«Супрацоўнічаць з саюзнікамі краіны АДКБ гатовыя на адлегласці не бліжэй, чым сто кіламетраў па вертыкалі»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра новыя «чырвоныя лініі» Расіі, якія не такія ўжо і чырвоныя, і пра самотнасць саюзнікаў, сяброў у якіх застаецца ўсё менш і менш.
У Расіі з'явілася новая чырвоная лінія. Не такая, вядома, тоўстая і выразная як ранейшыя, але таксама чырвоная. Учора генерал Шайгу сказаў, што калі Украіна ўдарыць па расійскай тэрыторыі, уключаючы Крым, ракетамі Himars і Storm Shadow, то Расія неадкладна адкажа ўдарамі па ўкраінскіх цэнтрах прыняцця рашэнняў.
Прычым, звярні ўвагу, што супраць абстрэлаў расійскай тэрыторыі іншымі сродкамі генерал Шайгу разважліва не стаў пярэчыць.
А па-другое мне, вядома, не зусім зразумела, дзе генерал Шайгу збіраецца шукаць цэнтры прыняцця рашэнняў і чаго хоча дамагчыся. Забіць яшчэ раз Буданава і Залужнага, ці што? Дык забівалі ўжо. Не дапамагло. Увогуле хачу табе сказаць, што раней у генерала Шайгу намаляваныя чырвоныя лініі атрымліваліся значна чырваней.
Хоць раней і трава была зелянейшая, і калектыўная бяспека больш трывалая. Вось учора сёй-той умацоўваў калектыўную бяспеку вербальнымі інтэрвенцыямі, месцамі пераходзячымі ў аральныя. Прасіў міністраў замежных спраў АДКБ, каб тыя не кідалі іх з Пуціным адных. «Не трэба спяшацца, — кажа, — спрабаваць сысці ў бок адзін ад аднаго. Трэба трымацца разам, асабліва ў гэты няпросты час».
Вось спачатку сёй-той заклікаў да адзінства з ім і Пуціным прэзідэнтаў калектыўнай бяспекі. Не пачулі. Паспрабаваў з тымі, хто ў калектыўнай бяспецы адказвае за бяспеку. Таксама не дапамагло. Цяпер вырашыў паспрабаваць з міністрамі замежных спраў.
Увогуле ж, людзей у краінах калектыўнай бяспекі шмат, так што ёсць шырокае поле для дзейнасці. Ёсць яшчэ каго заклікаць.
Карацей, чым далей, тым менш у саюзнікаў застаецца сяброў. А тыя сябры, якія яшчэ ёсць, застаюцца сябрамі толькі каб прадаць сваё сяброўства даражэй. І ў самым канцы ўсё роўна застаешся адзін. Хіба што птушкі якія-небудзь прыляцяць, каб скласці кампанію.
Але ўжо, вядома, будуць не сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.