Карбалевіч: Кітай імкнецца не дапусціць паражэння Расіі ў вайне, але не коштам ядзернай вайны

З 16 па 18 жніўня адбываецца афіцыйны візіт у Беларусь міністра абароны Кітая Лі Шанфу. На фоне міжнароднай ізаляцыі Беларусі падзея нешараговая. Яна выглядае як жэст палітычнай падтрымкі, піша на «Свабодзе» палітолаг Валерый Карбалевіч.

Лі Шанфу. Фота: AFP

Лі Шанфу. Фота: AFP

На тле таго, што ў Менск амаль ніхто ня езьдзіць з больш-менш уплывовых палітыкаў, а Аляксандру Лукашэнку даводзіцца прымаць расейскіх губэрнатараў ці кіраўнікоў Абхазіі альбо ДНР, візыт кітайскага міністра — прыкметная зьява.

Лі Шанфу прыехаў у Менск па дарозе з Масквы. А фармальнай нагодай для візыту ў расейскую сталіцу стаў удзел ва ўжо традыцыйнай XI Маскоўскай канфэрэнцыі ў міжнароднай бясьпецы. Якой бы ні была фармальная нагода, але візыт у сталіцу краіны, якая ваюе, — гэта жэст палітычнай падтрымкі яе.

Паглядзіце, як часта і шмат прыяжджаюць у Кіеў кіраўнікі краінаў «калектыўнага Захаду», каб прадэманстраваць сымбалічную салідарнасьць з Украінай. Так і візыт міністра абароны Кітая ў Маскву і Менск — гэта пэўная палітычная дэманстрацыя.

Нагадаю, што сёлета ў сакавіку расейскую сталіцу наведаў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Што б там ні казалі экспэрты, шукаючы нюансы ў пазыцыі Пэкіна, Кітай у цяперашнім геапалітычным супрацьстаяньні падтрымлівае Расею, хоць і не зьяўляецца саюзнікам РФ. Адзіным саюзьнікам Расеі ў яе вайне супраць Украіны зьяўляецца Беларусь. Таму цяперашні візыт Лі Шанфу ў Менск носіць найперш палітычны характар.

Невыпадкова Лукашэнка падчас сустрэчы з кітайскім міністрам гаварыў больш пра палітычнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. На чым яно грунтуецца? Лукашэнка яго сфармуляваў: «Асноўныя ідэі цяперашняга і будучага пэрспэктыўнага сьветаўладкаваньня Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі супадаюць абсалютна». Калі перакласьці гэта на зразумелую мову, то супадзеньне адбываецца на адмаўленьні заходняй мадэлі разьвіцьця зь яе дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, на антызаходняй геапалітыцы.

І тут, каб дагадзіць суразмоўцу, Лукашэнка кідаецца ў небясьпечную гульню: «Мы абсалютныя прыхільнікі шматпалярнага сьвету, тэрытарыяльнай цэласнасьці і адзінства межаў і тэрыторый, якія склаліся пасьля Другой сусьветнай вайны». Гэта афіцыйная пазыцыя Кітая, якую той адстойвае. Але такой заявай Лукашэнка рызыкуе выклікаць моцнае незадаволеньне Расеі, якая захапіла і далучыла амаль 20% тэрыторыі Ўкраіны.

Аднак гэта фірмовы стыль Лукашэнкі: казаць тое, што павінна спадабацца таму суразмоўцу, зь якім ён размаўляе ў гэты момант. Варта адзначыць, што паміж Беларусьсю і Кітаем існуе даўняе вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Кітайскае войска актыўна выкарыстоўвае беларускія колавыя цягачы. КНР дапамагла Беларусі стварыць ракетны комплекс «Палянэз», калі Расея адмаўляла Менску ў такой дапамозе. (Цяпер гэтая тэма менш актуальная, бо РФ дала Беларусі ракеты «Іскандэр»).


Глядзіце таксама

Усе зьвярнулі ўвагу на міралюбівую рыторыку ў адрас Захаду, найперш Польшчы, якую дэманстраваў Лукашэнка 11 жніўня падчас наведваньня аэрапорту. І экспэрты гадаюць, што б гэта значыла. Трэба нагадаць, што напярэдадні было жорсткае папярэджаньне з боку Польшчы, Літвы і Латвіі аб магчымасьці поўнага перакрыцьця мяжы зь Беларусьсю з прычыны нагнятаньня Менскам напружанасьці ў прымежным рэгіёне (мігранты, «вагнэраўцы»).

Літва з 18 жніўня закрывае два памежныя пераходы. Поўнае перакрыцьцё мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой — гэта ня той падарунак, які хацелі б паднесьці кітайскаму госьцю менскія гаспадары. Бо значная доля транзыту Кітая ў Эўропу праходзіць праз гэтыя межы.

Таму Лукашэнка і спрабаваў неяк улагодзіць сытуацыю. Таксама ня выключана, што кітайскі міністар абароны давядзе да Лукашэнкі, што пагрозы ўжыць ядзерную зброю, якія той пэрыядычна робіць, не даспадобы Пэкіну. Кітай імкнецца не дапусьціць паразы Расеі ў вайне, але ня коштам ядзернай вайны.

Зразумела, беларуская прапагандысцкая машына імкнецца найбольш поўна выкарыстаць візыт міністра абароны Кітаю, каб даказаць, што няма міжнароднай ізаляцыі краіны. Такая ў яе праца.