Пекін дае Лукашэнку другі шанец, але ці здолее беларускі кіраўнік ім скарыстацца?
Лукашэнка другі раз за 2023 год пабываў у Кітаі — часцей ён ездзіць толькі ў Расію. Праўда, больш яго нідзе не прымаюць, але тым не менш. Візіт выглядаў на спантанны: Лукашэнка вылецеў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, дзе браў удзел у саміце па клімаце.
Лукашэнка перапыніў візіт у ААЭ, каб сустрэцца з Сі Цзіньпінам, уручыць падарункі і схадзіць у ВНУ, дзе вясной на практыцы быў яго сын Мікалай, і нават пагуляць у хакей. А пасля ён вярнуўся ў ААЭ. Цікава, што 4 снежня стала вядома аб хуткім візіце ў Эміраты Уладзіміра Пуціна.
Дык чаму і навошта Лукашэнка так тэрмінова лётаў у Кітай? «DW» запыталася ў экспертаў.
«Сі пагадзіўся на сустрэчу, Лукашэнка ўсё кінуў і паляцеў»
Кідаецца ў вочы некалькі дэталяў. Палёт Лукашэнкі з ААЭ ў Кітай і назад выглядае як спантаннае дзеянне. «Візіт раптоўны, беларускія ўлады не хавалі гэтую акалічнасць, ды і сам Лукашэнка дзякаваў Сі Цзіньпіну за аператыўнасць», — удакладняе беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.
На яго думку, мадэль адносін Кітая з Беларуссю разбураецца: РБ была цікавая і важная як лагістычны хаб, праз які яшчэ ў 2019 годзе ішло 80-90% кітайскага транзіту ў ЕС, а ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» кітайскія кампаніі павінны былі вырабляць прадукцыю для Еўропы. «Але для гэтага адносіны з ЕС павінны быць добрымі. А ў рэальнасці транзіт кітайскіх грузаў скараціўся больш, чым напалову. Беларусь страціла транзітны статус, які быў асновай беларуска-кітайскай дружбы», — лічыць Карбалевіч.
З такой ацэнкай згодная палітолаг і эксперт па міжнародных адносінах Роза Турарбекава:«Тое, што Лукашэнка не быў запрошаны на саміт «Адзін пояс — адзін шлях» у кастрычніку гэтага года, выклікала пытанне, што не так у адносінах Мінска і Пекіна. Думаю, Пекін незадаволены сітуацыяй на мяжы. Магчыма, Лукашэнка абяцаў яе палепшыць, але ў жніўні стала пытанне поўнай ізаляцыі. Гэта значыць, калі ён вясной здзяйсняў візіт у Пекін (28 лютага — 2 сакавіка) усё было нармальна, потым сітуацыя пагоршылася і запрашэнне на форум у Пекін ён не атрымаў».
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што Лукашэнка прасіў асабістай сустрэчы з кіраўніком КНР. І атрымаў згоду на яе, калі быў у ААЭ. «Сі нечакана даў згоду, і Лукашэнка ўсё кінуў і паляцеў. Праўда, я з цяжкасцю ўяўляю, як сёння гэтыя праблемы можна развязаць», — удакладняе Валерый Карбалевіч.
«Візіт незапланаваны, пра гэта сведчыць і рэакцыя кітайскай афіцыйнай прэсы. Я адкрыла сёння (5 снежня) сайт агенцтва «Сіньхуа», там адзін радок пра візіт і дзве фатаграфіі. Кітайскія медыя не атрымалі матэрыялу, каб асвятліць гэта належным чынам», — прыводзіць прыклад Роза Турарбекава.
Кітай даў Лукашэнку другі шанец
Вынікі візіту Роза Турарбекава называе хутчэй станоўчымі для Лукашэнкі: «Думаю, яму даюць другі шанец стабілізаваць і выправіць сітуацыю, выканаць умовы, якія прагучалі, хутчэй за ўсё, яшчэ вясной 2023 года. Думаю, яны простыя — забяспечыць бяспечнае транзітнае перамяшчэнне праз Беларусь. Выраўняць адносіны з ЕС, каб не было пагроз для кітайскага транзіту, экспарту і гэтак далей. Хутчэй за ўсё, ён гэта паабяцаў. Але паглядзім на вынік».
Ці могуць патрабаванні Кітая падштурхнуць Лукашэнку на паляпшэнне стасункаў з ЕС, складана сказаць: «Усё можа быць, але наколькі заходнія партнёры гатовы да такой размовы. Адсюль пытанне: які ўзровень бяспекі неабходны Пекіну, каб пераканацца, што Лукашэнка выконвае свае абавязацельствы? Не магу адказаць. Напэўна, для Пекіна важна, каб грузы праз Беларусь ішлі бесперапынна, не было транспартнай ізаляцыі ці яе пагрозы. Па-другое, каб у Мінску прадстаўніцтвы краін ЕС павышаліся да ўзроўню паслоў».
Чаму ж Лукашэнка так зацікаўлены ў Кітаі? «Ён хоча дыверсіфікаваць эканоміку. Яму патрэбны Кітай, ён шукае процівагу Расіі, каб давесці, у тым ліку, свайму асяроддзю, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць замежная палітыка», — мяркуе Роза Турарбекава.
Беларусь для Кітая цяпер не прыярытэт
«Безумоўна, «Вялікі камень» разглядалі для развіцця вытворчасці, паставак у ЕС, а краіну — як лагістычны хаб. Цяпер гэтыя перспектывы сышлі, каштоўнасць Беларусі для КНР з пункту гледжання лагістыкі страчана, — кажа эканамістка, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна. — І ўсё ж нельга сказаць, што ўсё спынілася. У «Вялікі камень» былі прыняты новыя рэзідэнты. Беларускія чыноўнікі спрабуюць вывесці эканоміку з крызісу, і намаганні даюць свой плён, асабліва з тымі краінамі, якія могуць супрацоўнічаць з дзяржавамі, што знаходзяцца пад санкцыямі. У тым ліку гэта Кітай».
У плане знешняга гандлю Кітай цяпер з'яўляецца для Беларусі другой краінай па ўзроўні тавараабароту. «За студзень-жнівень 2023 года агульны знешні тавараабарот РБ — большы за 54 млрд долараў, пры гэтым тавараабарот з Кітаем — 5,8 млрд, каля 12-13%. Не магу сказаць, што гэта шмат для другой па значнасці краіны, — тлумачыць Анастасія Лузгіна. — Раней процівагу Расіі складалі ЕС і Украіна, і гэта была іншая сітуацыя».
Цікавасць з боку Беларусі, вядома, большая, згаджаецца эканамістка. Кітай без Беларусі спакойна пражыве. «Але ўсё ж зацікаўленасць засталася. Той жа калій, ён будзе патрэбны і ў наступным годзе. Тавары накшталт сухога малака, — удакладняе Анастасія Лузгіна. — Дый у Беларусі хай невялікі, па кітайскіх мерках, але рынак ёсць. Напрыклад, і Расія, і Беларусь пераходзяць на кітайскія аўтамабілі. Калі глядзець на тавараабарот, то расце імпарт у Беларусь машын і абсталявання, і можна меркаваць, што значная частка пастаўляецца з Кітая».
І ўсё ж Беларусь цяпер мацней за ўсё залежыць ад РФ, нагадвае эканамістка. Паводле яе слоў, Кітай — важны партнёр, але беларуская эканоміка зрошчваецца з расійскай, таму ўлады будуць, перш за ўсё, улічваць інтарэсы РФ, калі казаць пра палітычныя рашэнні, такія, як наладжванне адносін з Захадам.