«Фашызм у Беларусі бутафорскі, як усё, што будуе ўлада. Але нават бутафорскі фашызм — брыдота»

«Мне здаецца, вельмі важна прынесці мір, дапамогу гэтым людзям, здароўе, харчаванне, культуру», — сказаў кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў пасля афрыканскага турнэ Лукашэнкі. Беларуская прапаганда вырашыла прымерыць на сябе «цяжар белага чалавека». І ёй гэта вельмі спадабалася.

scale_1200_77.png

Нясі жа цяжар Белых —

Не гніся прад людзьмі,

А крыкі пра свабоду —

То слабасць, чорт вазьмі.

Р. Кіплінг

Цяжар белых

Лукашэнка правёў паўтара дні ў Экватарыяльнай Гвінеі і тры гадзіны ў Кеніі. Паабяцаў трактары, ежу і самыя перадавыя беларускія тэхналогіі. І ўсё. Беларускай прапагандзе гэтага ўжо хапіла, каб пачаць будаваць у сваім уяўленні ўласную каланіяльную імперыю.

Вось ужо кіраўнік «Белай Русі» вырашыў, што ён можа прынесці ў Афрыку культуру і харчаванне. Ну ясная справа. Без «Белай Русі» ў Афрыцы не было ні культуры, ні харчавання. Прынамсі, культуры харчавання дык дакладна не было.

Кіплінг прыдумаў канцэпцыю «цяжару белага чалавека», каб апраўдаць каланіяльную палітыку Брытанскай імперыі. Але Брытанская імперыя за сваю каланіяльную імперыю, прынамсі, плаціла крывёю. А новыя беларускія белыя спадары хочуць для сябе каланізатарскіх даброт дарма. «Алмазы, нафта, рэдказямельныя металы» ў абмен на паблажлівае паляпванне па плячы малодшых афрыканскіх братоў. Так, каб несці культуру сваёй вышэйшай расы, не выязджаючы за межы Мінскай кальцавой.

Таму што адэпты беларускай стабільнасці сябе лічаць, вядома, прадстаўнікамі вышэйшай расы. Ніякіх практычных падстаў для гэтага няма. Але калі гэта адсутнасць практычных падстаў перашкаджала ўяўляць сябе вялікім белым гаспадаром? Тут жа галоўнае — не падставы. Галоўнае — сіла ўяўлення і адсутнасць знешніх абмежавальнікаў для нястрымнага палёту фантазіі.

Нардычная раса

«Так дзейнічае з паўднёвай медузападобнай расхлябанай брыдотай паўночная нардычная далонь», — казаў прапагандыст Рыгор Азаронак.

Азаронак сказаў гэтыя словы зусім з іншай нагоды. Я нават і не памятаю ўжо, з якой нагоды ён іх казаў. Падстава ўсё роўна не мае значэння. Проста Азаронак і Раманаў кажуць услых тое, што іншыя пакуль саромеюцца сказаць. Ці, хутчэй, проста не ўмеюць выразна сфармуляваць свае думкі. Таму што чаго ўжо цяпер саромецца, пасля ўсяго, што паміж намі было?

Беларускі фашызм, у адрозненне ад сапраўднага фашызму, пачынаўся не з ідэі — з ідэямі ў беларускай улады заўсёды было дрэнна, а са знешніх атрыбутаў. З чорнай формы АМАПа і мілай манеры губазікаўцаў саміх сябе называць «Гестапа». Працягнуўся генацыдам беларускага народа.

Прайшло нейкіх пару гадоў, і памочнік Лукашэнкі ўжо будуе ў Беларусі карпаратыўную дзяржаву. Кіраўнік прэзідэнцкай партыі «Белая Русь» гатовы несці святло сваёй цывілізацыі адсталым афрыканскім народам. А беларускія прапагандысты ўяўляюць сябе прадстаўнікамі вышэйшай нардычнай расы.

Ва ўяўнай прасторы беларускага тэлевізара беларуская ўлада даўно ўжо пабудавала сваю ўяўную імперыю. Не шкадуючы дзеля гэтага ўяўных боегаловак на галовы ўяўнага калектыўнага Захаду. У гэтай уяўнай імперыі Лукашэнка «як правадыр вольнага племені» струменіць ласку на галовы ўкленчаных малодшых братоў.

Праўда, рэальнасць ніяк не хоча падпарадкоўвацца ўяўленню. У рэальнасці даводзіцца жабраваць то ў Расіі, то ў Кітаі, шукаць ласкі перад афрыканскімі прэзідэнтамі. А развагі аб вышэйшай расе зарэзерваваць для выключна ўнутранага карыстання.

Таму што нават фашызм у Беларусі такі ж бутафорскі, як амаль усё, што будуе беларуская ўлада. Як росквіт і стабільнасць. Што ані разу не адмяняе яго разбуральнай сутнасці. Нават бутафорскі фашызм — брыдота перад тварам Госпада.

Паводле Plan B.