Байдэн назваў Сі Цзіньпіна дыктатарам — праз дзень пасля візіту дзяржсакратара ў Пекін
Усяго праз дзень пасля прымірэнчага візіту Пекін пакуль не адрэагаваў.
Джо Байдэн назваў Сі Цзіньпіна дыктатарам, калі распавядаў пра рэакцыю Сі на збіты ў пачатку года над ЗША кітайскі выведвальны зонд, піша ВВС.
Байдэн сказаў, калі выступаў у Каліфорніі, што Сі Цзіньпін быў вельмі незадаволены тым, як развіваўся скандал вакол гэтага зонда.
«А прычына, чаму Сі Цзіньпін быў вельмі незадаволены, калі я збіў той паветраны шар з двума вагонамі шпіёнскай апаратуры, была ў тым, што ён не ведаў пра гэты шар, — сказаў Байдэн. — А гэта дыктатарам вельмі не падабаецца — калі яны не ведаюць, што адбываецца».
У нядзелю і панядзелак у Пекіне гасцяваў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Мэта яго візіту складалася ў тым, каб знізіць напружанасць у адносінах КНР і ЗША, якая прыкметна вырасла ў апошнія месяцы.
У панядзелак Блінкен сустрэўся з Сі Цзіньпінам. Сі сказаў, што на сустрэчы быў дасягнуты пэўны прагрэс, а Блінкен даў зразумець, што абодва бакі гатовыя да працягу перамоваў. Дзяржсакратар канстатаваў, што сур'ёзныя рознагалоссі паміж Пекінам і Вашынгтонам захоўваюцца.
Гэтыя рознагалоссі датычацца гандлёвай палітыкі, лёсу Тайваня, які Кітай пагражае захапіць сілай, а таксама захавання правоў чалавека ў КНР.
Гэта быў першы візіт кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ЗША ў Кітай за пяць гадоў. Планавалася, што ён адбудзецца на 5 месяцаў раней, але дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адклаў паездку ў Кітай з-за скандалу з шарам-шпіёнам.
Прычым выглядала, што візіт у Кітаў быў паспяховым. Пра гэта напісаў, у прыватнасці, адзін з самых папулярных украінскіх блогераў Алег Панамар:
«Начнем з таго, што Кітай ужо трохі прагнуўся і даў заднюю ад агрэсіўнай антыамерыканскай рыторыкі. Пра гэта кажа сам факт таго, што Сі прыняў кіраўніка Дзярждэпу Блінкена (бо па рангу Блінкена павінен прымаць кіраўнік МЗС Кітая і не вышэй). Больш за тое, Сі заявіў, што яны знайшлі з Блінкеным шмат пунктаў судакранання.
У адказ (наўзамен) Блінкен заявіў, што ЗША працягваюць сваю палітыку ў дачыненні да Тайваня: адзін Кітай — дзве сістэмы.
Таксама не забываем, што ў ЗША ёсць і пуга ў рэзерве (санкцыі). ЗША трэба на сёння ад Сі дзве рэчы — працягваць не пастаўляць зброю Расіі і не ўрывацца на Тайвань. Пакуль Сі гэта гарантуе, ЗША не махае пугай. Добры візіт. Лёд крыху растаў».