Ні Дуніна, ні Марцінкевіча. Як Лукашэнка абраў «нацыянальнай ідэяй» канцэпт «рускага свету»

У чацвер, 17 жніўня, рэжым Лукашэнкі здзейсніў чарговы акт змагання з беларушчынай. Паводле замовы адыёзнай пракуратуры «экстрэмісцкімі» прызналі два вершы літаратурнага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тым самым лукашэнкаўцы яшчэ на крок прасунуліся ў бок «рускага свету» — глабальнай ідэі, якую зараз актыўна насаджваюць у грамадстве.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Крыжовы паход супраць беларускай Беларусі

Працэс знішчэння ўсяго нацыянальнага ідзе ў паслявыбарчай Беларусі жвава, з агеньчыкам. Пад улюлюканне прапаганды хлусліва перапісваецца гісторыя. Знішчаюцца культурніцкія асяродкі. Руйнуюцца выдавецтвы, грамадскія ініцыятывы, тэматычныя пляцоўкі. Руйнуецца ўсё, што варушыцца ў напрамку ідэнтычнасці, самасвядомасці, пасіянарнасці.

Хто сочыць за навінамі, той ведае: рэжым фактычна пайшоў у крыжовы паход супраць беларускай Беларусі.

За мову ўжо даўно могуць кінуць за краты. За любую нацыянальную праяву нацкоўваюць беснаватых хунвэйбінаў кшталту сумна вядомай Бондаравай. «Экстрэмізмам» таўруюць песні, кнігі, навуковыя працы. Нядзіўна, што нарэшце дайшлі і да класікаў. Дунін-Марцінкевіч — першы, а за ім ужо выбудавалася чарга — і ў ёй скрозь глыбы са школьнай праграмы. Былі нацыянальным гонарам, сталі патэнцыйнымі злачынцамі.

Навошта Лукашэнка і яго памагатыя ўсё гэта робяць — больш-менш зразумела. У першым набліжэнні гэта барацьба з ідэйнымі ворагамі, са «змагарамі», якія ў 2020-м замахнуліся на «канстытуцыйны лад» і дагэтуль не могуць супакоіцца. Пахаваліся, як кажуць пацешныя генералы, у «спячыя ячэйкі».

Гісторыя, літаратура, іншая творчаць па-беларуску — у вачах рэжыму гэта працяг БЧБ-плыні, таму яе трэба знішчыць. Уласна, тут улада мае рацыю, бо ўсюды, дзе адукаванасць, інтэлект, рэфлексія — усё, што вышэй за першы ўзровень піраміды Маслоу, — там заўсёды бракуе лаяльнасці. У апошнія гады дыктатура вычарпальна паказала сваю сапраўдную, антычалавечую сутнасць — адпаведна, чалавек маральны, крытычны, эрудаваны проста не можа яе свядома падтрымліваць.

Але гэта першае набліжэнне. А ёсць і другое, больш глыбокае і дальнабачнае. Тут барацьба лукашэнкаўцаў супраць беларускасці прарастае ў новую «нацыянальную ідэю». Менавіта так, у двукоссі, бо нацыянальнага там не больш, чым мяса ў савецкай варанай каўбасе.


Глядзіце таксама

Перапрашыўка грамадства

Лукашэнка цудоўна разумее: гвалтам нішчыць усё беларускае — гэта барацьба за захаванне ўлады ў моманце. Гэта біццё па хвастах. Пасадзіш тысячы нацыянальна арыентаваных — на волі застануцца дзясяткі тысяч. Выціснеш за мяжу дзясяткі тысяч — у краіне застануцца мільёны.

Рэпрэсіямі не прымусіш любіць уладу. Максімум — даб’ешся маўчання, загоніш незававоленасць унутр. Гэта не тое, што супакойвае рэжым, які страшна баіцца паўтарэння сітуацыі 2020 года.

Дык што рабіць? Правільна: трэба цалкам перапрашыць грамадства. Перакадаваць калектыўную ментальнасць. Навязаць яму прынцыпова іншы светапогляд, каб сваю дыктатуру беларусы падтрымлівалі шчыра, буз дручка і Крымінальнага кодэкса.

