«У Парыжы — неанацысты». Што беларусам будуць казаць ідэолагі напярэдадні выбараў?

Ідэолагі прадпрыемстваў атрымліваюць новыя метадычкі, якія вучаць, што трэба казаць людзям напярэдадні «выбараў». BGMedia атрымала адну з такіх кніжак і знайшла ў ёй нямала цікавага і забаўляльнага.

26888_2.jpg

У Парыжы неанацысты, у Беларусі — парадак

«Палітычная бяспека як аснова грамадска-палітычнай стабільнасці суверэннай дзяржавы». Так называецца свежая метадычка, прысвечаная выбарчай кампаніі ў «новых прававых умовах», распрацаваная ідэолагамі з адміністрацыі так званага «прэзідэнта». Яна патрабуе пераконваць людзей у тым, наколькі важныя будучыя выбары і як важна не дапусціць, каб варожыя сілы разгайдалі краіну і грамадства. На думку яе аўтараў, супраць Беларусі «развязаны беспрэцэдэнтныя інфармацыйная, санкцыйная і іншыя войны».

У свеце «працягваецца раскол на ваенна-палітычныя, фінансава-эканамічныя і тэхналагічныя блокі, фарміруюцца кааліцыі дзяржаў, якія супрацьстаяць адна адной у найважнейшых пытаннях светапарадку і фундаментальных каштоўнасцях», — пішуць ідэолагі з АП. З іх пункту гледжання, Захад (а зусім не Расія) «перайшоў ад «абарончай» вайсковай дактрыны да пазіцыі аб вайсковай сіле «як асноўным сродку адстойвання інтарэсаў». Толькі мімаходзь згадваецца, што да гэтых захадаў Захад звярнуўся ў спробе стрымлівання Расіі і Кітая.

У антыбеларускіх і антырасійскіх настроях ідэолагі традыцыйна абвінавацілі краіны Балтыі, а таксама Германію і Польшчу.

У якасці доказу таго, што «неанацызм у Еўропе ўстае з каленяў», яны прыводзяць такі аргумент: «У Парыжы ў чарговы раз быў санкцыянаваны штогадовы марш неанацыстаў, які сабраў 550 чалавек».

Зрэшты, «нягледзячы на ўсе намаганні, Захаду так і не ўдалося дамагчыся абвалу беларускай эканомікі і дэстабілізаваць краіну», — сцвярджаюць распрацоўшчыкі «метадычнага дапаможніка». І плаўна пераходзяць да галоўнай, на іх думку, тэмы для беларусаў: «Адзіны спосаб паспяхова супрацьстаяць цяперашняй непрыхаванай гібрыднай агрэсіі і рабаўніцкім санкцыям, забяспечыць палітычную бяспеку — адзінства народа на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Забяспечыць такое адзінства, на думку ўлад, якраз і дазваляюць выбары. Увогуле, КПСС-2.0.

Як найбольш «яркі прыклад народаўладдзя» ідэолагі падаюць павышэнне статусу так званага Усебеларускага народнага сходу: «Моцны прэзідэнт, уплывовы парламент, ініцыятыўны ўрад пры злучальнай ролі Усебеларускага народнага сходу — такая формула далейшага прававога забеспячэння функцыянавання ў Рэспубліцы Беларусь сістэмы дзяржаўнага кіравання», — гаворыцца ў метадычцы.

Глядзіце таксама

«Поспехі» ў лічбавізацыі і партыйным будаўніцтве

У ліку асноўных дасягненняў улады: лічбавізацыя эканомікі (???), развіццё зваротнай сувязі з насельніцтвам (сацсеткі дзяржорганаў), больш асабістых прыёмаў і прамых ліній. Як асабліва важны прыклад «дасягнення грамадскай згоды» падаюцца «дыялогавыя пляцоўкі», дзе абмяркоўваюцца «самыя важныя законапраекты». Ідэолагі на месцах павінны таксама нагадаць грамадзянам пра тое, што Беларусь паспяхова адолела ўнутраную «пятую калону».

«Беларусь традыцыйна з'яўляецца прыкладам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру і згоды ў цэнтры Еўропы, — сцвярджаецца ў метадычцы. — Недапушчэнне фарміравання, пранікнення альбо распаўсюджвання ідэалогіі нацызму, неафашызму, экстрэмізму, сепаратызму, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай нецярпімасці, а таксама непаважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў, выкарыстання экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі з'яўляецца адным з найважнейшых фактараў грамадска-палітычнай стабільнасці».

Сярод несумненных дасягненняў у барацьбе за «чысціню партыйных шэрагаў» згадваюцца і прынятыя нядаўна папраўкі ў законы аб партыях і грамадскіх аб'яднаннях.

