Нельга двойчы ўвайсці ў адзін і той жа СССР

На гэтым тыдні Лукашэнка выступіў з адным з самых дзіўных стэндапаў у сваім жыцці. Дзіўная была і рыторыка, і аўдыторыя. Можна нават назваць гэты выступ пэўным жэстам адчаю. Адчаю і крыўды.

Фота з newizv.ru

Фота з newizv.ru


У Мінску сабраліся міністры замежных спраў краін АДКБ. І менавіта перад імі Лукашэнка выступіў з даволі дзіўнай прамовай.

«Нам трэба разумець, што ціснуць нас будуць. Нават калі канфлікт ва Украіне скончыцца, ад нас усё роўна не адстануць. Нам трэба выпрацаваць агульны, назаву яго, план нашых дзеянняў, перш за ўсё ў эканоміцы. Гэты план павінен усіх нас аб'яднаць, з’яднаць», — сказаў Лукашэнка.

«Мы, будзем лічыць, у ізаляцыі, як Савецкі Саюз. Але мы павінны выжыць, павінны вызначыць, што мы можам у сябе вырабіць (можам практычна ўсе, адсоткаў 90), а 10 адсоткаў будзем неяк закупляць, пакуль не сыдзем ад залежнасці па імпарту», — прапанаваў ён.

А калі краіны АДКБ не пагодзяцца, то «думаю, мы недалёкія з прэзідэнтам Расіі, каб на дваіх зрабіць гэты план. Вядома, самазабеспячэнне ў нас будзе не 90%, але хай 80%. Іншага шляху ў нас няма».

Лукашэнка, вядома, прызнаў што ў АДКБ «ёсць праблемы», — праблемы Арменіі і Азербайджана, праблемы Кыргызстана і Таджыкістана, дзе няма дэмаркаванай мяжы, і адбываюцца боесутыкненні. І ён заклікаў развязваць праблемы, але, як звычайна, не распавёў, як гэта зрабіць, прапанаваўшы падумаць — «вывучыць глыбока праблему, прыцягнуць да гэтага неабходныя службы, прапрацаваць пытанне і ўнесці прапановы для развязання на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў».

«Не трэба спяшацца, рабіць горш адзін аднаму і спрабаваць неяк сысці ў бок адзін ад аднаго. Трэба трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час. І справа тут не ў тым, што асноўны стрыжань нашай арганізацыі — Расія — у складанай сітуацыі. Расія — гэта частка, гэта элемент усяго таго, што адбываецца ў свеце», — сказаў ён.

Вядома, Лукашэнка даўно жыве ў палоне ўласных міфаў. Але толькі цяпер паўстала ўражанне, што гэта не ён пануе над міфамі — гэта міфы пануюць над ім. Лукашэнка па-ранейшаму настальгуе па Савецкім Саюзе. Але ён думае, што, сапраўды гэтак жа, як і ён, па гэтым Савецкім Саюзе настальгуюць і іншыя людзі, яго аўдыторыя. Што ім, таксама, як і Лукашэнку, падабаецца ідэя «закапацца ў чучхе», ствараць нейкае «самазабеспячэнне» і сыходзіць ад «залежнасці па імпарце».

Але ў іншых дзяржаў — іншыя інтарэсы. Яны не адчуваюць, што яны «павінны выжыць», і, у адрозненне ад Лукашэнкі і Пуціна, у іх ёсць «іншы шлях», як бы гэтага не хацеў прызнаць беларускі кіраўнік. Ім няма патрэбы «трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час», і ўжо тым больш яны не лічаць Расію «стрыжнем», на якім яны павінны вісець.

Хутчэй, наадварот. Расія выдатна ўмее ініцыяваць захопніцкія аперацыі — як гэта было ў Грузіі, ва Украіне, у Малдове. Але паказвае дасканалую бездапаможнасць у аперацыях міратворчых — у тым жа армяна-азербайджанскім канфлікце, і ў супрацьстаянні Таджыкістана і Кыргызстана. Ад «міратворцаў АДКБ» было няшмат толку і ў Казахстане, і менавіта таму прэзідэнт Такаеў выпер іх з краіны праз тыдзень пасля таго, як яны туды ўвайшлі.