На гэта зараз і скіравана праца дзяржаўнай ідэалагічнай машыны. Праца на далёкую перспектыву, што добра бачна па спробах замбавання дзяцей — у школах і нават дзіцячых садках. Новыя наратывы ў адукацыйных праграмах, апантанае прасоўванне дзяржсімволікі, татальны загон у «піянеры-акцябраты». І як разынка — рэгулярныя візіты разнамасных сілавікоў, якія знаёмяць дзяцей са зброяй, міліцэйскім рыштункам, даюць «пакатацца ў аўтазаку».

Дзецям прамываюць галовы з адзінай мэтай — каб у дарослае жыццё яны ўвайшлі перакананымі лукашыстамі. Нават калі Лукашэнкі пры ўладзе ўжо фізічна не будзе.

Як ён сам казаў неўзабаве пасля сфальсіфікаваных выбараў: упусцілі мы нашу моладзь. Менавіта так: не апрацавалі належным чынам, не нашпігавалі праўладнай хлуснёй — то вось і атрымалі. Адпаведна, тых памылак паўтараць нельга — трэба «распранацца і працаваць», каб наступныя пакаленні шчыра паважалі родную ўладу, ненавідзелі Захад, ведалі на памяць гімн і нічога не ведалі пра гісторыю Беларусі часоў ВКЛ ці, барані бог, БНР.


Глядзіце таксама

Але ёсць тут адна праблема: няма таго, вакол чаго неабходна згуртаваць беларусаў. Вакол самога Лукашэнкі ў парадыгме культа асобы — не, у «асобы» вялікі антырэйтынг, у цэнтры Еўропы гэта не спрацуе, дый і сам правадыр не маладзее, то яшчэ і маўзалей давядзецца будаваць на Кастрычніцкай плошчы.

Вакол незалежнасці? Дык а якая незалежнасць ва ўмовах татальнай залежнасці ад Крамля? Вакол эканомікі, дабрабыту, маленькага чалавечага шчасця? Ну, які тут дабрабыт — хіба не бачаць беларусы, як жывуць у суседніх краінах і як падае курс рубля? Увогуле дактрына так званай стабільнасці не спрацавала, бо інакш не было б падзей 2020-га.

Няма той ідэі, якая б аб’ядноўвала насельніцтва вакол веры ў абранасць рэжыму і фармавала б у людзей прадзяржаўніцкія настроі.

Але вось, здаецца, тая ідэя знайшлася і спакваля пачынае сябе праяўляць.

Чаму Лукашэнка зайдросціць Пуціну?

Пра нацыянальную ідэю ў Лукашэнкі часам пытаюцца прапагандысты, зрэдку ён разважае пра яе сам, але ўцямных фармулёвак на гэты гэты конт ад галоўнага беларускага «мысліцеля» не чуваць.

Чарговае «ні аб чым» па тэме ён прамовіў летась у кастрычніку: «Нацыянальная ідэя — гэта тое кароткае, кампактнае, што цябе павінна захапіць адразу. Вось глянуў, рот раскрыў — і дыхаць не можаш. Можа, я памыляюся. Гэта мой пункт гледжання. Але я пакуль такой ідэі не бачу».

Глупства, вядома, ну якое «дыхаць не можаш»… Але адметнасць тых разваг у іншым: яны адбыліся неўзабаве пасля прыезду да Лукашэнкі адыёзнага ідэолага «рускага свету», адэпта рускага шавінізму, званага філосафа Аляксандра Дугіна. На той сустрэчы два «мудрацы» таксама нешта плявузгалі наконт нацыянальнай ідэі.

Дык вось, выглядае, менавіта «рускі свет» і ўзяў на ўзбраенне лукашэнкаўскі рэжым у якасці таго, что «павінна захапіць адразу».


