 2022 года. Як і яе равеснік Ілля Верамееў, прысуджаная да 6 гадоў і 6 месяцаў калоніі. Дануту абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК), і «абразе Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ). Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у віну студэнтцы паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі ў развязванні вайны ва Украіне, утрымліваўся заклік да вулічных выступаў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускага войска ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.
Самая пажылая жанчына ў пераліку — 68-гадовая прадпрымальніца Ірына Мельхер. Яе затрымалі ў снежні 2020 года і выставілі абвінавачанне паводле «справы Аўтуховіча». Мікалай Аўтуховіч — вядомы прадпрымальнік з Ваўкавыска, які, паводле версіі следства, з саўдзельнікамі падпальваў маёмасць міліцыянтаў і хацеў зрынуць Лукашэнку. Ірыну абвінавацілі ў «акце тэрарызму» (арт.289 КК РБ), «замаху на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (арт.357 КК РБ) і асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі. Вінаватай сябе пенсіянерка не прызнала. На судзе абвінавачаныя расказалі пра катаванні і ціск, які аказвалі на іх і членаў іх сем'яў.
У гэтым жа пераліку ёсць Максім Знак — юрыст перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі і сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады. Падчас акцыі 7 верасня 2020 года ён даваў прававую ацэнку дзеянням уладаў па падаўленні пратэстаў. Напярэдадні гэтай трансляцыі была выкрадзена Марыя Калеснікава, а пры разгоне адной з пратэсных акцый у Мінску начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалай Карпянкоў разбіў дубінкай вітрыну ў кафэ, спрабуючы дастаць пратэстоўцаў, якія схаваліся там. Акрамя таго, у сеціва трапіла відэа таго, як людзі ў цывільным дубінкай білі маладога мужчыну, які ляжаў на траве і не аказваў аніякага супраціву.
Максім Знак, каментуючы гэтыя і іншыя факты гвалту, сказаў: «Усе гэтыя дзеянні накіраваны на застрашванне і запалохванне і наўпрост звязаныя з палітычнай актыўнасцю тых, каго пераследуюць... Калі афіцыйная асоба прычыняе боль і пакуты за палітычную і грамадскую дзейнасць, гэта называецца "катаванні", артыкул 128 КК РБ. Калі гэта робіцца не проста каб пакараць, а каб запалохаць іншых, з мэтай адмовіцца ад палітычнай і грамадскай дзейнасці, то гэта ў нашым заканадаўстве называецца "акт тэрарызму". Нарэшце, калі гэта было здзейснена, каб падштурхнуць мірных дэманстрантаў, каб яны аказалі супраціў, гэта можа расцэньвацца як "распальванне сацыяльнай варожасці". Гэта таксама злачынства, артыкул 130 КК».
Праз два дні Максіма Знака арыштавалі і пазней самога прылічылі да «тэрарыстаў». Яго абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы», «змове па захопе ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання». «Экстрэмісцкім фарміраваннем» улады палічылі Каардынацыйную раду беларускай апазіцыі. Знак асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
«Арыштавалі кватэры бацькоў, бабулі, сястры»
У пералік тэрарыстаў КДБ унёс і 28-гадовага Мацвея Купрэйчыка. Гэта былы міліцыянт з Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама. Напрыканцы жніўня 2020 года ён напісаў рапарт аб звальненні, потым пакінуў Беларусь і быў сярод заснавальнікаў ініцыятывы сілавікоў BYPOL. Цяпер ён прадстаўляе арганізацыю BELPOL.
«Я даведаўся, што ўключаны ў гэты пералік, 2 красавіка 2021 года з навін. У той момант мы ўсёй камандай BYPOL знаходзіліся ў працоўным кабінеце і адсвяткавалі гэты факт, таму што разумелі, што ўключэнне ў гэты спіс — знак якасці, які паказвае, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Да гэтага моманту я не ведаў, што такі пералік існуе», — расказвае Мацвей Купрэйчык.
