«Дамоўленасці няма»: Як прайшлі канструктыўныя перамовы Байдэна і Цзіньпіна?
Джо Байдэн і Сі Цзіньпін упершыню за год сустрэліся асабіста і правялі «канструктыўныя» перамовы. Пры гэтым прэзідэнт ЗША зноў назваў кітайскага лідара «дыктатарам».
У Сан-Францыска падчас правядзення саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС) прайшлі перамовы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
Гэта першы візіт кітайскага кіраўніка ў ЗША за шэсць гадоў, але лідары дзвюх краін сустракаліся год таму на саміце «Вялікай дваццаткі».
CNN паведамляе, што перамовы працягваліся каля чатырох гадзін. У размове з журналістам Байдэн назваў сустрэчу з Сі «адной з самых канструктыўных і прадуктыўных дыскусій, якія ў нас былі».
Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што яны «будуць трымаць лініі сувязі адкрытымі», і Сі Цзіньпін «гатовы падняць [тэлефонную] слухаўку». Пры гэтым Байдэн адзначыў, што па-ранейшаму лічыць Сі «дыктатарам».
BBC News піша, што ЗША і Кітай дамовіліся аб аднаўленні каналаў прамой сувязі паміж вайскоўцамі дзвюх краін. Пекін перапыніў ваенныя сувязі з Вашынгтонам у 2022 годзе — пасля таго, як тагачасны спікер палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі наведала Тайвань.
«Мы вяртаемся да прамых, адкрытых, ясных зносін», — сказаў Байдэн па выніках сустрэчы (цытата па Associated Press).
Байдэн і Сі таксама дамовіліся аб сумеснай барацьбе з незаконным абаротам фентанілу, каб спыніць паток апіоідных анальгетыкаў у ЗША.
МЗС Кітая назваў размову Байдэна і Сі «адкрытай», а таксама адзначыў «цёплы прыём» з боку амерыканскага прэзідэнта. Паводле паведамлення кітайскага міністэрства, Сі Цзіньпін падчас перамоваў з Байдэнам «падрабязна спыніўся на прынцыповай пазіцыі Кітая па тайваньскім пытанні», назваўшы яго «самым важным і адчувальным» у кітайска-амерыканскіх адносінах.
На думку кітайскага лідара, ЗША павінны распачаць рэальныя дзеянні, каб даказаць, што не падтрымліваюць незалежнасць Тайваня, а таксама спыніць яго ўзбройваць.
«Кітай ажыццявіць уз'яднанне [з Тайванем], гэта немагчыма спыніць», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Старшыня КНР таксама адзначыў, што аднабаковыя санкцыі з боку ЗША «ўшчамляюць законныя інтарэсы Кітая», а стрымліванне тэхналагічнага прагрэсу краіны — «не што іншае, як спроба <...> пазбавіць кітайскі народ права на развіццё».
Паводле звестак CNN, Сі Цзіньпін сказаў Байдэну, што Кітай аддае перавагу «мірнаму ўз'яднанню» з Тайванем, пры гэтым распавёў пра ўмовы, пры якіх «будзе ўжытая сіла». Байдэн у адказ сказаў, што пазіцыя ЗША палягае ў падтрыманні міру і стабільнасці ў рэгіёне. «Я таксама падкрэсліў важнасць міру і стабільнасці ў Тайваньскім праліве», — сказаў Байдэн пазней журналістам.
Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік у размове з The Guardian адзначыў, што ў параўнанні з сустрэчай год таму, падчас цяперашніх перамоваў было «больш узаемных саступак». «Прэзідэнт Байдэн не наносіў удараў», — дадаў суразмоўца выдання.
Байдэн і Сі абмеркавалі вайну Расіі супраць Украіны і сітуацыю ў Газе
Джо Байдэн і Сі Цзіньпін абмеркавалі вайну Расіі супраць Украіны і сітуацыю ў сектары Газа.
Пра гэта прэзідэнт Байдэн заявіў журналістам падчас прэс-канферэнцыі пасля больш чым чатырохгадзінных перамоваў на ўскраіне Сан-Францыска ў Каліфорніі.
«Прэзідэнт Сі і я таксама абмяняліся думкамі па шэрагу рэгіянальных і глабальных пытанняў, уключаючы адмову Расіі спыніць сваю жорсткую і агрэсіўную вайну супраць Украіны і канфлікт у Газе», — сказаў Байдэн.
Ён таксама адзначыў, што абмеркаваў з кітайскім лідарам і шэраг іншых глабальных пытанняў, у тым ліку пытанні правоў чалавека, утрыманне пад вартай амерыканскіх грамадзян у Кітаі і пытанне Тайваня.
«Як заўсёды, я закрануў пытанні, якія выклікаюць заклапочанасць Злучаных Штатаў адносна дзеянняў КНР, у тым ліку пытанні грамадзян ЗША, якія былі затрыманыя і пазбаўлены ўезду, правы чалавека і падзеі ў Паўднёва-Кітайскім моры. Мы абмеркавалі ўсе гэтыя тры рэчы», — сказаў Байдэн.
«Але дамоўленасці няма. Ніякай згоды», — падкрэсліў ён.
Нагадаем, у чэрвені 2023 года з двухдзённым візітам у Кітай прыязджаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Ён стаў першым высокапастаўленым чыноўнікам адміністрацыі Байдэна, які наведаў Пекін. Паездка Блінкена планавалася яшчэ ў лютым, аднак была адкладзеная праз інцыдэнт з кітайскім зондам над ЗША. У папярэдні раз дзяржсакратар ЗША прыязджаў у Кітай у 2018 годзе — гэта быў Майк Пампеа, які ўваходзіў у адміністрацыю Дональда Трампа. Блінкен правёў перамовы з міністрам замежных спраў Кітая Цынь Ганам, з куратарам знешняй палітыкі ад ЦК Кампартыі Ван І, а таксама са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Сустрэча Блінкена з Сі працягвалася каля паўгадзіны.
Паводле meduza.io, ВВС, www.holosameryky.com