Пашынян: Арменія — не хаўруснік Расіі ў вайне з Украінай

Арменія не з'яўляецца хаўруснікам Расіі ў вайне з Украінай, заявіў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Расія на гэта адзначыла, што «прымае яго словы да ведама».

Нікол Пашынян. Фота EPA-EFE

Нікол Пашынян. Фота EPA-EFE

Арменія ўсё больш адмяжоўваецца ад Расіі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян у інтэрв'ю чэшскаму тэлеканалу CNN Prima News.

Журналіст спытаў у Пашыняна: «А якая пазіцыя Арменіі адносна ўкраінскай вайны, расійскай агрэсіі ва Украіне, таму што з аднаго боку вы саюзнік Расіі, з другога боку — мы назіраем вельмі непажаданыя дзеянні Расійскай Федэрацыі ва Украіне?».

«Пра гэта ніколі не гаварылася ўслых, але я думаю, што гэта прыкметна: мы — не саюзнікі Расіі ў вайне з Украінай. І наша адчуванне ад гэтай вайны, ад гэтага канфлікту — гэта трывога, таму што яна наўпрост уплывае на ўсе нашы адносіны», — сказаў ён (цытата паводле News.am).

Пашынян адзначыў уразлівасць пазіцыі Арменіі: на Захадзе краіну ўважаюць за хаўрусніка Расіі, а ў Расіі так не думаюць.

«Здаецца, што ёсць спосаб пазбегнуць усіх гэтых сутыкненняў, але праўда ў тым, што чым складанейшай становіцца сітуацыя, тым менш застаецца магчымасцяў для манеўравання. Мы пазбягаем гэтага не таму, што ў нас няма ўласнага меркавання наконт сітуацыі, а таму, што ў нас саміх шмат праблем, якія не дазваляюць нам быць больш залучанымі ў вырашэнне іншых пытанняў», — дадаў прэм'ер.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Пашынян напісаў, што інтэрв'ю было запісана ў траўні падчас ягонага афіцыйнага візіту ў Чэхію.

Нагадаем, у канцы 2022 года прэм'ер-міністр Арменіі не захацеў падпісваць выніковую дэкларацыю АДКБ, бо саюзнікі не далі «выразнай палітычнай ацэнкі» «агрэсіі» Азербайджана.

Расія паспела адрэагаваць на заяву Пашыняна. Па словах прэс-сакратара кіраўніка РФ, Расія ўлічвае пазіцыю Арменіі ў канфлікце вакол Украіны. Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам: "Мы прымаем яго словы да ведама". Паводле ацэнкі Пяскова, "гэта важная заява". "Мы ведаем, што ёсць пэўныя нюансы ў падыходах Арменіі да канфлікту вакол Украіны, мы іх улічваем", — канстатаваў прэс-сакратар Пуціна. Пры гэтым Пяскоў падкрэсліў: "Безумоўна, мы працягваем развіццё нашых канцэптуальна саюзніцкіх адносін з Арменіяй", піша ТАСС.

Цяпер у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Расія, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.

Як пісаў «НЧ», днямі ад магчымасці больш шчыльных стасункаў з РФ публічна адцураўся і прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. На прапанову Лукашэнкі далучыцца да саюзу Расіі і Беларусі ён заявіў, што Казахстан не мае намеру ўступаць у «Саюзную дзяржаву», і тым больш краіне не патрэбная расійская ядзерная зброя на сваёй тэрыторыі.

Паводле ВВС, ТАСС, news.am