Прысваенне статусу «тэрарыста» закранула не толькі яго, але і блізкіх: «У Беларусі арыштавалі мае банкаўскія рахункі, а таксама арыштавалі кватэры бацькоў, бабулі, роднай сястры і нават кватэру стрыечнай сястры, дзе я ніколі ў жыцці не быў. Яны думалі, што гэта прымусіць мяне спыніць барацьбу з рэжымам, але насамрэч гэта толькі падахвоціла дзейнічаць больш актыўна. Родным яны ніяк не тлумачылі, чаму арыштоўваюць іх маёмасць. Проста прыязджалі апісваць рэчы да бацькоў, напрыклад, і гаварылі: "Ваш сын — тэрарыст, збіраўся нешта падарваць". Пыталіся, чаму яны так дрэнна мяне выхавалі. Мама ім тады адказала: "Я аддала яго ў 17 гадоў у Акадэмію МУС. Атрымліваецца, вы яго такім выхавалі". Яны хадзілі па кватэры і пыталіся: "Гэта ваша мікрахвалеўка ці сына? Гэта ваш кампутар ці сына?" Хоць я ўжо не жыў там больш за 10 гадоў».
Арыштам маёмасці блізкіх справа не абмежавалася. «На бацьку і маці ў 2022 годзе распачалі крымінальную справу за "ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання", — працягвае Купрэйчык. — Але мне ўдалося аператыўна вывезці іх з Беларусі. Сястра з сям'ёй таксама ўжо ў Польшчы. З родных там засталіся толькі бабуля і дзядуля, якім пад 80 гадоў. Бабуля жыве ў арыштаванай кватэры, не можа здзяйсняць з ёй юрыдычныя дзеянні (купля-продаж). Праславуты Іван Тарасік з ГУБАЗіКа, калі прыязджаў на чарговы ператрус, паставіў бабулю да сценкі, накіраваў на яе камеру і стаў задаваць пытанні: "Як вы ставіцеся да тэрарыстычнай дзейнасці вашага ўнука?" Але бабуля трымалася і нічога ім не адказала. Быў момант, калі яны сабралі маю маці, бабулю і сястру ў кватэры і ў іх на вачах грамілі яе: ламалі мэблю, разбівалі і рвалі фотаздымкі, на якіх я прысутнічаў. Гэта бязмежжа, немагчыма перадаць пачуцці сваякоў у той момант».
Арышт банкаўскіх рахункаў у Беларусі не вельмі сур'ёзна паўплываў на яго жыццё, удакладняе Мацвей Купрэйчык:
«У Беларусі ў мяне было некалькі крэдытаў, якія я спрабаваў гасіць, ужо будучы ў Польшчы, лічыў, што калі ўзяў грошы на асабістыя патрэбы, то абавязаны іх вярнуць, гэта не адно і тое ж, што спансіраваць рэжым. Але калі ў мяне заблакавалі рахункі, прызнаўшы "тэрарыстам", я, натуральна, ужо не змог нічога вяртаць».
Перасоўвацца па свеце ён можа свабодна: «Я атрымаў статус бежанца, у мяне ёсць іншы пашпарт, я спакойна наведваю іншыя краіны. Увесь свет разумее, што рэжым Лукашэнкі нелегітымны, што іх законы і ўказы — фількіна грамата», — мяркуе суразмоўца.
Па-сапраўднаму складана ва ўсёй гэтай сітуацыі было бацькам, прызнаецца Мацвей: «Ім было цяжка пакідаць дом, які яны будавалі і абжывалі 30 гадоў, участак зямлі, да якога яны прыкіпелі. Але такі час. Нам давялося пакінуць Беларусь, каб працягваць змагацца».
Купрэйчык уключаны ў пералік як «абвінавачаны ў тэрарызме» (арт.289 КК РБ). Дэталі сваёй крымінальнай справы ён ведае толькі прыблізна:
«Мы загадзя папярэдзілі грамадскасць, што 25 сакавіка 2021 года (Дзень Волі) рэжым Лукашэнкі рыхтуе акт тэрарызму: яны хацелі падарваць раённы аддзел унутраных спраў і зваліць усё на "змагароў". Мы атрымалі інфармацыю пра гэтую правакацыю і папярэдзілі людзей. А праз час па беларускім дзяржТБ сталі расказваць, што ўлады прадухілілі тэракт. Згадвалі Вячаслава Малейчука, які нібыта па нашым заданні павінен быў падарваць сметнік і плот ля вайсковай часткі, прадэманстравалі выбуховае прыстасаванне. Мы паказвалі кадры з гэтай прыладай экспертам-выбухатэхнікам, і яны сказалі, што яна б не загарэлася, што гэта муляжы. Мы зрабілі расследаванне, што гэта фэйкавы тэракт. Як расследуецца гэтая справа, я не ведаю. Вядзе яе КДБ».