«Адбылася ачыстка партыйнага поля ад дэкаратыўных аб'яднанняў і тых дэструктыўных структур, чыя дзейнасць накіравана на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу краіны», — з гонарам заяўляюць ідэолагі аб поўным знішчэнні палітычнага жыцця ў краіне.

Глядзіце таксама

«Гібрыдны бліцкрыг праваліўся»

Аўтары метадычкі не стамляюцца ўспамінаць 2020 год, калі, на думку ўлад, знешнія і ўнутраныя ворагі спрабавалі захапіць уладу ў краіне.

«Бесстаронне прааналізаваўшы падзеі апошніх гадоў у Беларусі, мы ўсведамляем, да якіх вельмі негатыўных наступстваў нашу краіну маглі прывесці хлуслівыя заклікі здраднікаў сваёй Айчыны, якія дзейнічаюць па ўказцы звонку і за кошт замежных грантаў. Гібрыдны бліцкрыг супраць Беларусі праваліўся. Мы разам самааддана адстаялі незалежнасць краіны. Адстаялі, таму што на нашым баку была праўда, імкненне жыць і працаваць на сваёй зямлі і па сваіх законах», — пра гэта павінны распавядаць ідэолагі на дзяржпрадпрыемствах і ў дзяржустановах.

Ну, і, уласна, пра выбары, да якіх заходзілі здалёк. У Беларусі, як запэўніваюць аўтары метадычкі, прыняты ўсе меры, каб маючыя адбыцца выбары прайшлі без пагроз з боку варожых элементаў.

«У перыяд падрыхтоўкі і правядзення адзінага дня галасавання будзе забяспечана эфектыўнае спалучэнне прававых, інфармацыйных, папераджальна-прафілактычных мер па недапушчэнні беспарадкаў і іншых супрацьзаконных дзеянняў з боку арганізаваных груп і асобных асоб», — пагражаюць ідэолагі.

Зрэшты, гаворыцца ў метадычцы, раней прынятыя меры ўжо далі плён, абстаноўка ў краіне спакойная, а злачыннасць няўхільна зніжаецца. «За 10 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года ў краіне зменшылася колькасць несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на 23,4%, а колькасць удзельнікаў пратэстных акцый — на 77,7%», — такія звесткі агучаны ў тэксце. Увогуле, як запэўніваюць ідэолагі, «мяцеж 2020 года» не паўторыцца і «разгайдаць Беларусь» нікому не дазволяць.

У эканоміцы такімі адсоткамі поспеху і не пахне. Яно і зразумела. Рэжым Лукашэнкі — гэта не пра эканоміку, а пра сінія пальцы, што ўчапіліся за ўладу.

Глядзіце таксама

«Мы расцём — яны падаюць»

Але пра эканамічныя працэнты ў метадычцы ўсё ж ёсць. І зразумела ў якім ключы. Беларусь сёлета нібыта лідар па тэмпах росту прамысловай вытворчасці сярод усіх дзяржаў ЕАЭС (107,9% за восем месяцаў года), іншыя краіны блока таксама растуць, тады як у ЕС прамысловасць толькі падае: ад 0,8% у Германіі і 2,7% у Польшчы да 7,8% у Літве і 8,6% у Латвіі.

Палітычная стабільнасць грунтуецца на стабільнасці эканамічнай. Гэтыя два кіты беларускай мадэлі ідэолагі традыцыйна ўздымаюць як тое, што, на іх думку, адрознівае нас ледзь ці не ад усіх іншых дзяржаў свету. Але і тут не абыходзіцца без «падкопаў ворагаў»:

«Сацыяльна арыентаваная эканоміка з'яўляецца падмуркам палітыкі Беларусі, яна забяспечвае сацыяльную абароненасць грамадзян, і таму стала галоўнай мішэнню Захаду, які імкнецца знішчыць беларускую сацыяльную дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту. Але, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, беларуская эканоміка дэманструе рост: павялічылася прамысловая вытворчасць, знізілася інфляцыя, выраслі грашовыя даходы насельніцтва. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы стратэгічнаму партнёрству Беларусі і Расіі».

На думку аўтараў метадычкі, эканоміка РБ выглядае не ў прыклад лепш, чым у «недружалюбных» краін. Пры гэтым Беларусь параўноўваюць нават з... ваюючай Украінай: там ВУП знізіўся на цэлых 10,5% у параўнанні з мінулым годам. А ў нас — рост. Рэгіёны развіваюцца раўнамерна і збалансавана. Дзяржава не толькі павялічвае народу заробкі, але і паспяхова ўтрымлівае кошты ад росту. Вось так у Беларусі ўсё выдатна, калі вы пра гэта не ведалі.

