Беларуская Цэнтральная Рада была створаная пры немцах роўна 80 гадоў таму. Што гэта за арганізацыя?

Падчас Другой сусьветнай вайны ў сьнежні 1943 году ў Менску была заснаваная арганізацыя, якая супрацоўнічала з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Зь якімі мэтамі? Вызваленьне Беларусі ад чырвонай заразы ці здача ўсіх беларускіх пазыцыяў нацыстам? Што кажа гісторыя і ўдзельнікі?

Пячатка БЦР

Пячатка БЦР

Рада

Фактычна дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады абмежавался 6 месяцамі. Са сьнежня 1943-га па 27 чэрвеня 1944 году, да працы ІІ Усебеларускага Кангрэсу.

Беларуская афіцыйная гістарыяграфія, зрэшты, як і камуністычная да яе, ацэньвалі дзейнасьць БЦР у выключна нэгатыўным і адмоўным ключы праз тое, што яны называюць «калябарацыянізм».

Але слушна адзначаў гісторык Алег Гардзіенка: «Разглядаючы праблему калябарацыі, мы павінныя ўлічваць, па-першае, што Беларусь ужо ў 1918 годзе сымбалічна абвясьціла незалежнасьць, але ня здолела яе абараніць, як гэта зрабілі Літва, Латвія, Эстонія ці Фінляндыя. Беларусь ня здолела, і потым было 20 гадоў калябарацыі — па два бакі мяжы.

Пабачыўшы, што ні Масква, ні Варшава ня вырашылі беларускага пытаньня, некаторыя беларускія дзеячы ў канцы 1930-х зьвярнулі ўвагу на нацысцкую Нямеччыну».

Кампэтэнцыя Беларускай Цэнтральнай Рады распаўсюджвалася на сацыяльнае і культурнае жыцьцё, а таксама на школьніцтва. Пытаньні палітыкі і вайсковай справы былі прэрагатывай немцаў. Найбольшай заслугай БЦР гісторыкамі бачыцца тое, што яна спрабавала капіяваць формы стварэньня ўласнага ўраду.

Ва ўсіх дзесяці намесьніцтвах былі створаныя структуры БЦР. І калі б раптам на Беларусь у той час абрынулася нейкая незалежнасьць, БЦР праз пэўны час магла б гэтыя структуры дубляваць. Але павінны былі прайсьці яшчэ гады такой працы.

У склад кіраўніцтва БЦР увайшлі такія вядомыя асобы, як юрыст Мікола Шкялёнак (першы віцэ-прэзыдэнт), кіраўнік Беларускай Самапомачы Юры Сабалеўскі (другі віцэ-прэзыдэнт), будучы шэф Краёвай Абароны Францішак Кушаль, кіраўнік Цэнтральнага гандлёвага таварыства «Ўсход» у Беларусі Сымон Кандыбовіч, юрыст Павал Сьвірыд, кампазытар Вячаслаў Сэлях-Качанскі, культуроляг Аўген Калубовіч, лекар Станіслаў Грынкевіч і іншыя.

Пры БЦР было створана 12 адзьдзелаў: асьветы, навукі, культуры; прапаганды й прэсы; сацыяльнага забесьпячэньня; фінансавы; моладзі; веравызнаньняў; кантролю; агульна-адміністрацыйны; гаспадарчы; праектаў; нацыянальнасьцяў; Краёвай Абароны.

Радзе былі перападпарадкаваныя ўсе арганізацыі, што дзейнічалі ў Беларусі: Саюз Беларускай Моладзі, Навуковае Таварыства, Культурнае Згуртаваньне, Беларуская Самапомач, а таксама прафсаюзы.

Радаслаў Астроўскі

Радаслаў Астроўскі

Нямала было зроблена і ў галіне школьніцтва. У 1944 годзе беларускіх пачатковых школаў было: у Баранавіцкай акрузе — 445, у Вілейскай — 429, у Ганцавіцкай — 117, у Лідзкай — 397, у Наваградзкай — 311. Таксама быў створаны Мэдычны інстытут у Магілёве, які потым перавялі пад Вільню.

Частка сялянаў і інтэлігенцыі паверыла ў магчымасьць пабудовы сваёй дзяржавы пад нямецкім пратэктаратам. Большасьць жа паставілася да новай беларускай улады індыферэнтна: паглядзім, што далей будзе. Тым больш што немцы сваёй недальнабачнай палітыкай і карнымі акцыямі падарвалі давер насельніцтва.

Аднак БЦР дабілася пэўных вынікаў у грамадзкім жыцьці: працягвалася беларусізацыя школаў і грамадзкага жыцьця, аказваўся далейшы ціск на расейскаарыентаваную частку кіраўніцтва Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, назіраўся рост нацыянальна-культурнага жыцьця, ішла падрыхтоўка да адкрыцьця ўнівэрсытэту.

У адрозьненьне ад арганізацыяў-папярэднікаў (Беларускай Народнай Самапомачы, Рады Даверу), якія мелі дарадчыя функцыі, БЦР мела большую вагу ў вачох нямецкіх чыноўнікаў. Адпаведна, у яе было болей магчымасьцяў для абароны насельніцтва перад акупацыйнымі ўладамі.

Камуністычныя шпіёны ў БЦР

Вядомы цікавы лёс Еўдакіі Казловай (Козел) падчас вайны. Камуністычнае кіраўніцтва спрабавала задзейнічаць беларускую дзяўчыну для падрыўной дзейнасьці, і дзеля гэтага яна мусіла ўладкавацца ў антысавецкую БЦР.

