Рукі Масквы, засьценкі і прадпрымальнікі. Кандыдаты на выбарах прэзідэнта-2010

Трынаццаць гадоў таму адбыліся чацьвертыя выбары прэзідэнта Беларусі. Мы ўзгадалі асобаў, якія вылучаліся на гэтую пасаду. Што было зь імі тады, што стала сёньня.

Уладзімер Някляеў. Фота: Павел Хадзінскі

Уладзімер Някляеў. Фота: Павел Хадзінскі

У адносна далёкім 2010 годзе Ярмошына зарэгістравала 17 ініцыятыўных групаў, якія мелі права зьбіраць подпісы ад беларусаў. Як і заўжды, неабходнасьць атрымаць сто тысячаў прыхільнікаў стала непераадольнай мяжой для адной часткі кандыдатаў, іншая ж адрапартавала аб пасьпяховай здачы ўступнага іспыту.

Лузэры

Пазначым кандыдатаў у кандыдаты, якія не атрымалі фінальнай рэгістрацыі. Сярод іх — прафэсійны спарынг-партнэр Лукашэнкі Сяргей Гайдукевіч. Ягоная ініцыятыўная група на паперы выглядала ўвогуле самай маштабнай — больш за 10 тысячаў чалавек нібы былі гатовыя зьбіраць за неліберальнага і недэмакрата Гайдукевіча подпісы. Такім чынам, калі паверыць у магічных сябраў гэтага чалавека, ім дастаткова было падпісаць па 10 чалавек кожнаму, і кандыдат гатовы. Але вялікі палітык вырашыў зьняць сваю кандыдатуру, бо, верагодна, быў папярэджаны пра татальную зачыстку.

Сярод іншых незарэгістраваных кандыдатаў можна ўзгадаць Уладзімера Правальскага, які сцьвярджаў, што ягоныя 200 баявых пчолак ініцыятыўнай групы пасьпелі назьбіраць 109 тысячаў подпісаў, з запасам. Ярмошына прызнала гэта фальсыфікацыяй. Адпаведна, такія завадзкія настройкі ў кіраўнічкі ЦВК прысутнічалі, але толькі для асобных падзеяў. Спадар Правальскі да сёньня кіруе нейкімі «цэнтрамі», «асамблеямі» і піша стратэгіі і адкрытыя лісты (самому сабе, як падаецца).

Астатніх пералічым як факт: Іван Кулікоў, Юры Глушакоў, Сяргей Іваноў, Сяргей Рыжоў, Пётр Барысаў.

Глядзіце таксама

Кандыдаты

Паводле фальсыфікатаркі Ярмошынай, сто тысячаў подпісаў (і больш) здалі дзесяць ініцыятыўных групаў. Пасьля 13 гадоў фантастычнай уяўляецца сытуацыя, калі пераважная большасьць з гэтых кандыдатаў здолелі шчыра і законна атрымаць тыя подпісы.

Да пытаньня сьвядомага ўдзелу ў выбарчым цырку некаторых кандыдатаў, якія пазыцыянавалі сябе ў якасьці дэмакратычнай апазыцыі, але відавочна не дацягвалі і блізка да вызначанай законам мінімальнай рысы па колькасьці сабраных подпісаў, будзе патрэба і нагода зьвярнуцца асобна. А тут давайце заплюшчым на імгненьне вочы і паверым шаноўным кандыдатам у іх маральных якасьцях і здадзеных імі ад ста тысячаў да мільёну ста тысячаў подпісаў.

Дзьмітры Вус

vus.jpg

Прадпрымальнік, які меў нулявую вядомасьць напярэдадні абвяшчэньня выбараў казачным чынам назьбіраў подпісы і стаў кандыдатам. Заяўлялася, што ён нібы праводзіць сумесную кампанію з іншым кадыдатам — Мікалаем Статкевічам. 26 траўня 2011 году Вус быў прызнаны вінаватым у «арганізацыі масавых беспарадкаў» 19 сьнежня 2010 году, у дзень выбараў, і быў прысуджаны да 5,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Як паведамляў сам бізнэсовец, на яго аказваўся ціск з мэтай выбіваньня паказаньняў датычных да Мікалая Статкевіча. Па словах Вуса, ён адмовіўся ад іх, і сам атрымаў тэрмін.

