Аляксандр Класкоўскі: Упрагацца за Маскву і адграбаць за гэта ні ў каго ахвоты няма
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі разважае над спробамі Аляксандра Лукашэнкі згуртаваць калег па АДКБ. Аднак прапанаваць Лукашэнку ім няма чаго, бо беларускі кіраўнік жыве ў свеце «светлага мінулага», калі астатнія думаюць пра будучыню.
Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з міністрамі замежных спраў дзяржаў-партнёраў па АДКБ заклікаў «трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час». Але заклікі Лукашэнкі згуртавацца для супрацьстаяння дэманізаванаму Захаду не знаходзяць гарачага водгуку. Партнёры не хочуць расхлёбваць тую кашу, што заварылі Масква, напаўшы на Украіну, і яе сатэліт Мінск, піша Класкоўскі ў «Позірку».
Лукашэнка сёння атрымаў магчымасць прачытаць міністрам, якія зляцеліся ў беларускую сталіцу, чарговую лекцыю аб міжнародным становішчы ў сваім духу і стылі. У прыватнасці, маляўніча расказаў, як амерыканцы, на яго думку, раскалолі і падпарадкавалі сабе Еўропу: «Нахілілі, у патрэбнае месца шыла ўставілі, і засталося зусім няшмат, каб яны [краіны ЕС] паваліліся і валяліся на зямлі».
«І яны, еўрапейцы, папракаюць вас, і мяне ў тым ліку, што мы суверэнітэт тут губляем і гэтак далей», — згадаў кіраўнік аб балючым. Пры гэтым, заўважце, не стаў даказваць, наколькі ён незалежны, а прывёў аргумент у духу «самі дурні». Тыповы прыём расійскай і беларускай прапаганды: хай мы такія-сякія, але ж і вы не лепшыя!
Навошта іншым расхлёбваць кашу, завараную Масквой і Мінскам?
У душы Лукашэнка, мабыць, і сам разумее, што ягоная рыторыка не запальвае партнёраў. У яго сённяшняй прамове выразна гучалі ўпрошвальныя ноткі. «Не трэба спяшацца, рабіць горш адзін аднаму і спрабаваць неяк ажысці ў бок адзін ад аднаго», — пераконваў ён аўдыторыю. Ці вось яшчэ: «Давайце гэта (што гэта — не цалкам зразумела. — А.К.) губляць не будзем. Нічога вы за межамі нашай [постсавецкай] прасторы не знойдзеце — мой пункт гледжання».
Але ў кіраўнікоў іншых краін АДКБ (Расію выносім за дужкі) свае галовы на плячах і свой пункт гледжання. Там элементарна не бачаць сэнсу ісці на канфрантацыю з Захадам, калі з ім цалкам можна знаходзіць агульную мову, нават калі твая краіна не бліскае дэмакратыяй.
Паспяхова развівае шматвектарнасць Казахстан. Сабе на розуме іншыя цэнтральнаазіяцкія дзяржавы. Нават традыцыйна блізкая да Масквы Арменія відавочна да яе астывае. Рассыпаліся надзеі на дапамогу АДКБ у вырашэнні Карабахскай праблемы, і Ерэван стаў шукаць для гэтага іншыя шляхі. У пачатку года армяне адмовіліся праводзіць на сваёй тэрыторыі вучэнні АДКБ, у траўні прэм'ер Нікол Пашынян заявіў, што краіна і зусім можа выйсці з гэтай арганізацыі, калі палічыць яе «нядзейснай».
Раней Ерэван не раз наракаў на Мінск, што той, будучы партнёрам па АДКБ, прадае зброю Азербайджану (а цяпер Лукашэнка вучыць прынцыповасці і заклікае да згуртаванасці!).
Увогуле, у кожнай краіны пад іржавай шыльдай АДКБ — свае крыўды і свае інтарэсы. Упрагацца за Маскву і адграбаць за гэта ні ў каго ахвоты няма.
Толькі рэжым Лукашэнкі ў дадатак да таго, што ён у прынцыпе больш за іншых залежыць ад Масквы, яшчэ і ўляпаўся ў яе вайсковую авантуру. Чым абвастрыў уласнае супрацьстаянне з дэмакратычным светам, адносіны з якім і так сапсаваліся пасля падаўлення пратэстаў 2020 года.
«Іншага шляху ў нас няма». У вас з Пуціным — так, у іншых — ёсць
Вось, напрыклад, Лукашэнка заклікае выпрацаваць для краін АДКБ план сумесных дзеянняў у эканоміцы. Тлумачыць: «Нам трэба разумець, што ціснуць нас будуць. Нават калі канфлікт ва Украіне скончыцца, ад нас усё роўна не адстануць».
