Азбука паліталогіі: Мір, дружба, жуйка, Кітай

Канкурэнцыя вытворцаў у Саюзнай дзяржаве паміж сабой — аналаг канкурэнцыі органаў унутры асобнага арганізма. Уяўляеце, што будзе, калі мозг пачне канкураваць з мачавым пухіром за права прымаць рашэнні?

Ілюстрацыйная выява. Мір, дружба, жуйка па-кітайску

Ілюстрацыйная выява. Мір, дружба, жуйка па-кітайску

Ты яе ў дзверы — яна ў вакно. Пра што гаворка? Пра канкурэнцыю — і добра было б, каб выключна з боку недружалюбных краін. Дык не, хапае яшчэ эканамічных суб’ектаў, якія канкуруюць паміж сабой унутры Саюзнай дзяржавы.
Адпаведны прыклад прывёў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў на круглым стале «Саюзная дзяржава: стратэгія ўзаемадзеяння Расіі і Беларусі» ў рамках XXVI Пецярбуржскага міжнароднага эканамічнага форуму. Паводле яго слоў, нягледзячы на поспехі ў эканамічнай інтэграцыі, двухбаковы гандаль узаемадапаўняльны толькі на 44% — і гэта не вельмі высокі паказчык. Ён азначае, што ў дзвюх краінах — удзельніцах Саюзнай дзяржавы пакуль ёсць дублюючыя вытворчасці.
Калі я правільна зразумеў, усеагульныя выгоды ды дабрабыт пальюцца як з рога багацця, калі ўзровень узаемазамяняльнасці наблізіцца да 100%. Адпаведны вопыт у большасці вышэйшых кіраўнікоў, народжаных у СССР, маецца. Вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Засталася абсалютная дробязь — усталяваць адпаведныя мембраны на памежных пераходах.
Мембрану не варта блытаць з «жалезнай заслонай», якую бальшавікі ўсталявалі ў свой час па знешнім перыметры краіны.
Функцыя мембраны ў жывой клетцы, калі хто забыўся, зводзіцца да аддзялення таго, што ўнутры, ад навакольнага асяроддзя, — і яна не перашкаджае пры гэтым выбарачнаму абмену паміж клеткай і асяроддзем.
У СССР такая выбіральнасць ажыццяўлялася за кошт манаполіі дзяржавы на знешні гандаль. У прыватнасці, яна жорстка кантралявала наменклатуру імпарту — прапускалася толькі тое, што не выраблялася ў краіне ад слова «зусім» або выраблялася ў недастатковай колькасці.

А што мы маем сёння? Крыху статыстыкі, абвешчанай на круглым стале. Калі доля кітайскіх грузавікоў на расійскім рынку да пачатку «павароту на ўсход» складала 9,5%, то пасля павароту яна паднялася да 58%.
Рынак РФ страчваюць не толькі беларускія, але і расійскія вытворцы грузавых аўто. МАЗ знізіў сваю долю з 8,9% да 3,5%, а КамАЗ — з 38% да 17%. Падобная карціна — з трактарамі, аўтобусамі і іншай тэхнікай. Азіяцкая прадукцыя, як правіла, таннейшая.


Ці не здарма расійскі пасол у Кітаі Ігар Маргулаў днямі разважаў пра немагчымасць убіць клін у расійска-кітайскую дружбу, эканамічны складнік якой выявіўся ў росце тавараабароту ў 2022 годзе на 29% і дасягнуў 190 мільярдаў долараў.
Прамежкавы вынік кітайскага варыянту міру, дружбы і жуйкі падвёў на форуме Мікалай Снапкоў: «Ідзе па ўсіх франтах агрэсіўная экспансія. Яны гэта ўмеюць. Але ўсе вы разумееце, што потым цэннік пойдзе ўверх».
Вось і ідзі разбярыся пасля гэтага, дзе праходзіць мяжа паміж дружалюбнымі і недружалюбнымі краінамі. Куды ні кінь вокам — усюды клін канкурэнцыі.

Беларусь — выключэнне з правіла

На жаль, любы прамежкавы стан няўстойлівы. У нашым выпадку выбар невялікі: або поўнае акукліванне, або пошук сваёй нішы ў глабальным свеце.
Перавага першай опцыі — у магчымасці захавання традыцыйных каштоўнасцяў, у аснове якіх ляжыць прынцып нічым не абмежаванай улады першай асобы. Натуральна, нязменнай улады, што не адмяняе самой працэдуры выбараў. Наадварот, маецца на ўвазе іх рэгулярнае правядзенне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Асобныя адхіленні часам здараюцца. Але ў каго іх няма? У ЗША — у гэтым апоры дэмакратыі?! Не смяшыце мае тэпці. «Вы паглядзіце, што робіцца з гэтымі выбарамі. Гэта ж ганьба, здзек з дэмакратыі», (07.12.2020).
Але ў поўнага акуклівання — свой мінус. Хай і не адразу, аднак яно скончыцца тэхнічным адставаннем як ад «недружалюбных», так і «дружалюбных» краін. А як тады Расіі надзімаць імперскія шчокі ды ў чарговы раз спрабаваць пасунуць з дапамогай «Іскандэраў» мяжы «рускага свету»? Гэта праблемка — і нават не праблемка, а аграмадная праблема.
Ад пошуку і ўладкавання сваёй нішы на глабальным рынку праблем не менш, бо любое ўзаемадзеянне на пастаяннай аснове з кім бы там ні было вядзе да залежнасці ад партнёра. Прыгадаем сумны лёс СССР, які падсеў на нафтагазавую іголку. У 1985 годзе цана на нафту абрынулася ў 6,2 разы. І што ў такіх умовах заставалася рабіць кіраўніцтву краіны, якая імпартавала ў той нешчаслівы год 21,4 мільёна тоны пшаніцы (29,5% ад вырабленай самастойна)?
Каму, як не Пуціну, разумець праблему: «Для таго, каб прэтэндаваць на нейкае лідарства, я ўжо не кажу глабальнае лідарства, але хоць бы ў чымсьці, безумоўна, любая краіна, любы народ, любы этнас павінны забяспечыць свой суверэнітэт. Таму што не бывае нейкіх прамежкавых складнікаў, прамежкавага стану. Або краіна з’яўляецца суверэннай, або калоніяй, як бы калоніі не называць».
З гэтага правіла маецца выключэнне — Беларусь. Глыбіня інтэграцыі ўнутры Саюзнай дзяржавы не ўплывае на чатыры складнікі суверэнітэту рэспублікі-партызанкі: ваенна-палітычны, эканамічны, тэхналагічны і грамадскі.
Я не буду вылучаць версіі, чаму стаў магчымы гэты феномен, як не адважваюся і не давяраць галоўнаму спецыялісту ў пытаннях інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Сказана «не ўплывае!» — ну, значыць, не ўплывае. Рукі па швах, пяткі разам.
***Канкурэнцыя вытворцаў у Саюзнай дзяржаве паміж сабой — аналаг канкурэнцыі органаў унутры асобнага арганізма. Уяўляеце, што будзе, калі мозг пачне канкураваць з мачавым пухіром за права прымаць рашэнні?
Але беларусам падобнае не пагражае, бо прынцып дэмакратычнага цэнтралізму, які дастаўся ім у спадчыну ад СССР, заснаваны на абавязковасці рашэнняў вышэйстаячых органаў для ўсіх ніжэйшых.