Ужо ў калёніі Вус атрымаў ІІ групу па інваліднасьці і знаходзіўся ў турэмным шпіталі ў сталіцы.

Зрэшты, даволі хутка, праз усяго 4 месяцы, 1 кастрычніка 2011 году быў памілаваны і вызвалены Лукашэнкам.

У 2013 годзе Вус заявіў аб намеры стварыць «Беларускую партыю бізнэсу». «Мы будзем займацца эканамічнай палітыкай, а ня сваркамі і звадамі, у якіх загразла апазыцыя», — казаў тады былы кандыдат у прэзідэнты. «Зноў кіраўніцтва краіны хоча загнаць эканоміку цалкам у адміністрацыйныя рамкі, але, думаю, ужо не атрымаецца. На гэтай хвалі мы і ствараем партыю. Думаю, расейскае кіраўніцтва падтрымае нашую ідэю, падтрымаюць расейскія палітыкі, алігархі. Нашая партыя падтрымае стварэньне Эўразійскага зьвязу», — працягваў беларускі палітык.

«Мы не зьбіраемся аб'ядноўваць апазыцыю ці нацыяналістаў, не зьбіраемся зрынаць уладу», — пасьля гэтых словаў можна толькі парадавацца, што ў гэтага персанажа так нічога і не атрымалася.

Ад пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны Дзьмітры Вус рашуча падтрымаў дзеяньні прарасейскіх сілаў. Казаў, што ён прыхільнік ідэй «рускаміраўцаў». Для гэтага дзеяча Кастусь Каліноўскі — паляк, а «Ў Луганску, Данецку людзі нават украінскай мовы ня ведаюць, а іх пры гэтым называюць украінцамі. Гэта такі гемарой».

Прызнавайцеся, ці паставіў хоць нехта з вас подпіс за вылучэньне Вуса ў 2010 годзе?

Віктар Цярэшчанка

cjareszczanka.jpg

Яшчэ адзін прадпрымальнік, з каляпалітычным бэкграўндам. У сярэдзіне 90-х лічыўся кіраўніком мітычнай Беларускай Народнай Партыі. Быў нават дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня. На момант выбараў 2010 году зьяўляўся старшынёй рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Напярэдадні выбараў Цярэшчанка казаў: «Абраны шлях, па якім зараз ідзе Беларусь, на мой погляд, правільны».

Выбары, на дзіва, для Віктара прайшлі спакойна, а гэта значыць ніякіх крымінальных справаў на яго заведзена не было, на Акрэсьціна ці ў СІЗА не сядзеў.

На наступных выбарах 2015 году Цярэшчанка адксерыў сабе шмат падпісных лістоў з нейкімі запісамі і заявіў, што назьбіраў 130 тысячаў подпісаў. Зрэшты, спарынг-партнэраў у тым годзе хапіла і бязь Віктара. Падчас тых выбараў палітык аднойчы выпіў фрэш у менскай рэстарацыі і пасьля апынуўся ў шпіталі. «Флагман» палітычнай сцэны нашай дзяржавы наступным чынам пракаментаваў тады сваё быццам бы «атручваньне»:

«Тут ёсьць прысутнасьць нейкай трэцяй асобы. Я схіляюся болей да зьнешняга сьледу. Беларускай выканаўчай уладзе гэта нявыгадна. Ёй прасьцей мяне не зарэгістраваць. Але я лічу, што з апазыцыі я застаўся адзін. Глядзіце, што атрымліваецца: застаюцца Ўлаховіч, Гайдукевіч і Караткевіч. Усе яны схіляюцца да ўладаў. А я незалежны. Значыць, мяне трэба прыбраць. Альбо зрабіць так, каб я сам адмовіўся. Альбо яшчэ нешта.

Трэцюю асобу я разглядаю як прыхільнікаў «апазыцыі». Менавіта не апазыцыі, а «апазыцыі» ў двукосьсі. Я думаю, што гэта, можа, і Дзьмітрыеў. Але зроблена гэта з удзелам спэцыялістаў. Бо без спэцыялістаў гэтую работу ня зробіш».

У 2020 годзе публічна падтрымліваў Бабарыку і Ціханоўскую.