Лукашэнка не можа зразумець адной простай рэчы — не ўсе абавязаныя падзяляць ягоныя перакананні. Яму чамусьці здаецца, што калі ён дагэтуль лічыць Расію «старэйшым братам» і ўпрагаецца за яе, то таксама павінны паступаць і ўсе астатнія.

Але тое, што для Лукашэнкі «светлае мінулае», для іншых — усяго толькі мінулае і зусім не светлае. Яны не жадаюць перасаджвацца з «Мэрсэдэсаў» прэміум-класа ў «Жыгулі» без гідраўзмацняльніка руля. Ім не падабаецца «як-небудзь» закупляць тыя 10-20% імпарту, пра якія казаў Лукашэнка. Ім хочацца іх проста закупляць — без усялякіх «як-небудзь» і без усялякіх складанасцяў.

Таму ўвесь стэндап Лукашэнкі скончыўся прадказальна: удзельнікі пасяджэння прынялі нешта невыразнае пра космас і раз'ехаліся. Але ўпэўнены, што ўражанне пра Лукашэнку ў іх засталося як пра чалавека, ад якога варта трымацца падалей.

У Беларусі ў прынцыпе склалася такая сітуацыя, што амаль усе станоўчыя моманты збудаваныя на міфах альбо на недагаворках. Напрыклад, уладная прапаганда падняла на шчыт тое, што па выніках студзеня-траўня ВУП Беларусі вырас на 0,9%. Аднак па-першае, гэтыя 0,9% сам Лукашэнка назваў «слабымі», улічваючы, што ўрад прагназаваў на гэты год рост эканомікі больш чым на 3%. А па-другое, гэты рост дасягнуты выключна масавым уліваннем грошай у прадпрыемствы — аб'ём наяўных грошай у абароце на пачатак чэрвеня вырас на 1,5 млрд рублёў у параўнанні з тым жа студзенем. У той час як за ўвесь 2022 год рост грошай у абароце склаў 2 млрд рублёў.

Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты радуецца, што ў нас з Расіяй таваразварот у гэтым годзе павялічыўся на 11%, і «ў нас на сёння сумарнае сальда плюс 896 млн долараў». Аднак ён не кажа, чаму гэта адбылося. А адбылося гэта таму, што апроч як з Расіяй мы больш амаль ні з кім не гандлюем.

А памятаеце той шматпакутны крэдыт на «імпартазамяшчэнне» ў паўтары мільярды долараў, пра які мы дамовіліся больш як год таму, а далі яго толькі ў снежні мінулага года? Як паведаміў на гэтым тыдні першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў, узгоднена 16 сумесных праектаў на суму 80 млрд расійскіх, або амаль на 3 млрд беларускіх рублёў. А атрымалі грошы беларускія прадпрыемствы толькі на шэсць імпартазамяшчальных праектаў. Колькі грошай атрымалі, Агароднікаў, канечне, не сказаў. І правільна, бо сума атрымаецца не вельмі ўражвальнай.


Не радуе нават тое, што вельмі істотна — на $2 млрд — скараціўся знешні доўг Беларусі. Паводле адмыслоўцаў, гэта адбылося не толькі таму, што мы цяжка расплачваемся па старых пазыках, але і таму, што новых грошай нам больш ніхто не пазычае.

Карацей, Беларусь і Расія сапраўды становяцца «самадастатковымі», але зусім не ў тым сэнсе, у якім казаў Лукашэнка. Проста з намі ніхто не хоча мець справу. Ніхто не хоча асабліва гандляваць, ніхто не хоча пазычаць грошы, ніхто не падзеліцца тэхналогіямі… У выніку Беларусь хоча ўвесці ў Расіі антыдэмпінгавыя захады адносна кітайскіх тавараў. Таму што на месца, вызваленыя еўрапейскімі таварамі, прыйшлі новыя вытворцы, перш за ўсё кітайскія. І пакінулі ўбаку МАЗ, «Атлант», «Белшыну»…

Нават расійскі спажывец не захацеў падтрымліваць рублём нашае агульнае «імпартазамяшчэнне», абіраючы імпарт без усялякіх складаных канчаткаў.

Карацей, любімая тэза Лукашэнкі «назад у СССР» не спрацавала і тут. Людзі, канечне, можа і настальгуюць па Саюзу, але вяртацца туды не на словах, а на справе — прабачце, няма дурных.

Але наш закладнік міфаў упарта не жадае гэтага прыняць.