Як беларускія ўлады пайшлі па далёкай дузе

Каб выратаваць гіганта думкі і бацьку суверэннай беларускай дэмакратыі, патрэбныя грошы. А дзе іх здабыць? Пра хаджэнне па пакутах і далёкую дугу разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belavia__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__1_logo.jpg

Даруй, вырашыў табе сёння сказаць пра сумнае. Учора чыгуначныя экстрэмісты, якіх нельга называць, напісалі пра поспехі беларускай лагістыкі. Дык я цяпер трошкі лепш разумею, чаму беларускія ўлады пайшлі са сваім знешнім гандлем па далёкай дузе.

Не проста ж так пайшлі. Пабеглі і нават падскоквалі. Прычым адразу ва ўсе бакі. У Афрыку пабеглі, у Іран, у Лацінскую Амерыку. Па ўсіх ідэйна дружалюбных краінах, каб яны купілі хоць штосьці беларускае. З ідэйна блізкімі краінамі далёкай дугі, праўда, лепш атрымліваецца казаць пра сяброўства і агульныя геапалітычныя інтарэсы. Ну там, напрыклад, як змагацца з каланіялізмам, або як зрынаць аднапалярны свет. А гандляваць атрымліваецца горш. З брацкай Кубай за мінулы год нагандлявалі на 4 мільёны долараў, а з усёй Афрыкай — на 200 мільёнаў.

Ну гэта значыць з вербальнымі інтэрвенцыямі на далёкай дузе ўсё добра, а з гандлем трошкі не вельмі. Таму што ні 4, ні 200 мільёнаў, — гэта вядома не тыя грошы, якія могуць выратаваць гіганта думкі і бацьку суверэннай дэмакратыі.

Глядзіце таксама

А грошы трэба. Таму што брацкая Расія вельмі небескарысліва раскрыла для малодшанькага свае лагістычныя абдымкі. Там кожныя з абдымкаў палічылі па спецыяльным тарыфе. А чаго б ім не палічыць? Малодшанькаму з яго альтэрнатыўнай шматвектарнасцю вазіць свае тавары ўсё роўна больш няма куды. Ці ў Расію ці па Расіі.

Так цана на перавозку беларускіх тавараў па Расіі ў краіны далёкай дугі вырасла ў два з паловай разы ў параўнанні са старымі часамі. Калі беларуская шматвектарнасць яшчэ не была такой альтэрнатыўнай.

Раней, калі цэны былі высокія, гэта можна было сабе трываць. Таму што кошт перавозкі кампенсаваўся высокай цаной. А цяпер жа гэта ўжо не акупляецца. Таму што цэны ўпалі. Беларускі калій патаннеў у параўнанні з мінулым годам у тры з паловай разы. І цяпер даводзіцца значна больш калію і трактароў трэба прадаваць, каб мець капейчыну на сваю стабільнасць.

Глядзіце таксама

А дзе ты іх будзеш прадаваць? Расія — не гумавая. Усе беларускія тавары ў яе не ўлезуць. Так давялося пайсці па далёкай дузе. І не проста так, а з рэвізіяй адносін. Таму што гандлёва-эканамічныя адносіны з ідэйна блізкімі краінамі далёкай дузе маюць такую самабытную спецыфіку, пры якой без рэгулярнай рэвізіі не абысціся.

Яно, праўда, ад рэвізій бывае мала карысці. Колькі ты ні рэвізуй, а спецыфіка дзе была, там і засталася. Такія ўжо на ідэйна сяброўскай далёкай дузе суверэнныя традыцыі, што кожны чалавек — гаспадар свайго слова. Захацеў даў, захацеў — забраў назад. І ўсе перавагі гандлёва-эканамічных пагадненняў акупляюцца неабавязковасцю іх выканання.

Але нешта ж усё роўна трэба рабіць. У сэнсе хоць што-небудзь трэба ж рабіць! Інакш увесь гандлёвы цуд можа раптоўна скончыцца. А разам з ім і стабільнасць пацерпіць.


Глядзіце таксама

P. S. Як той пацук, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.