На сёньня Віктар Цярэшчанка лічыцца эканамістам і час ад часу дае каментары. Таксама зьяўляецца старшынёй рады дырэктароў кампаніі «ГрандКалендула».

Мікалай Статкевіч


Мікалай Статкевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Мікалай Статкевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Адзін з «зуброў» беларускай палітыкі быў зарэгістраваны на выбары 2010 году, і ўжо пасьля іх, 26 траўня 2011 году, асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 22 жніўня 2015 году Мікалай Статкевіч быў памілаваны і выпушчаны на волю. Пасьля выхаду ён арганізаваў і правёў першыя з 2010 году мітынгі ў цэнтры беларускай сталіцы. Па вызваленьні нават пэўны час разглядаўся як маральны лідэр беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху і асоба, вакол якой можа аб’яднацца дэмакратычнай супольнасьць. Але ў выніку гэта засталося толькі развагамі.

Мікалай Статкевіч пасьля вызваленьня не здабыў сур’ёзных палітычных хаўрусьнікаў, але працягваў разглядацца як адзін з лідэраў апазыцыі.

Да 2020 году было вырашана, што ён зноў будзе вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта. Аднак на гэты час Статкевіч меў непагашагую судзімасьць, і Ярмошына адмовіла яму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Тады палітык публічна падтрымаў Сяргея Ціханоўскага, а пасьля і ягоную жонку — Сьвятлану.

31 траўня 2020 году Мікалай Статкевіч быў затрыманы па дарозе на пікет па зборы подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай, што было зроблена ў звычайна-фашыстоўскай манэры баевікоў Лукашэнкі. Ягоная жонка, Марына Адамовіч, здымала захоп мужа ў жывым этэры. Палітык быў арыштаваны на 15 сутак, пазьней тэрмін утрыманьня Статкевіча пад вартай быў двойчы працягнуты, а 29 чэрвеня 2020 году на яго была заведзеная крымінальная справа за падрыхтоўку масавых беспарадкаў.

24 чэрвеня 2021 году ў СІЗА №3 Гомля над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам і некаторымі іншымі пачаўся закрыты судовы працэс. 14 сьнежня 2021 году Статкевіч быў прысуджаны да 14 гадоў пазбаўленьня волі.

Вось ужо амаль цэлы год, як паведамляе Марына Адамовіч, ад ейнага мужа не даходзіць ніводная зьвестка.

Андрэй Саньнікаў

san.webp

У хуткім часе палітык адзначыць сваё 70-годзьдзе. А ў 2010 годзе лічыўся адным з галоўных канкурэнтаў таго, хто не выпускае ўладу з 1994 году. Саньнікаў быў затрыманы ў вечар дня галасаваньня на плошчы. Як паведамлялася, жорстка зьбіты, пасьля чаго была пашкоджаная нага. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка рэжым спрабаваў выкрасьці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

14 траўня 2011 году Партызанскі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Саньнікава вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і прысудзіў яго да 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Меньш чым праз год, 14 красавіка 2012 году, быў вызвалены.

Саньнікаў распавёў, што яго выклікалі ў адміністрацыю калёніі і загадалі зьбіраць рэчы. Яму паведамілі, што ён вызвалены згодна з указам Лукашэнкі аб памілаваньні. Яму вярнулі дакумэнты і вывезлі з асабістымі рэчамі на чыгуначны вакзал, адкуль ён па таксафоне зьвязаўся з сям'ёй.

У кастрычніку таго ж году палітык атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі. З таго часу жыве не ў Беларусі. У 2017 годзе Саньнікаў атрымаў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.

У 2023 годзе палітычны эмігрант выказаў думку аб сваім чарговым удзеле ў выбарах прэзідэнта Беларусі: «Вы ведаеце, я ў любым выпадку ўдзельнічаў бы і ўдзельнічаю да гэтага часу ў палітычным жыцьці Беларусі. Безумоўна, уся каманда, касьцяк маёй каманды захаваўся. Каманда ў нас прымае калектыўнае рашэньне. І калектыўнае рашэньне было аб вылучэньні маёй кандыдатуры ў 2010 годзе. Калі мне акажуць гонар і вылучаць маю кандыдатуру пасьля зрынаньня Лукашэнкі — безумоўна, я буду балятавацца».

