Выбары-2024 ладзяцца ва ўмовах татальнага страху людзей за сваё жыццё і здароўе

У такіх умовах, як цяпер у Беларусі, немагчыма казаць пра выбары-2024 як пра вольныя, справядлівыя і дэмакратычныя, адзначаецца ў справаздачы «Праваабаронцаў за свабодныя выбары».

img_2261_logo_2.jpg

Перадвыбарная кампанія ў Беларусі «пачалася ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій», гаворыцца ў першай справаздачы «Праваабаронцаў за свабодныя выбары» аб сітуацыі ў краіне напярэдадні выбараў у парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў у 2024 годзе.

Праваабаронцы сумеснай ініцыятывы цэнтра «Вясна» і Беларускага Хельсінскага камітэту падкрэсліваюць, што кампанія пачалася «ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый, у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі».

«Наяўныя сродкі прававой абароны па-ранейшаму не эфектыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасці судоў, прадказальнасць у правапрымяняльнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе канстатаваць немагчымасць для грамадзянаў рэалізаваць свае выбарчыя правы», — адзначана ў дакуменце.

Глядзіце таксама

Выбары «аб’яўленыя ў створаных уладамі ўмовах татальнага страху за жыццё і здароўе». Выкананне пакарання па палітычна матываваных справах адбываецца «з прымяненнем катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага чалавечай годнасці абыходжання», падкрэслілі праваабаронцы.

Паводле справаздачы, свабода слова ў Беларусі «адсутнічае не толькі на ўзроўні асобнага чалавека», але і на ўзроўні ўсяго медыясектара. 

Аўтары дакумента адзначылі, што з 2020 года ўлады шырока выкарыстоўваюць крымінальны пераслед як метад ціску на СМІ і журналістаў.

Спалучэнне «абмежавальнага заканадаўства, палітычнай волі і рэпрэсіўнай практыкі» выкарыстоўваецца як «магутны інструмент, каб прымусіць людзей пакінуць краіну».

«Па розных ацэнках, ад 200 да 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 9 жніўня 2020 года і цяпер — у выніку новых зменаў заканадаўства — пазбаўленыя магчымасці ўплываць на палітыку дзяржавы», — гаворыцца ў дакуменце.

Глядзіце таксама

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што крымінальны пераслед па палітычных матывах, які ўзмацніўся ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, «захоўваецца на рэпрэсіўным узроўні да сённяшняга дня і працягнецца ў агляднай будучыні». Гэта азначае, што «любая не санкцыянаваная вертыкаллю ўлады ініцыятыва ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2024 года будзе азначаць высокую рызыку палітычна матываванага крымінальнага пераследу».

«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з’яўляецца крытычнай, у такіх умовах немагчыма казаць пра выбары-2024 як пра вольныя, справядлівыя і дэмакратычныя», — робяць выснову праваабаронцы.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага збору ў новым статуце.


Глядзіце таксама

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу «Голас», што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарантнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Паводле Свабоды,Позірку