Дугін і Лукашэнка. Фота прэс-службы Лукашэнкі

Дугін і Лукашэнка. Фота прэс-службы Лукашэнкі

Пры гэтым ніякага дактрынавання, навуковага абгрунтавання, чаму гэта патрэбна беларусам, няма і не будзе. Па-першае, таму, што там зашмат аксюмаранаў, якія немагчыма ўкласці ў адну тэорыю. Чаго толькі каштуе «айчына ад Брэста на Уладзівастока» пры тым, што ў Мінску любяць разважаць і пра дзяржаўную незалежнасць. Па-другое, адкрыта падымаць на сцяг ідэю «рускага свету» небяспечна — ці мала што падумаюць у Маскве, дый грамадства лепш пакуль не напружваць.

А ўвогуле дэкларатыўнасць і непатрэбная. Задачы ў Лукашэнкі тут не тэарэтычныя, а абсалютна практычныя. «Рускі свет», паводле ягонага пераканання, гэта добры базіс, на якім можна ўзгадаваць лаяльнасць насельніцтва.

Калі ў Беларусі здарыўся 2020 год, не абрынуцца дыктатару дапамагла Масква. Асабіста Пуцін, які заявіў пра падтрымку «малодшага брата» і аказаў яму разнастайную дапамогу — фінансавую, прапагандысцкую і, не выключана, нават сілавую.

Лукашэнка тады зайдросціў Пуціну. Зайдросціў, бо ў Расіі грамадства іншае, лагоднае, яно сапраўды падтрымлівае свайго прэзідэнта. Рэальны пуцінскі рэйтынг у раёне 65-70% — гэта не намаляваная Ярмошынай «народная любоў». А чаму так? Ды менавіта таму, што ў РФ ёсць нацыянальная ідэя. Імперская веліч, уставанне з кален, асобны шлях, унікальная духоўнасць, богаабранасць — вось увесь гэты вінегрэт, з чаго і складаецца «рускі свет».

Лукашэнка бачыць, як удала гэтая канцэпцыя авалодала шматмільённымі расійскімі масамі. Нават вайна не пахіснула веру «у цара і айчыну». Нават кепская эканоміка і татальная, непрыхаваная, амаль дэманстратыўная карупцыя не ў стане раскрыць вочы расійцам. Сядзяць сабе вечарамі перад сваімі тэлевізарамі, глядзяць Салаўёва і Скабееву, напаўняюцца нацыянальнай гордасцю за родную дзяржаву. І хваляць, канечне, Уладзіміра Уладзіміравіча.

Лукашэнка таксама так хоча. Хоча, каб яго хвалілі шчыра, а не пад пагрозай турмы. Каб выбары больш не трэба было так яўна фальсіфікаваць. Каб беларусы глядзелі ТБ і адцураліся ад незалежных медыя без усялякіх «экстрэмізмаў». Ён хоча, каб было як у Пуціна.

А што для гэтага трэба зрабіць? Трэба максімальна прыпадобіць беларусаў да расійцаў. Наўпрост кажучы, прамыць ім мазгі роўна тым жа настоем, якім карыстаюцца крамлёўскія ідэолагі.


Ілюстрацыя antimif.com

Ілюстрацыя antimif.com

Бо «рускі свет» жа прыцягальны, лічыць глыбок савецкі чалавек па прозвішчы Лукашэнка. І мінулае ў нашых народаў шмат у чым агульнае. І менталітэт падобны. І стаўленне да Расіі ў беларусаў дагэтуль больш-менш станоўчае.

То вось яна, «нацыянальная ідэя». Абалваніць беларусаў да поўнага падабенства з расійцамі, загнаць ім у падкорку паболей маскоўскіх наратываў, канчаткова пераўтварыць Беларусь у Беларусію. Вось тады, упэўнены Лукашэнка, людзі зноў будуць мяне любіць і ніякія заходнія лялькаводы не выведуць іх на вуліцы пратэставаць.

Такая мэта зараз у рэжыма, і яна апраўдвае любыя сродкі. Калі дзеля дасягнення гэтай мэты спатрэбіцца цалкам знішчыць усялякую беларускасць, то, як кажуць, у руцэ не здрыганецца пісталет. Патронаў, як некалі ў Пішчалаўскім замку, хопіць не толькі на Дуніна-Марцінкевіча, а і на іншых літаратурных класікаў.