Узровень інфляцыі нізкі і прадказальны. Тым слухачам, якія ўсё яшчэ баяцца чарговай дэвальвацыі, ідэолагі павінны растлумачыць, што дзякуючы прадуманай палітыцы Нацбанка і ўрада ў 2017-2019 гадах інфляцыя знізілася да 4-6%. Але затым Беларусь сутыкнулася са знешнімі выклікамі (каронавірус і сусветны рост коштаў, санкцыйны ціск) і ўнутранымі (яны чамусьці не названы). Аднак і з гэтым Беларусі ўдалося справіцца: пасля «замарозкі» коштаў у кастрычніку 2022 года яны амаль перасталі расці, у верасні 2023-га інфляцыя склала рэкордныя 2% пры прагнозе 7-8% на канец года.

Калі вам здаецца, што рэальнасць трохі іншая — глядзіце метадычку.

Глядзіце таксама

Новыя абяцанні расці і дадаваць

«Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску беларуская дзяржава ўпэўнена захоўвае сацыяльна арыентаваны курс развіцця нацыянальнай эканомікі», — павінны падсумаваць ідэолагі, якія працуюць з народам. І агучыць абяцанні рэжыму на 2024 год:

  • ВУП вырасце на 3,8%;
  • рэальныя даходы насельніцтва вырастуць на 3,5%;
  • інвестыцый у асноўны капітал стане больш на 3,9%;
  • экспарт тавараў і паслуг дадасць 7,6%.

Глядзіце таксама

Еўропа шкодзіць сама сабе

Паказаўшы, як добра спраўляецца айчынная эканоміка ва ўмовах санкцый, ідэолагі для замацавання эфекту павінны зноў нагадаць, як дрэнна, па іх запэўненнях, жыве «недружалюбная» Еўропа. Маўляў, увёўшы санкцыі супраць Беларусі, краіны ЕС нашкодзілі самі сабе. У пацвярджэнне гэтай сумнай карціны яны падаюць вытрымку з вераснёўскай публікацыі «Die Welt», дзе прыводзіліся вынікі сацапытання ў Германіі: аказваецца, на фоне інфляцыі ў немцаў выраслі выдаткі і 2/3 пачалі эканоміць, чвэрць узяла падпрацоўку, 23% спрабавалі прадаць маёмасць.

Між тым беларуская дзяржава, «нягледзячы на беспрэцэдэнтныя выклікі часу, забяспечвае кожнаму грамадзяніну сацыяльныя гарантыі і магчымасці для самарэалізацыі, забяспечвае справядлівае размеркаванне сацыяльных выгод і роўны доступ да іх для ўсіх беларусаў, выконвае свае абавязацельствы перад грамадствам, гарантуе падтрымку чалавека на працягу ўсяго жыцця, клапоціцца аб грамадзянах праз шырокую разгалінаваную сістэму сацыяльнай дапамогі».

У доказ тэзіса аб сацыяльнасці беларускай дзяржавы прыводзіцца шэраг довадаў. Напрыклад, сёлета ўжо двойчы павысілі дапамогі на дзяцей. Яны ў верасні склалі ў сярэднім 698 рублёў,  хваляцца аўтары тэксту. Нагадаем, аднак, што ў Беларусі дапамогі плацяцца толькі да дасягнення дзіцем 3-гадовага ўзросту, а калі маці выйдзе на працу на поўную стаўку, то будзе атрымліваць толькі 50% дапамогі.

Для параўнання, у суседняй Польшчы ўсе сем'і, якія выхоўваюць дзяцей, маюць права на дапамогу ў 500 злотых (каля 380 рублёў) на кожнае дзіця да 18 гадоў.

Ну, а ў самым канцы гаворыцца пра традыцыйныя каштоўнасці, якія нібыта спрабуюць выцесніць заходнія агенты ўплыву, насаджаючы і прапагандуючы свае — ліберальныя. «Беларускаму грамадству чужыя ідэалы, якія навязваюцца нам звонку. У нашай краіне сям'я заўсёды была і будзе захавальнікам духоўных і маральных каштоўнасцей, маральных ідэалаў усяго грамадства», — такі пасыл павінны ўкладваць ідэолагі ў вушы аўдыторыі.

І далей — вядомы наратыў, які больш паходзіць на псеўдапропаведзь «у беларусаў сумленнасць, прыстойнасць і дабрыня ніколі не ўжывуцца са смагай нажывы, сквапнасцю і азлобленасцю». Менавіта гэты пасыл ляжыць у аснове развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу беларускага грамадства.

Вяртаючыся да таго, з чаго мы пачалі гэты агляд «эпахальнага дакумента», напісанага ў духу пленумаў ЦК КПСС: «сумленнасць і прыстойнасць» асобных беларусаў ніяк не дазваляе ім правесці сумленныя і прыстойныя выбары. Такія, на якіх звычайнае жаданне народа змяніць уладу, гарантаванае Канстытуцыяй, не тлумачылася б як спроба «гібрыднага бліцкрыгу», задуманага ўнутранымі ворагамі пад нястомным заступніцтвам знешніх ворагаў.