Хронікі рэпрэсій за 6 снежня: ператрусы ў хатах журналістаў Барыса Вырвіча і Змітра Лупача

22 палітвязні ў лістападзе выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну. Як мінімум 1481 грамадскае аб'яднанне, установа, асацыяцыя ці фонд ліквідаваныя ў Беларусі з 2020-га года, паведамляюць  праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Сумная статыстыка

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец лістапада не менш за 949 арганізацый знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 532 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1451 палітвязень, аднак колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».

Так, паводле «Вясны», у лістападзе на волю выйшлі мінімум 25 палітзняволеныя, 22 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, а 2 чалавекі былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА. Яшчэ 1 палітзняволенай Вярхоўны суд змяніў пакаране на пазбаўленне волі з адтэрміноўкай, таму яе вызвалілі са следчага ізалятара.

  • Ні дня без новага «экстрэмісцкага фармавання» 

Сёння, 6 снежня, у спіс унеслі праект «Дятлово для жизни». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 6 снежня.

У рашэнні ведамства пазначана жанчына, якая нібыта мае дачыненне да праекту, — 32-гадовая Наталля Іванаўна Лантух.

  • У незалежнага журналіста Барыса Вырвіча прайшоў ператрус

Па месцы жыхарства незалежнага журналіста і былога шэф-рэдактара партала 6ТV.bу Барыса Вырвіча ў Бялыніцкім раёне прайшоў вобшук. У выніку была канфіскаваная ўся тэхніка і мабільныя тэлефоны, Барыса адвезлі на допыт, але потым адпусцілі. Пры затрыманні не білі, але ўзялі жорстка.

Магчыма, што дзеянні сілавікаў звязаныя з парталам «6TV Bielarus», які рашэннем КДБ ад 5 снежня быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». У рашэнні фігуруюць прозвішчы людзей, нібыта датычных да праекту: Салаўёў Дзмітрый Віктаравіч, Лапцэвіч Уладзімір Пятровіч, Буракоў Аляксандр Уладзіміравіч.

  • У глыбоцкай кватэры журналіста Змітра Лупача сілавікі правялі ператрус

Паводле сведчанняў відавочцаў, 6 снежня па абедзе ў кватэру Лупача пачалі званіць міліцыянты. Калі пераканаліся, што ўнутры нікога няма, выклікалі выратавальнікаў з МНС, якія ўзламалі дзверы. Праз пэўны час міліцыянты выйшлі, а кватэру журналіста.

«У кватэры няма нічога асаблівага. Хіба што засталіся дарагія для мяне рэчы, у тым ліку кнігі. Не ведаю, ці знайшлі сярод іх нешта «экстрэмісцкае». Каштоўнай маёмасці, кшталту дарагой бытавой тэхнікі, футраў і брыльянтаў у нас ніколі не было, таму злодзеям асабліва ўзяць там няма чаго», — пракаментаваў здарэнне журналіст, які пасля ад’езду з радзімы цяпер жыве ў Варшаве.

Дачку Змітра — палітзняволеную Святлану Лупач — пачалі судзіць у кастрычніку. Падрабязнасці судовага працэсу невядомыя.

  • Палітзняволенага блогера Паўла Вінаградава хочуць перавесці на турэмны рэжым

У судзе Ваўкавыскага раёна сёння быў запланаваны суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Мікалая Сяргейкі, Паўла могуць перавесці на турэмны рэжым.

Нагадаем, Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні Павел перахварэў на сухоты.

Нядаўна стала вядома, што апошнія паўгода Вінаградава ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Глядзіце таксама

  • У Барысаве затрымалі пенсіянерку Наталлю Лаўрову

Наталлю Лаўрову, жанчыну 1962 года нараджэння, выклікалі ў РАУС яшчэ 2 снежня, але на волю дагэтуль яна не выйшла.

  • Работніцу мёрскай бальніцы аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмізму»

Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 22 лістапада за падпіску ў сацыяльных сетках на «экстрэмісцкі» інфармацыйны рэсурс пакарала штрафам у памеры 740 рублёў работніцу міёрскай бальніцы Алену Шук.

У судзе стала вядома аб тым, што Алена ў сваім асабістым профілі ў Instagram «размясціла і захоўвала з мэтай распаўсюду публікацыі з інфарэсурса "Люстэрка"». Раней гэта інтэрнет-выданне ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

  • Замежніка асудзілі да трох гадоў калоніі за сарваныя дзяржаўныя сцягі і падпаленую сметніцу

Праваабаронцам стала вядома, што 8 верасня ў судзе Першамайскага раёну Мінска да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 25-гадовага замежнага грамадзяніна Аляксандра Смірнова. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 

Прысуд агучыў суддзя Максім Трусевіч. Вядома, што 14 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе адбылася апеляцыя па справе. Імаверна, прысуд набыў моц. 

Аляксандр падчас суду не прызнаў віну. Ён распавёў, што зрываў сцягі, калі быў нецвярозы, бо хацеў пакінуць сабе памяць пра перабыванне ў Беларусі і павесіць іх у сябе дома. Адзін са сцягаў ён падпаліў выпадкова, а на месцы аднаго са здарэнняў наогул адсутнічаў. Мужчына адзначыў, што наконт гэтага эпізоду ён даў папярэднія сведчанні пад фізічным і эмацыйным ціскам з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Глядзіце таксама

  • Жыхара Віцебска затрымалі за «абразу прадстаўнікоў улады»

Паводле сілавікоў, 32-гадовы Раман Дудкін, нібыта «размясціў мноства каментароў, якія змяшчаюць абразы Лукашэнкі і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі».

Сцвярджаецца, што ў адносінах да яго распачаты шэраг крымінальных спраў.

  • Былога палітвязня Аляксандра Жука затрымалі па новай крымінальнай справе

Аляксандр Жук — фігурант так званай «справы карагодаў», якая датычыцца акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Яму прызначылі 1,5 года «хіміі», якія ён цалкам адбыў і выйшаў на волю 23 ліпеня 2022 году.

Як паведамляюць праваабаронцы, сёння праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «палоннае відэа», у якім Аляксандр «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020-га году — ён нібыта «стаяў першым шэрагу ў счэпцы па вуліцы Савецкай і выкрыкваў розныя пратэсныя лозунгі».