634-ты дзень вайны. Сілы абароны Украіны пашыраюць плацдарм на левым беразе Дняпра

Расійскія войскі працягваюць атакаваць Аўдзееўку, не зважаючы на страты. УСУ атакуюць на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. А прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паказвае, што вывучыў урокі дзвюх сусветных войнаў. Галоўнае з фронта вайны ва Украіне на раніцу 19 лістапада.

332723805_576862180993643_7379862071086550718_n.jpg

Расійскія агрэсары працягваюць спробы ачапіць Аўдзееўку. На фронце за суткі адбылося 71 баявое сутыкненне, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы ў нядзелю, 19 лістапада.

Па-ранейшаму самым гарачым кірункам застаецца Аўдзееўка. Расійскія сілы не пакідаюць спробаў акружыць гэты населены пункт. «Украінскія войскі трымаюць абарону, наносяць ворагу значныя страты. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні праціўніка на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі Данецкай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта 26 атак», — гаворыцца ў паведамленні.

На Мар'інскім кірунку расійцы беспаспяхова вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці. Тут было адбіта 22 атакі.

На Бахмуцкім кірунку УСУ адбілі восем нападаў захопнікаў паблізу Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці. Пры гэтым сілы абароны працягвалі штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута.

* * * 

Інстытут вывучэння вайны (ISW) кажа, што геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 лістапада, паказваюць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на поўнач ад Аўдзееўскага коксахімічнага завода і ў прамысловай зоне на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада. Расійскія блогеры сцвярджалі, што войскі РФ нібыта захапілі некалькі пазіцый ля рэстарацыі «Царскае паляванне» на поўдзень ад Аўдзееўкі і працягваюць наступ на поўдзень ад тэрыкона на паўночны ўсход.

Прадстаўнік украінскай Таўрычаскай групоўкі войскаў палкоўнік Аляксандр Штупун паведаміў, што ўкраінскія сілы чакаюць, што расійскія войскі пачнуць трэцюю хвалю штурму Аўдзееўкі, і неўзабаве могуць узмацніць артылерыйскую падрыхтоўку.

Штупун адзначыў, што за апошнія двое сутак расійскія войскі на Аўдзееўскім кірунку не ўжывалі актыўную цяжкую вайсковую тэхніку, паменшылі выкарыстанне авіяцыі ў гэтым раёне і ўсё больш выкарыстоўваюць пяхоту. Ён дадаў, што расійскія штурмавыя падраздзяленні «Шторм» і «Шторм-Z» працягваюць несці значныя страты, а ў асобных атрадах засталося толькі блізу 10-15 адсоткаў пачатковага складу.

* * * 

Спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW) паведамляюць, што Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, утрымліваюць пазіцыі і, верагодна, дадаткова перакідваюць туды пяхоту.

Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што ўкраінскія войскі пры падтрымцы артылерыі атакавалі ў раёне вёсак Пойма (10 км на паўднёвы ўсход ад Херсона і 4 км ад Дняпра) і Пясчаноўка (13 км на паўднёвы ўсход ад Херсона і 3 км ад Дняпра), а таксама з боку вёскі Крынкі (30 км на паўночны ўсход ад Херсона і 2 км ад Дняпра).

Прэс-афіцэр групоўкі УСУ «Поўдзень» Наталля Гумянюк у эфіры «Адзіныя навіны» паведаміла, што Сілы абароны Украіны пасунулі акупантаў на 3-8 км ад Дняпра на левабярэжжы Херсоншчыны.

* * * 


402310163_690849369894811_4252053482949906315_n.jpg

* * *

Спікер Херсонскай АВА Аляксандр Талаконнікаў у эфіры тэлемарафона паведаміў, што тэрыторыі часова акупаванай Херсонскай вобласці расійскія войскі пачалі актыўна марадзёрыць. Не выключана, што захопнікі «хутка будуць уцякаць». «Ёсць выпадкі, калі пад'язджаюць цэлыя грузавікі да дамоў, у якіх людзі не пражываюць і загружаюць усё запар. Такім чынам яны паказваюць мясцовым, што яны тут ненадоўга хутка будуць уцякаць», — распавёў ён.

* * * 

У ноч на нядзелю сілы супрацьпаветранай абароны збілі 15 з 20 расійскіх ударных БПЛА тыпу Shahed-136/131. Пра гэта паведамілі паветраныя сілы УСУ раніцай 19 лістапада. Паказана, што агрэсары атакавалі Украіну дронамі з поўначы Курскай вобласці. Супрацьпаветраная абарона працавала ў Кіеўскай, Палтаўскай і Чаркаскай абласцях.

Паветраная трывога ў Кіеўскай вобласці гэтай ноччу доўжылася каля 5 гадзін. У выніку атакі ў адным з раёнаў пашкоджаны інфраструктурны аб'ект. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр і пацярпелых няма.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што ў ноч на 19 лістапада, у нядзелю, нібыта была зроблена спроба атакаваць расійскую сталіцу беспілотнікам. Ён дадаў, што спрацавала расійская супрацьпаветраная абарона, беспілотнік збілі ў Богародскай гарадской акрузе.

У сувязі з гэтым аэрапорты Унукава і Шарамеццева часова не працавалі.

* * * 

У Белгарадскай вобласці Расіі ў горадзе Валуйкі, які размешчаны за 15 км ад мяжы з Украінай, адбыўся пажар у палявым ваенным шпіталі. У СМІ заяўляюць, што прычынай пажару нібыта стала кароткае замыканне ў праводцы. Пацярпелых няма. Афіцыйную прычыну пажару ўлады пакуль не называлі.

* * * 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн напісаў калонку для Washington Post, у якой разважае пра расійскае ўварванне ва Украіну, вайну Ізраіля і ХАМАС, а таксама пра ролю Амерыкі ў сусветным парадку.

«І Пуцін, і ХАМАС змагаюцца за тое, каб сцерці з карты суседнюю дэмакратыю. І Пуцін, і ХАМАС спадзяюцца разбурыць больш шырокую рэгіянальную стабільнасць і інтэграцыю і скарыстацца беспарадкам. Амерыка не можа і не дазволіць гэтаму адбыцца. У інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі і на карысць усяго свету», — заявіў Байдэн.

«З дзвюх сусветных войнаў мінулага стагоддзя мы ведаем, што калі агрэсія ў Еўропе застаецца без адказу, крызіс не выгарае сам сабой. Гэта наўпрост залучае Амерыку. Таму наша адданасць Украіне сёння — гэта інвестыцыя ва ўласную бяспеку. Гэта прадухіляе больш шырокі канфлікт заўтра», — падкрэсліў Джо Байдэн.