Чаму беларусаў затрымліваюць «пры вяртанні з-за мяжы». Яшчэ адна прычына
Пратэсна настроеныя беларусы заўжды балюча ўспрымаюць інфармацыю пра затрыманні суайчыннікаў, якія нібыта едуць на радзіму з-за мяжы. Але прынамсі частка такіх кейсаў можа грунтавацца зусім не на ірацыянальнай празе вярнуцца дадому насуперак усім рызыкам.
Паводле звестак «Вясны», у 2022 годзе і на пачатку 2023-га ў Беларусі затрымалі не менш як 58 чалавек, якія вярталіся на радзіму з-за мяжы. Адзін з вядомых выпадкаў — зняволенне Іллі Вайцяховіча, якога схапілі пры ўездзе з Латвіі летась у студзені. Мужчына спяшаўся на пахаванне бацькі, але апынуўся за кратамі, пазней быў асуджаны на два гады калоніі паводле «народнага» 342-га артыкула.
Улетку бягучага года «Настоящее время» распавяло пра выпадак былога міліцыянта, ІТ-супрацоўніка Яўгена Ціханава. Эміграваў, жыў за мяжой, працаваў, але вось вырашыў прыехаць на дзень нараджэння маці і быў затрыманы. Тры крымінальныя артыкулы за каментары, пра прысуд не паведамлялася.
Зразумела, што праваабаронцам вядома толькі частка такіх гісторый. Насамрэч лік ім можа ісці не на дзясяткі, а на сотні. Таму так лёгка далучыцца да агульнага наратыву публічных асоб з эміграцыі: ні ў якім разе не трэба ехаць у Беларусь, калі ў 2020-м і пасля 2020-га вы неяк праяўлялі сваю незадаволенасць лукашэнкаўскім рэжымам. Як бы ні было цяжка за мяжой — у турэмнай камеры шматкроць цяжэй. Рызыкі занадта вялікія, каб гуляцца ў гэтую «беларускую рулетку».
Прапаганда тут грае паводле сваёй партытуры. Жыццё эмігрантаў дзяржаўныя медыя прадстаўляюць невыносным, пакутлівым, неўладкаваным. Не тое што ў роднай Беларусі, куды лепш прыпаўзці, пакаяцца, панесці «заслужанае» пакаранне і жыць далей пасярод суцэльнага квітнення. Для прапагандыстаў кожны кейс пра вяртанне — так бы мовіць, творчая ўдача. У прамым сэнсе — жывое пацвярджэнне таго, што за мяжой беларусы нікому не патрэбныя і з’яўляюцца там людзьмі другога гатунку. Тым больш, што пры наяўных сродках запалохвання і ціску атрымаць «пакаяльнае» відэа з патрэбным зместам не так і складана.
Вядома, што «пакаянням» з камеры СІЗА на камеру ТБ веры няма. Але, падаецца, што і ўвогуле пра матывы наведвання Беларусі эмігрантамі мы ведаем не ўсё.
Практыка і дачыненні з суайчыннікамі паказваюць, што досыць часта затрыманне пры вяртанні — гэта не траплянне ў пастку, якая чакае нядобранадзейнага беларуса ледзь не з моманту яго выезду. Справа ў тым, што гэты беларус рэгулярна ездзіць дадому — раз, другі, трэці — і бяда з ім здараецца пры чарговай спробе, калі здаецца, што небяспекі няма і быць не можа.
Не так даўно кампетэнтныя органы Літвы заявілі, што 80% беларусаў у краіне — эканамічныя мігранты, а не палітычныя. У значнай ступені гэта тычыцца і Польшчы. Дастаткова пачытаць эмігранцкія чаты ў любой з папулярных для беларусаў краін, каб убачыць, што падарожнічаюць на радзіму нашы суайчыннікі даволі часта. Ездзяць на выходныя, каб пабачыцца са сваякамі. На святы, каб сустрэць іх у звыклай кампаніі. Ездзяць вырашаць бюракратычныя пытанні, банкаўскія, маёмасныя. Пішуць у суполках: можа, камусьці штосьці трэба перадаць, то звяртайцеся.
Рызыкі, канешне, узважваюць, але разважаюць прыкладна так: у пратэстах удзельнічаў, але не засвяціўся; нешта каментаваў, але даўно і не злосна; верагоднасць затрымання — блізкая да нуля. То чаму б не паехаць? Вунь жа сябар ездзіць, а ён таксама ў 2020-м выходзіў і нават на «сутках» пасядзеў. І нічога.
Важна разумець, што паміж эканамічнай і палітычнай міграцыяй розніца часта бывае сімвалічнай. Апытанні паказваюць, што больш за 90% беларусаў замежжа, мякка кажучы, не любяць Лукашэнку і хацелі б жыць у дэмакратычнай краіне. Пры гэтым не ўсе з гэтай падаўляльнай большасці праяўлялі пратэсную актыўнасць пасля выбараў 2020-га. Але для лукашэнкаўскіх сілавікоў яны ўсе на адзін твар. Жывеш, працуеш за мяжой, не хочаш быць нашай «кармавой базай» з заробкам «па 500», значыць, вораг. Трэба пашукаць у тваім тэлефоне лічбавыя сляды. Да ўсіх чэпкія рукі не дацягваюцца, бо надта вялікія плыні. Але некаторыя пад раздачу трапляюць.
У гэтым разрэзе затрыманні «вяртанцаў» выглядаюць зусім інакш, чым іх малююць прапагандысты. Беларусы за мяжой, хаця, канешне, і сумуюць па радзіме, але не галадаюць у становішчы людзей другога гатунку. Пры дастатковай кемлівасці, актыўнасці і адукаванасці (а большасць эмігрантаў менавіта такія) уладкавацца на прыстойную працу ў краінах Еўрасаюза не так і складана. Добрыя працаўнікі ўсюды патрэбныя. А потым яны ездзяць на радзіму, лічачы верагоднасць затрымання невялікай у выпадку дбайнага выканання правіл лічбавай гігіены. І многія паспяхова вяртаюцца потым у тыя ж Літву і Польшчу. Айцішнікі, кіроўцы, прадпрымальнікі, зваршчыкі і людзі іншых прафесій.
Вядома, ёсць сярод эмігрантаў і тыя, хто сапраўды не знайшоў сябе ў замежжы. І каго туга па Беларусі рэальна заела так, што адэкватна ацэньваць рызыкі моцы не засталося. І ўсё ж, выглядае, што паспяховых беларусаў у ЕС зараз нашмат больш. Таму людзі з Беларусі працягваюць актыўна з’язджаць, паглыбляючы дэмаграфічныя і эканамічныя праблемы лукашэнкаўскай Беларусі. Таму і не працуе толкам распіяраная пракурорская камісія па вяртанні, якая рыхтавалася масава «дараваць» «аблудным» беларусам, якія ў 2020-м «паддаліся эмацыйнаму парыву» і памылкова выступілі супраць самай лепшай у свеце ўлады.
Выбарачна хапаць суайчыннікаў пры чарговым наведванні імі радзімы — такі сабе спосаб барацьбы супраць эміграцыі і іншадумства. Усё, што ў ім ёсць, гэта звычайная помста. Працэсам сыходу з квітнеючага лукашызму такія методыкі толькі спрыяюць.