Можна толькі пазайздросьціць палітыку, што за 13 гадоў «касьцяк ягонай каманды захаваўся». Ці захаваліся ягоныя прыхільнікі ў Беларусі — пытаньне спрэчнае.

Зрэшты, іншае пакаленьне палітэмігрантаў Саньнікаў ня вельмі любіць і называе кабінэт Ціханоўскай «самазванцамі, якія нас трымаюць за л..хоў». Андрэй Саньнікаў у гэтым годзе выдаў кнігу «ЗК — Забароненая кухня». Яна прысьвечаная ежы і кухні турмаў у розных краінах.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Віталь Рымашэўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Прадстаўнік незарэгістраванай у 2010 годзе (як і ў любы іншы год) Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі запомніўся шмат каму з кадраў Плошчы 2010 году, дзе ён прамаўляе да людзей з разьбітай галавой, па якой сьцякае кроў.

Палітык быў адным з трох сустаршыняў БХД, разам з Паўлам Севярынцам і Георгіем Дзьмітруком.

У ноч выбараў 2010 году Рымашэўскі быў дастаўлены ў СІЗА КДБ з траўмай галавы. 29 сьнежня яму былі прад'яўленыя абвінавачваньні ў «арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 19 сьнежня». Пасьля гэтага палітык напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі і ў ноч на 1 студзеня быў вызвалены з ізалятара на ўмовах нявыезду з краіны.

Праз некалькі месяцаў, 20 траўня, Рымашэўскі быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна.

У наступныя 10 гадоў рэгулярна ўдзельнічаў у шматлікіх акцыях, быў некалькі разоў затрыманы па адміністрацыйных справах. У 2020 годзе, пасьля адмовы аднапартыйца Паўла Севярынца ўдзельнічаць у выбарах, падтрымаў вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай.

На сёньня палітык засядае па партыйнай квоце ў Каардынацыйнай Радзе. За апошні час зьявіліся дзьве адна адной супярэчлівыя заявы ад БХД. У адной прыхільнікі сустаршыні Георгія Дзьмітрука заявілі аб выключэньні Рымашэўскага, Кавальковай і іншых з партыі. Але прадстаўнікі названых наадварот заявілі аб выключэньні Дзьмітрука з хаўрусьнікамі. Хто каго выключыў — незразумела, але Рымашэўскі працягвае ад імя БХД прысутнічаць у складзе КР. Віталь прадстаўляе фракцыю «Наша Справа» і выступае «за канкурэнцыю між Каардынацыйнай Радай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам і Офісам Ціханоўскай пры «еднасьці ў справах».

Яраслаў Раманчук

ramanczuk_1.jpg

Намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі перадаў і зацьвердзіў больш за 100 тысячаў подпісаў за сябе ў 2010 годзе. Напярэдадні выбараў эканаміст у адным з інтэрвію вельмі высока ацэньваў свае шанцы:

«Апошнія дадзеныя рэпрэзентатыўнага апытаньня паказваюць, што Лукашэнка можа разьлічваць максімум на 40 адсоткаў. Каля 20% галасоў пойдуць апазыцыі — тым, каго адносяць да дэмакратаў, астатняя частка — галасы нявызначаных выбарцаў. Але ня думаю, што гэтыя людзі падтрымаюць Лукашэнку. Яны разьлічваюць на кагосьці новага. Таму ў нашым базавым сцэнары разьвіцьця падзеяў — 30-35% у першым туры і чаканая перамога ў другім туры».

Прагназіст з эканаміста, як паказаў час, ня лепшы.

Пасьля вядомага выступу на БТ на наступны дзень пасьля рагрому Плошчы, у якім былі абвінавачаныя некаторыя іншыя кандыдаты, якія «справакавалі беспарадкі», Раманчук у хуткім часе адышоў ад палітычнай кар’еры і выйшаў з партыі. Але застаўся на свабодзе.

У наступныя гады крыху папрацаваў на Лукашэнку і беларускі ўрад: у 2016 -2018 гадах быў чальцом Працоўнай групы ўраду па выпрацоўцы Стратэгіі разьвіцьця прадпрымальніцтва, чальцом прэзідэнцкай Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Беларусі і сябрам Працоўнай групы ўраду Беларусі па рэфармаваньні падатковай сістэмы.