На думку Лукашэнкі, адной з галоўных мэт гэтага плана павінен быць сыход ад залежнасці ў пастаўках імпартнай прадукцыі: «Мы, будзем лічыць, у ізаляцыі, як Савецкі Саюз».
Насамрэч у ізаляцыі, пад санкцыямі толькі Расія і Беларусь. Лукашэнка спрабуе вербальна паставіць на адну дошку з сабой і Пуціным кіраўніцтва іншых краін АДКБ, аднак тамтэйшым элітам свая кашуля бліжэй да цела.
З якой нагоды там будуць адмаўляцца ад выгаднага імпарту, замежных інвестыцый, прытоку перадавых тэхналогій і пераходзіць на нейкае падабенства чучхе, за якое топіць беларускі правадыр? Наадварот, там яшчэ і падзаробяць на так званым паралельным імпарце — шэрых схемах перапродажу тавараў расійцам і беларусам, якія трапілі ў пастку санкцый.
«Думаю, мы не далёкія з прэзідэнтам Расіі ад таго, каб на дваіх зрабіць гэты план. Вядома, самазабеспячэнне ў нас будзе не 90%, але хай 80%. Іншага шляху ў нас няма», — прызнаўся Лукашэнка.
Так, у вас няма, у іншых — ёсць.
Наратыў аб абароне агульнай радзімы даўно не коціць
Угаворваючы партнёраў па «антыНАТА» згуртавацца, Лукашэнка апелюе да савецкага мінулага. Сёння ён нагадаў, што «нейкіх 30 гадоў таму мы былі адной дзяржавай, разам абаранялі агульную Радзіму». Згадаў Вялікую Айчынную вайну — гэту тэму Масква і Мінск прывыклі жаваць да месца і не да месца.
Але адсылкі да вопыту савецкай імперыі хутчэй не грэюць, а насцярожваюць лідараў краін, што ўзніклі на постсавецкіх абломках. Там выразна бачаць, што Пуцін мроіць пра аднаўленне гэтай імперыі. Сёння гэта вылілася ў агрэсію супраць Украіны, а заўтра?
Расійскія шавіністы не раз заяўлялі, напрыклад, прэтэнзіі на землі таго ж Казахстана (маўляў, яны былі проста падарункам Масквы народу, які ніколі не меў дзяржаўнасці), уздымалі тэму «русафобіі» ў гэтай краіне (на ўкраінскім прыкладзе вядома, што ўслед можа рушыць «абарона рускамоўных»).
Ці трэба здзіўляцца, што Астана намацала геапалітычную процівагу Маскве ў выглядзе магутнага Кітая? Іншыя партнёры Крамля з ліку постсавецкіх краін таксама схільныя трымацца далей ад імперскага звера, які сарваўся з ланцуга.
Замест другой Швейцарыі застаецца будаваць другую Паўночную Карэю
Толькі кіраўніку Беларусі няма куды дзявацца: занадта кіпцік уграз. Што выразна разумеюць і ў заходніх сталіцах. Вось сёння Лукашэнка паскардзіўся, што «агрэсіўная істэрыка, у першую чаргу на Захадзе, заглушае (пакуль заглушае) галасы мудрасці і розуму». Маўляў, «там не хочуць пачуць ініцыятывы, у тым ліку і Беларусі па аднаўленні даверу, умацаванні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі».
Так, быў час, калі Лукашэнка, дыстанцыяваўшыся ад анексіі Крыма, атрымаў прыстойныя міжнародныя дывідэнды ў ролі пасрэдніка, міратворца. Дастаткова ўспомніць саміт нармандскай чацвёркі ў Мінску ў лютым 2015-га. Тады ў кіраўніка закружылася галава, ён стаў паўтараць пра намер зрабіць з Беларусі другую Швейцарыю.
Але ўсё гэта бяздарна прафукана. У вачах Захаду Мінскі рэжым стаў марыянеткавым, запляміў сябе дапамаганнем імперыі, якая напала на Украіну. Таму спробы нацягнуць міратворчую тогу выклікаюць толькі іронію.
І сёння правадыру рэжыму, які здушыў парыў свайго народа да свабоды ў 2020-м, які стаў саўдзельнікам агрэсіі, замест другой Швейцарыі застаецца будаваць пасярод Еўропы другую Паўночную Карэю. Няўжо гэтым змрочным прыкладам ён хоча натхніць фармальных партнёраў па АДКБ у стане калапсу?