Эксперт: Для Пекіна важна супрацоўніцтва з краінай, а не з Лукашэнкам

На фоне відавочнай адлігі паміж ЗША і Кітаем Лукашэнка замітусіўся ў кітайскім кірунку. Чаго ён хоча ад Кітая, і ці сапраўды Кітай падтрымлівае Лукашэнку?

_kitaj___pekin___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

15 лістапада ў Сан-Францыска прайшлі перамовы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна. Гэта першы візіт кітайскага лідара ў ЗША за шэсць гадоў, праўда, лідары дзвюх краін сустракаліся год таму на саміце «Вялікай дваццаткі».

Байдэн назваў чатырохгадзінную сустрэчу з лідарам Кітая «адной з самых канструктыўных і прадуктыўных дыскусій, якія ў нас былі», хоць па-ранейшаму ўважае яго за «дыктатара».

«Мы вяртаемся да прамых, адкрытых, ясных стасункаў», — сказаў Байдэн.

Сі Цзіньпін назваў амерыкана-кітайскія адносіны «самымі важнымі двухбаковымі адносінамі ў свеце» і адзначыў, што Байдэн і ён сам «нясуць вялікую адказнасць за два народы, за мір і за гісторыю».

На фоне відавочнай адлігі паміж ЗША і Кітаем ужо 16 лістапада Лукашэнка падпісаў указ №356, якім ухваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Кітая аб гандлі паслугамі і інвестыцыях. Паводле задумы беларускага боку, «супрацоўніцтва ў рамках пагаднення дазволіць дынамічна нарошчваць экспарт беларускіх паслуг у Кітай і павялічыць інвестыцыйныя патокі з боку Кітая».

На наступны дзень Міністэрствы прамысловасці Беларусі і Кітая падпісалі дэталізаваны план супрацоўніцтва, які ўключае ў сябе канкрэтныя праекты ў сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, хімічнай вытворчасці і інфармацыйных тэхналогій.

Што прымусіла беларускі рэжым заварушыцца на кітайскім кірунку? BGmedia пагаварыла з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Мінулыя перамовы Джо Байдэна і Сі Цзіньпіня многія называюць пачаткам новага перадзелу свету паміж двума сусветнымі цэнтрамі сілы…

— Я б так моцна не ўтрыраваў сітуацыю. Перадзел свету — гэта тэрміналогія 19-20 стагоддзяў. Думаю, абмяркоўвалася глабальная канкурэнцыя на цывілізаваных пачатках. Кітай і ЗША сябрамі ніколі не стануць, ніякага збліжэння не адбудзецца: занадта розныя сістэмы, занадта розныя мэты. Стаіць пытанне аб суіснаванні: на якіх прынцыпах суіснаваць, не дапушчаючы дадатковай эскалацыі, не развязваючы новых войнаў. Так што хутчэй за ўсё гаворка ішла аб прынцыпах суіснавання і аб прынцыпах сумленнай канкурэнцыі, а зусім не пра падзел свету.

Размовы пра новы раздзел свету — гэта спроба мераць падзеі глабальнага 21 стагоддзя катэгорыямі 19 і 20 стагоддзяў. Я думаю, гэта памылковае меркаванне.

— Якія магчымасці адкрываюць амерыкана-кітайскія перамовы для Расіі і яе хваста — Беларусі?

— Для Расіі праведзеныя перамовы не вельмі добры сігнал, таму што, калі Кітай і Злучаныя Штаты дамовяцца аб прынцыпах цывілізаванай канкурэнцыі, то Расія не зможа разлічваць на поўную падтрымку Кітая, нават не зможа разлічваць на большую падтрымку, чым ёсць цяпер.

А для Лукашэнкі важна апынуцца пад кітайскім парасонам.

Думаю, ён яго хутчэй за ўсё не атрымае, таму што Кітай не думае такімі катэгорыямі. Кітай шукае сваю выгаду. Калі б у Беларусі існаваў дэмакратычны ўрад, які падтрымліваў бы роўныя стасункі з Кітаем, забяспечваў транзіт — Пекін задаволіў бы такі варыянт.

Унутрыбеларускія справы: рэпрэсіі ва ўнутранай палітыцы, асабліва па віне Лукашэнкі, з русіфікацыяй, з прыгнётам празаходніх сіл, якія даспадобы Расіі — Кітаю проста нецікавыя. Беларусь у гэтым сэнсе партнёр, можа быць, прагматычны, але не самы каштоўны, таму што беларуска-кітайскія адносіны на пачуццях не выбудаваць. Лукашэнка выдатна разумее, што Кітаю пацалункі не прадасі.

Таму Лукашэнку па-ранейшаму патрэбна Расія, каб даіць яе па магчымасці, а Кітай — вялікі глабальны парасон, пад які яму хацелася б схавацца.

Глядзіце таксама

— На фоне досыць паспяховых перамоў лідараў Кітая і ЗША беларускі бок заварушыўся. Спачатку Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення паміж двума ўрадамі, а на наступны дзень Міністэрствы прамысловасці дзвюх краін падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Што прымусіла афіцыйны Мінск так актыўнічаць у кітайскім кірунку?

— Актывізацыя на беларуска-кітайскім фронце звязана з кітайскімі амбіцыямі. Кітай дамаўляецца з ЗША, а Лукашэнка ўсё больш арыентуецца на Кітай. Жаданне пашырыць супрацоўніцтва абсалютна зразумелае. Мэта Лукашэнкі — глыбей забрацца пад кітайскае крыло і атрымаць Кітай у якасці партнёра для сябе.

— Між тым, Лукашэнка не паехаў у Кітай на форум «Адзін пояс — адзін шлях» у сярэдзіне лістапада, што многія назіральнікі расцанілі як папярэджанне афіцыйнаму Мінску.

— Для Лукашэнкі сігнал непрыемны, безумоўна, але не такі і жудасны. Лукашэнка сваю пазіцыю кардынальна не зменіць: будзе хадзіць, будзе бегаць за Кітаем, каб ён надаў яму ўвагу, каб дапамагаў, каб не адмаўляўся ад яго. Лукашэнка ўпэўнены, што будучыня — за Кітаем, таму ён сочыць за тым, каб далёка не адыходзіць і зацікавіць Кітай сабой.

А Кітай ставіцца да яго спакойна і прагматычна: прыносіш ты карысць — выдатна, няма ад цябе карысці — тады ты і не патрэбны. Лукашэнка для Кітая другасны, у яго няма залежнасці ад канкрэтнай асобы: для Пекіна важна супрацоўніцтва з краінай, а не з Лукашэнкам. Але пакуль беларускі рэжым задавальняе Пекін. А што будзе далей, складана прадказаць.

— Але хіба апошнія месяцы беларуска-кітайскія адносіны істотна не астудзіліся?

— Ёсць пункт гледжання, што Кітай нібыта вельмі незадаволены канфліктам на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Як мне здаецца, пакуль гэта спекуляцыі: няма ніякіх сур'ёзных доказаў на карысць гэтай версіі. Магчыма, у Кітай Лукашэнку не запрасілі таму, каб паказаць сваё незадавальненне тым, што адбываецца на мяжы, каб ён зрабіў для сябе высновы.

Але няма ніякіх намераў да фундаментальнага пагаршэння адносін, таму што Кітай шмат у чым ставіцца да яго паблажліва, як мне здаецца. Гэта значыць, Пекін разумее, што Лукашэнка дзейнічае на мяжы пад каласальным ціскам Крамля, гэта не асабістая ініцыятыва Лукашэнкі.