Карбалевіч: Ні пра якія перамовы гаворкі яшчэ няма, але Лукашэнка ўжо забіў там сабе месца

Інтэрв'ю Лукашэнкі ўкраінскай прапагандыстцы разбірае палітолаг Валерый Карбалевіч. На яго думку, асноўны лейтматыў Лукашэнкі ў ім — персанальная крыўда на Уладзіміра Зяленскага. За тое, што былы шоумен абскакаў «вопытнага палітыка» па ўсіх параметрах.

Фота з sharij.net

Фота з sharij.net

17 жніўня было апублікаванае інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі Дзіяне Панчанцы — былой украінскай журналістцы, якая пераехала ў Расію. Нічога прынцыпова новага Лукашэнка не сказаў, — піша Валер Карбалевіч на sn-plus.com. — Па сутнасці, ён паўтарыў усе свае ранейшыя наратывы аб віне Украіны і Захаду ў развязванні цяперашняй вайны, апраўданні Расіі, заклікаў украінскае кіраўніцтва да перамоваў.

Новым была хіба што пагроза ўжыць ядзерную зброю супраць Украіны. «Супраць Украіны, калі яна зробіць агрэсію супраць нас, — і не толькі ядзерная зброя (будзе ўжытая. – Заўв. БелТА). У нас сёе-тое ёсць, акрамя ядзернай зброі. І мы не будзем вас папярэджваць, што калі вы пяройдзеце чырвоныя лініі, то мы па цэнтрах прыняцця рашэнняў нанясем удар».

Хіба што можна адзначыць некаторыя цікаўныя акцэнты, якія прагучалі ў інтэрв'ю.

Падалося, што Лукашэнка дэманстраваў некалькі большую ўпэўненасць у перамозе Расіі, чым раней. Ён больш настырна палохаў Украіну, заклікаючы яе да перамоваў: «Цяпер Расія перамеле вас там. Жывую сілу і тэхніку... Расія перабудавалася. У Расіі сёння на фронце найноўшая зброя. Ужо беспілотнікаў хапае. Ужо зусім іншая армія. І самае небяспечнае — яны маюць 250 тыс. добраахвотніцкі корпус... Моцы Расеі хопіць. І ніякі Захад вам у гэтых варунках не дапаможа».

Мабыць, на Лукашэнку вялікае ўражанне зрабіў ход баявых дзеянняў на расійска-ўкраінскім фронце гэтым летам.

Прычым, кажучы пра перамовы, Лукашэнка не хаваў, што гаворка павінна ісці менавіта пра капітуляцыю Украіны, бо Масква ні на якія саступкі не гатовая: «Вядома, Расія ніколі ў жыцці не пойдзе на тое, каб, як вы кажаце, вярнуць Крым. Гэтага не будзе. Я пакуль сумняваюся, што і тут – на Усходзе – можна пра нешта дамовіцца».

Некалькі разоў Лукашэнка падчас інтэрв'ю звяртаўся да асобы Уладзіміра Зяленскага. І кожны раз адгукаўся пра яго грэбліва:

«І на неспрактыкаванага абсалютна не палітыка, чалавека, чужога гэтай палітыцы, — на Валодзю Зяленскага гэта ўсё звалілася... Ты ўзваліў на свае плечы — цягні. Не па Сеньцы шапка!... Дарма ён сабе прыпісвае гэты подзвіг, якога там не было... Зяленскі твой сядзеў у гэты час у склепе…

Вельмі многія людзі пачынаюць рэальна даваць ацэнку Зяленскаму... І далёка не факт, што Зяленскі выйграе гэтыя выбары, хоць вы яму там кляпаеце 90% рэйтынгу. Глупства поўнае. Скажу вам, калі выбары пройдуць найбліжэйшым часам, хтосьці з вайскоўцаў (пераможа. — заўв. БелТА)…

Украіна — гэта не Зяленскі, а Зяленскі — гэта не Украіна. Ну слухайце, ён — «герой». Ён у маечцы раз'язджае па ўсім свеце з трызубцам і дэманструе свой гераізм. А яны ўмеюць падхвальваць на Захадзе... “Ах, Зяленскі! Ах, герой!” Ты герой іх рамана, але не ўкраінскага народа».

Тут відавочна праглядаецца нешта вельмі асабістае ў дачыненні да кіраўніка Украіны. Няўзброеным вокам бачны комплекс, а папросту зайздрасць. Малады, неспрактыкаваны ў палітыцы чалавек, якога Лукашэнка спрабаваў вучыць правільным палітычным паводзінам, у крытычны момант, хвіліну ваеннай небяспекі апынуўся героем, сапраўдным нацыянальным лідарам.

Ён атрымаў рэйтынг 90%, які Лукашэнка не сніўся нават у ягоныя найлепшыя гады. Плюс міжнароднае прызнанне — Зяленскі стаў самым папулярным палітыкам у свеце. І гэта ў момант, калі сам Лукашэнка, які лічыць сябе патрыярхам сусветнай палітыкі, аказаўся ў глухой міжнароднай ізаляцыі, у сітуацыі ізгоя. Крыўдна да глыбіні душы. І гэтая крыўда проста працяла ўсё інтэрв'ю.

І апошняе. Было б дзіўна, калі б Лукашэнка цягам усяго абмеркавання сітуацыі ва Украіне і вакол яе не бачыў сябе ў цэнтры. З яго аповеду мы даведаліся, што, аказваецца, ён падрыхтаваў для суседняй краіны добрую Канстытуцыю, і калі б украінцы яе прынялі, то сёння жылі б у шакаладзе. Але яны, дурныя, адмовіліся ад такога падарунка, і ад гэтага пайшлі ўсе ўкраінскія беды.

Калі абмяркоўвалася выкананне Мінскіх пагадненняў, лёс Данбаса, і тут Лукашэнка кінуўся ратаваць Украіну: «Я ім прапанаваў: я правяду там выбары». Тут трэба адразу некалькі клічнікаў. Бо сёння ўвесь свет ведае, як Лукашэнка праводзіць выбары. Але гэта не анекдот. Насамрэч ён збіраўся правесці выбары на Данбасе.

І вядома, Лукашэнка прадэманстраваў гатоўнасць да міратворчасці, спынення вайны. Ён упэўнены, што Беларусь «абавязаная, павінна быць уцягнутая ў перамоўны працэс». Ні пра якія перамовы яшчэ гаворкі няма, але Лукашэнка ўжо забіў там сабе месца.