У Чэхіі прызнаюць, што КДБ і ГУБАЗіК падтрымліваюць тэрарызм

Гэта можа здарыцца ўжо 15 лютага.

Ілюстрацыйнае фота з пратэстаў 2020 года

Ілюстрацыйнае фота з пратэстаў 2020 года

Улады Чэхіі хочуць прызнаць беларускія КДБ і ГУБАЗіК «арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм», піша «Нямецкая хваля».

Такую пастанову прыняў Камітэт па замежных справах, абароне і бяспецы чэшскага сената. Ён адзначае, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць КДБ і Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Камітэт рэкамендуе накласці санкцыі на супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК.

Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале адзначае, што ў рэзалюцыі, якую Сенат Чэхіі разгледзіць, канстатуецца:

– КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі;

– арганізацыі здзейснілі акт дзяржаўнага тэрарызму і напады на дэмакратыю, свабоду слова і еўрапейскі суверэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі «Ryanair» і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Соф'ю Сапегу;

– з лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі ажыццяўляюць напады на Украіну, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, учыненнем якога яны вельмі груба парушаюць Статут ААН;

– нязгода з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны сёння ў Беларусі лічыцца злачынствам;

– у Беларусі дзейнічае смяротнае пакаранне, з шэрагам пратэстуючых абыходзяцца як з тэрарыстамі, каб было магчымым прымяніць да іх вышэйшую меру пакарання;

– судовыя паседжанні з удзелам несправядліва асуджаных часта праходзяць без удзелу грамадскасці і журналістаў, таму грамадскі кантроль за дзеяннямі пенітэнцыярных структур адсутнічае;

– сёння ў Беларусі каля 1450 палітвязняў, іх колькасць павялічваецца, да іх не маюць доступу ні члены сем'яў, ні члены дыпламатычнага корпуса, ні назіральнікі.

Улічваючы вышэйсказанае, Сенат Парламента Чэхіі будзе рэкамендаваць ураду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў карных структур КДБ і ГУБАЗіК і, з улікам іх метадаў, аб'явіць арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Каб рашэнне было прынята, яго павінен разгледзець пленум Сената, пасяджэнне пройдзе 15 лютага.

Нагадаем, у снежні 2022 года рэзалюцыю па Беларусі і заклік прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі прынялі ў Сейме Літвы ў снежні 2022 года.