Згаданаму Вячаславу Малейчуку, 38-гадоваму экскаватаршчыку, беларускі суд прызначыў 22 гады пазбаўлення волі. Ён цяпер у калоніі, як і сотні іншых палітвязняў з «пераліку тэрарыстаў». Асобам, датычным да тэрарыстычнай дзейнасці, у месцы пазбаўлення волі забаронена рабіць пераводы — гэта значыць яны, напрыклад, не могуць купіць нічога ў турэмнай краме. Якія яшчэ абмежаванні і пазбаўленні нясе гэты статус, даведацца складана: блізкія асуджаных адмаўляюцца свабодна пра гэта расказваць, каб «не пагаршаць іх становішча» ў месцах няволі.
«Інструмент ціску і запалохвання». Спіс, з якога не выйсці
«"Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" даўно ператварыўся з тэхнічнага інструмента ў сродак псіхалагічнага ціску на грамадзянскую супольнасць і запалохвання беларусаў», — лічыць былы пракурор Генеральнай пракуратуры Беларусі Алег Талерчык.
Ён тлумачыць, як з'явіўся і працаваў гэты спіс да таго, як яго пачалі ўжываць супраць апазіцыйных актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года:
«Пералік быў уведзены ў 2014 годзе па рашэнні Саўміна і меў на мэце прадухіленне легалізацыі даходаў, звязаных са злачыннай дзейнасцю, фінансавання тэрарызму і распаўсюджвання зброі масавага паражэння. Першапачаткова яго задачай было толькі інфармаванне тых, хто ажыццяўляе фінансавыя аперацыі ў Беларусі, наконт асоб і арганізацый, падазраваных ці абвінавачаных у тэрарыстычнай дзейнасці, для аператыўнага замарожвання іх сродкаў і фінансавых аперацый. Гэта значыць, гэты пералік павінен быў выконваць толькі тэхнічную ролю», — кажа Талерчык.
«Уключаць у спіс і выключаць з яго могуць толькі старшыня КДБ і яго намеснікі — на падставе рашэнняў суда і следчых: Падставы для ўключэння — рашэнні Вярхоўнага суда аб прызнанні арганізацыі або фізічнай асобы тэрарыстычнымі, прысуды судоў, а таксама рашэнні следчага аб прад'яўленні абвінавачання па канкрэтных артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы так званыя "пратэсныя артыкулы" — 130 і 361 ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці", "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь")», — удакладняе былы пракурор.
Пры гэтым абскардзіць уключэнне ў гэты пералік фактычна немагчыма: «Прадугледжанае права на судовае абскарджванне рашэнняў кіраўніцтва КДБ па ўказаных пытаннях з'яўляецца чыста фармальным у сілу недасканаласці замацаванай у беларускім заканадаўстве працэдуры. Гэтая недасканаласць заключаецца ў тым, што абскарджванне дзеянняў названых службовых асоб павінна ажыццяўляцца ў грамадзянска-працэсуальным парадку (у рамках ГПК). Аднак у гэтым парадку нельга ацэньваць законнасць і абгрунтаванасць працэсуальных рашэнняў, звязаных з крымінальным працэсам, – такіх, як рашэнне следчага аб прыцягненні асобы ў якасці абвінавачанага ці прысуд суду. А менавіта на такіх працэсуальных рашэннях грунтуюцца рашэнні старшыні КДБ і яго намеснікаў адносна зместу пераліку».
Алег Талерчык кажа, што выключыць з гэтага спісу могуць, калі прысуды судоў адмененыя, калі крымінальная справа спыненая праз адсутнасць складу злачынства, калі пагашаная судзімасць або калі чалавек памёр.
«У сапраўдных прававых рэаліях Беларусі трапіць у пералік за іншадумства не складае вялікай працы. У той жа час быць выключаным з гэтага пераліку практычна немагчыма», — падсумоўвае былы пракурор.
Адны з нямногіх, каго КДБ выключыў з пераліку «тэрарыстаў», – былы рэдактар «Nexta» Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега. Гэта адбылося пасля памілавання Лукашэнкі.
Алег Талерчык адзначае, што падобныя спісы існуюць і ў іншых краінах, у тым ліку дэмакратычных: «Аднак там уключэнне чалавека ці арганізацыі ў "пералік тэрарыстаў" суправаджаецца сур'ёзнымі прававымі гарантыямі, людзі маюць магчымасць рэальна абскардзіць пастанову і атрымаць судовую абарону».