У 2018 годзе журналісты заўважылі, што былы кандыдат і былы намесьнік АГП пачаў працаваць на дзіўны рэсурс. Паведамлялася, што Яраслаў Раманчук стаў калюмністам прарасейскага сайту «Тэлескоп». Гэты сайт рэдагаваў былы супрацоўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Леў Крыштаповіч, а сталым аўтарам зьяўляўся Кірыл Авяр’янаў-Мінскі, адзін з найбольш вядомых беларусафобаў у Расеі.

«Пакажыце канкрэтна, што антыбеларускага піша гэты сайт? — пытаўся Раманчук. Пасьля некалькіх прыкладаў, якія яму паказалі беларускія журналісты, ён сказаў. — Добра, я пагляджу, каб не ўляпацца ў што-небудзь прыкрае».

Напрыканцы 2020 году эканаміст зрабіў прагноз па Беларусі на 2021 год: «Калі нічога ня зьменіцца, будзе падзеньне эканомікі, будзе дэвальвацыя рубля, будзе рост беднасьці. Але я спадзяюся, што 2021 год стане годам свабоды, годам вызваленьня ад тых таксінаў і ядаў, абломкаў сістэмы Савок/Дзяржплян, якая душыла нас 26 гадоў.

Спадзяюся, што 2021-ы можна будзе параўнаць з перыядам 1989-1991 гадоў, што бэрлінская сьцяна ў рэшце разваліцца і ў нашай краіне, што пачнецца будаўніцтва новай Беларусі», — сказаў Раманчук.

У сярэдзіне раней наплянаванага 2021 году выехаў з Беларусі і на сёньня жыве ва Ўкраіне. Эканаміст у 2010 годзе ішоў на выбары з праграмай «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі», а 24 лютага 2022 году павінен быў выступаць перад украінскімі палітыкамі і экспэртамі і прэзентаваць эканамічную праграму «Ўкраіна — новы Захад. Эканоміка $500 мільярдаў для 50 млн. украінцаў да 2030 году».

Але менавіта ў той дзень пачалася вайна, і прэзентацыю адклалі. Беларусы і ўкраінцы будуць вымушаныя пачакаць з рэалізацыяй плянаў Раманчука.

На сёньня Яраслаў Раманчук часты госьць у беларускіх медыя ў якасьці аналітыка і эканаміста.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў. Фота: Павел Хадзінскі 

Рыгор Кастусёў. Фота: Павел Хадзінскі 

Вылучэнец ад партыі БНФ на выбарах 2010 году паводзіў сябе бадзёра, але не разглядаўся ў якасьці галоўных супернікаў рэжыму, як Саньнікаў ці Някляеў.

Як і Раманчук, пасьля выбараў зьвярнуўся (быў вымушаны зьвярнуцца) з экранаў ТБ да беларусаў і выказваўся пра верагодна распрацаваную кімсьці правакацыю пасьля сканчэньня часу для галасаваньня.

Рыгор Кастусёў застаўся сярод вышэйшага эшалёну беларускіх палітычных дзеячоў. На выбарах 2015 году падтрымліваў Тацьцяну Караткевіч з кампаніі «Гавары Праўду», якую падтрымала і ўся партыя БНФ. А ў 2017 годзе зьмяніў Аляксея Янукевіча на пасадзе кіраўніка БНФ.

З 12 красавіка 2021 году знаходзіцца ў засьценках рэжыму. Рыгору Кастусёву прысудзілі 10 гадоў пазбаўленьня волі за меркаваную змову разам з Юрасём Зянковічам і Аляксандрам Фядутам у гвалтоўнай зьмене ўлады ў Беларусі. Утрымліваецца ў калёніі «Ваўчыныя норы».

У зьняволеньні ў 66-гадовага палітыка абвастрыліся цяжкія захворваньні, у тым ліку ў яго выявілі анкалягічнае захворваньне. Пра магчымае лекаваньне няма і гаворкі.

Алесь Міхалевіч

mihalevicz.jpg

На момант 2010 году кандыдату ў прэзыдэнты было ўсяго 35 гадоў — мінімальны ўзрост для ўдзелу ў выбарах. У той выбарчай кампаніі былога намесьніка кіраўніка БНФ падтрымаў адзіны кандыдат ад апазыцыі 2006 году Аляксандар Мілінкевіч (зрэшты, ён таксама падтрымліваў Кастусёва і аднаго з незарэгістраваных прэтэндэнтаў).

