Былыя браты па крыві: Арменія блізкая да сыходу з АДКБ
Сакратар Рады бяспекі Арменіі заявіў, што сяброўства ў АДКБ не прыносіць краіне карысці.
Ерэван працягвае выказваць незадаволенасьць працай Арганізацыі дамовы калектыўнай бясьпекі. Армэн Грыгаран на Грамадзкай тэлевізіі Армэніі заявіў, што членства ў АДКБ нічога не прыносіць краіне: «Так званы вайсковы блёк пасьля трох нападаў прапануе Армэніі місію па зборы фактаў. Гэта, прынамсі, несур’ёзна», — паведамляе «Свабод*».
З-за гэтага Ерэвану даводзіцца шукаць альтэрнатыву — «напрыклад, маніторынгавую місію Эўразьвязу».
У лістападзе 2022 году прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян адмовіўся падпісваць дэклярацыю Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ. Адмову ён патлумачыў адсутнасьцю «палітычнай ацэнкі агрэсіі Азэрбайджану супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Армэніі» з боку арганізацыі.
Незадаволенасьць Армэніі палітыкай АДКБ выказваў Лукашэнка, які крычаў на Нікола Пашыньяна і запытваў «Чаго вы ваюеце?». Ерэван лічыць, што АДКБ, асабліва Расея і Беларусь, займае пазыцыю Баку ў канфлікце вакол Нагорнага Карабаху.
Нагадаем, на днях прэм'ер Арменіі зрабіў істотную заяву.
Арменія ўсё больш адмяжоўваецца ад Расіі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян у інтэрв'ю чэшскаму тэлеканалу CNN Prima News.
Журналіст спытаў у Пашыняна: «А якая пазіцыя Арменіі адносна ўкраінскай вайны, расійскай агрэсіі ва Украіне, таму што, з аднаго боку, вы саюзнік Расіі, з другога боку — мы назіраем вельмі непажаданыя дзеянні Расійскай Федэрацыі ва Украіне?».
«Пра гэта ніколі не гаварылася ўслых, але я думаю, што гэта прыкметна: мы — не саюзнікі Расіі ў вайне з Украінай. І наша адчуванне ад гэтай вайны, ад гэтага канфлікту — гэта трывога, таму што яна наўпрост уплывае на ўсе нашы адносіны», — сказаў ён (цытата паводле News.am).
Пашынян адзначыў уразлівасць пазіцыі Арменіі: на Захадзе краіну ўважаюць за хаўрусніка Расіі, а ў Расіі так не думаюць.
«Здаецца, што ёсць спосаб пазбегнуць усіх гэтых сутыкненняў, але праўда ў тым, што чым складанейшай становіцца сітуацыя, тым менш застаецца магчымасцяў для манеўравання. Мы пазбягаем гэтага не таму, што ў нас няма ўласнага меркавання наконт сітуацыі, а таму, што ў нас саміх шмат праблем, якія не дазваляюць нам быць больш залучанымі ў вырашэнне іншых пытанняў», — дадаў прэм'ер.
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Пашынян напісаў, што інтэрв'ю было запісана ў траўні падчас ягонага афіцыйнага візіту ў Чэхію.
Нагадаем, у канцы 2022 года прэм'ер-міністр Арменіі не захацеў падпісваць выніковую дэкларацыю АДКБ, бо саюзнікі не далі «выразнай палітычнай ацэнкі» «агрэсіі» Азербайджана.
Расія паспела адрэагаваць на заяву Пашыняна. Па словах прэс-сакратара кіраўніка РФ, Расія ўлічвае пазіцыю Арменіі ў канфлікце вакол Украіны. Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам: "Мы прымаем яго словы да ведама". Паводле ацэнкі Пяскова, "гэта важная заява". "Мы ведаем, што ёсць пэўныя нюансы ў падыходах Арменіі да канфлікту вакол Украіны, мы іх улічваем", — канстатаваў прэс-сакратар Пуціна. Пры гэтым Пяскоў падкрэсліў: "Безумоўна, мы працягваем развіццё нашых канцэптуальна саюзніцкіх адносін з Арменіяй", піша ТАСС.