У Расіі прапанавалі правесці сваё «Еўрабачанне» і ўласны «Оскар»
Расійскае «Еўрабачанне» будзе называцца «Інтэрбачанне». Так называўся конкурс эстраднай песні ў краінах сацблока. Ці далучыцца да яго Беларусь?
Улады Расіі прапанавалі правесці музычны конкурс «Інтэрбачанне», абвясціла міністр культуры РФ Вольга Любімава, выступаючы на IX Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме. Пра гэта піша расійская «Медуза» са спасылкай на «Інтэрфакс».
Расійскія ўлады, па словах Любімавай, «у мэтах прасоўвання разнастайнасці культур у шматпалярным свеце» прапануюць акрамя музычнага конкурсу стварыць Еўразійскі кінафестываль і кінапрэмію.
Генеральны дырэктар Першага канала Канстанцін Эрнст паведаміў, што конкурс «Інтэрбачанне» прапануецца правесці ў 2024 годзе.
«У гэтым конкурсе не будзе ніякіх палітычных абмежаванняў і ўплываў, гэта свабодная трыбуна, на якой усе краіны могуць прадстаўляць узоры сваёй папулярнай музыкі. Мы разлічваем на актыўны ўдзел краін БРІКС і прапануем усім іншым краінам далучыцца да гэтай ініцыятывы», — сказаў Эрнст.
Кіраўнік Саюза кінематаграфістаў Расіі, рэжысёр Мікіта Міхалкоў раней паведаміў, што прэмію Еўразійскай кінаакадэміі, закліканую стаць аналагам «Оскара», могуць пачаць уручаць у 2024 годзе.
Конкурс песні «Інтэрбачанне» праходзіў у 1970-я – 1980-я гады ў краінах сацыялістычнага блока, перш за ўсё ў Польшчы. Пазней конкурс некалькі разоў спрабавалі перазапусціць.
Так, у 2008 годзе медыягрупа «Чырвоны квадрат» і Першы канал арганізавалі ў Сочы дзіцячы конкурс «Інтэрбачанне», у якім удзельнічалі выканаўцы з 11 краін былога СССР.
У 2015 годзе конкурс зноў хацелі правесці ў Сочы, але яго правядзенне скасавалі на фоне анексіі Крыма і пачатку баявых дзеянняў на Данбасе.
Расію адхілілі ад «Еўрабачання» праз поўнамаштабнае ўварванне войскаў РФ ва Украіну ў 2022 годзе.