Праз некалькі гадзінаў пасьля сканчэньня выбараў Міхалевіч баў арыштаваны і ўтрымліваўся ў КДБ. Праз два месяцы пасьля арышту ён быў выпушчаны з СІЗА КДБ Беларусі пад падпіску аб нявыезьдзе, пасьля чаго правёў рэзанансную прэс-канфэрэнцыю, на якой паведаміў аб тым, што ўмовай ягонага вызваленьня стала дадзеная пад катаваньнямі згода на наступнае супрацоўніцтва са спецслужбамі. У ходзе выступу Міхалевіч заявіў аб разрыве гэтага пагадненьня і аб намеры праінфармаваць Камітэт супраць катаваньняў ААН аб абставінах свайго затрыманьня і знаходжаньня ў сьледчым ізалятары КДБ.

Праз некалькі дзён палітык таемна пакінуў Беларусь і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У эміграцыі Міхалевіч заняўся акадэмічнай дзейнасьцю і інфармаваньнем міжнароднай супольнасьці аб становішчы палітвязьняў у Беларусі.

У 2014 годзе Міхалевіч папрасіў аднавіць ягонае сяброўства ў БНФ, што і было зробленае на зьездзе. А ў верасьні 2015 году палітык вярнуўся ў Беларусь, нягледзячы на актыўны статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках 2010 году.

Яго на некалькі гадзінаў затрымалі, а потым выпусьцілі.

З 2020 году ўваходзіць у Каардынацыйную Раду. На новай эміграцыі пасьля выбараў таго ж году. За мяжой займаецца юрыдычнай практыкай, працуе ў чэскай палаце адвакатаў.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў. Фота: Павел Хадзінскі

Уладзімер Някляеў. Фота: Павел Хадзінскі

Ганаровы паэт на выбарах 2010 году выконваў незайздросную ролю чалавека, які выказвае чужыя задумы. Кампанія «Гавары Праўду» шмат кім зьвязвалася з расейскай сферай уплыву, і Уладзімер Пракопавіч, як верагодна сталася, не да канца ўяўляў, на што падпісваўся, калі ішоў у выбарчую кампанію. Сама кампанія, па беларускіх мерках, прайшла надзвычай удала. Шматлікія мерапрыемствы, імпрэзы з удзелам харызматычнага кандыдата зьбіралі прыхільнікаў.

Беларуская мова паэта захоплівала людзей, але хто замаўляў музыку «ГП» у 2010 годзе, будзе дакладна выяўлена з часам.

Някляеў шмат кім разглядаўся як сур’ёзная пагроза Лукашэнку. Мала хто ў беларускай палітыцы апошніх 30 гадоў мог параўнацца з Някляевым па магчымасьці прыцягваць увагу ўсяго некалькімі словамі.

У адрозьненьні ад шэрагу іншых кандыдатаў, арыштаваных у ноч пасьля выбараў і Плошчы 2010 году, Уладзімер Някляеў не дайшоў да яе. Паэта і палітыка асабліва жорстка затрымалі, прычым сам Някляеў быў у непрытомным стане. Пасьля выбараў на некаторы час папаўзлі чуткі, што ён быў нават забіты.

Дзякаваць Богу, Уладзімер Някляеў і сёньня з намі.

29 студзеня 2011 году Някляеў быў пасаджаны пад хатні арышт. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. 23 ліпеня 2013 году вызвалены ад далейшага адбыцьця пакараньня.

У сярэдзіне 2010-х, паводле сацыялягічных апытаньняў, меў самы высокі рэйтынг сярод дэмакратычнай апазыцыі. Разам са Статкевічам, які выйшаў на волю ў 2015 годзе, узначальваў мітынгі і шэсьці ў цэнтры беларускай сталіцы. Але ў 2015-м Някляеў пакідае «Гавары Праўду» і сканчвае сваю актыўную палітычную дзейнасьць.

Наступныя гады паэт прысьвяціў пераважна літаратурнай дзейнасьці, і сёлета таксама была прэзентаваная апошняя кніга аўтара — «Сам».