Аднойчы, як піша Сяргей Чыгрын, калі дзяўчына села ў вагон, на яе зьвярнуў увагу высокі мужчына: «Здаецца, Казлова?» Еўдакія таксама пазнала былога дырэктара Віленскай беларускай гімназіі Радаслава Астроўскага. Астроўскі пацікавіўся, куды яна едзе. А даведаўшыся, прапанаваў: «Кідай працу ў Слоніме і пераяжджай у Менск. Я ствараю Беларускую Цэнтральную Раду. Будзеш працаваць у школьным адзьдзеле». Еўдакія шчыра падзякавала за прапанову і сказала, што падумае.

Еўдакія Казлова

Еўдакія Казлова

Па прыезьдзе ў Слонім Казлова сустрэлася з Іванам Міско, якога асабіста ведала даўно, і распавяла пра нечаканую сустрэчу і прапанову. У той час Міско ўзначальваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю, і прапанова Астроўскага яму спадабалася. Сам Міско не любіў Астроўскага, які некалі выгнаў яго з Віленскай беларускай гімназіі. А цяпер тым больш — за тое, што пайшоў служыць да немцаў.

Міско падзяліўся навіной з падпольнымі камуністамі. І тыя далі загад, каб Казлова неадкладна ехала ў Менск і вяла выведку ў БЦР.

Казлова такой прапановы спалохалася, але іншага выйсьця ўжо не было. Яна напісала ліст Астроўскаму і хутка атрымала адказ — прыяжджай. І дзяўчына напрыканцы 1943 году выправілася ў Менск. У БЦР яе сустрэлі шчыра, выдалі часовае пасьведчаньне №57.

czasovae_pasvedczanne_eudakii_kazlovaj_logo.jpg.webp

З БЦР дзяўчына чырвоным падпольшчыкам перадавала друкаркі, паперу, таемныя дакумэнты. Для сустрэчы зь імі і партызанамі яна і сама прыяжджала ў родную вёску Яглевічы.

Разам з тым Казлова, карыстаючыся прыхільнасьцю прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага, садзейнічала адкрыцьцю беларускіх школаў у розных раёнах. У вёсцы Яглевічы настаўніцай пачатковай школы працавала яе малодшая сястра Кацярына Козел, якая вучыла дзетак чытаць і пісаць па-беларуску.

Вось такая яна, супраца з немцамі.

У 1946 годзе Казлову, якая ўжо працавала настаўніцай, арыштавалі супрацоўнікі МДБ і прывезлі ў Менск на допыт. Дапытваў асабіста міністар дзяржбясьпекі БССР Цанава. Пасьля некалькіх сустрэчаў з Цанавам Казлову выпусьцілі на волю. Нават цяжка прыгадаць яшчэ выпадкі, каго пасьля сустрэчаў з Цанавам выпускалі дамоў, а не адпраўлялі ў ГУЛАГ ці проста расстрэльвалі. Ёй атрымалася пацьвердзіць сваё партыйна-камуністычнае прызначэньне.

Мабілізацыя

Згадвае Францішак Кушаль: «Адносна штабу Беларускай Краёвай Абароны, то ў самым пачатку пачалася памiж БЦР i адпаведнымi нямецкiмi ўладамi разнагалосiца. Немцы ўважалi, што абавязкам БЦР зьяўляецца толькi правесьцi мабiлiзацыю, а кiраваньне змабiлiзаванымi людзьмi належыць да iх.

З гэтым не згаджалася БЦР, уважаючы, што пасьля мабiлiзацыi ў кiраваньнi БКА павiнна браць удзел i БЦР пры дапамозе свайго собскага штабу. Па доўгiх перамовах памiж прадстаўнiком Готбэрга доктарам Маркусам з аднаго боку i Прэзыдэнтам БЦР з другога было пастаноўлена, што пры БЦР будзе ўтвораны адзьдзел БКА, якi прыгатуе мабiлiзацыю, правядзе яе i будзе супрацоўнiчаць iз штабам Готбэрга ў справах прапаганды, гаспадарчых, санiтарных i вайсковай падрыхтоўкi.

2_781.jpg

Уся апэрацыйная справа належыць толькi да нямецкага штабу Готбэрга. Пры гэтых перамовах ужо ясна выявiлася, што немцы зусiм ня мелi намеру дазволiць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сiлу, iм патрэбныя былi толькi людзi, якiх беларусы павiнныя iм даць, а кiраваць людзьмi мелiся яны самi бяз нашай помачы».

Па словах Францішка Кушаля, «ужо дзевятага сакавiка 1944 году пад вечар у большай частцы Беларусi былi расклеяныя абвешчаньнi Прэзыдэнта БЦР аб мабiлiзацыi ў БКА. Дзесятага па паўднi прыйшлi ў БЦР першыя весткi аб ходзе мабiлiзацыi. Весткi гэтыя былi вельмi добрыя. Народ масава пайшоў да прыймовых камiсыяў.

Наколькi народ здаў эгзамен сваёй нацыянальнай i грамадзкай сьведамасьцi, сьведчыць беларускае насельнiцтва тых раёнаў, якiя цалкам былi апанаваныя партызанамi. Улада а нi нямецкая, а нi беларуская туды не сягалi. Прызыўныя гадавiкi маглi зусiм бязкарна да прыймовых камiсыяў не зьявiцца, аднак усе зьявiлiся.

Абвешчэньне мабiлiзацыi зрабiла на партызанаў вялiкае ўражаньне. Не прадугледжваючы падобнай рэчы, партызаны ня мелi аднэй лiнii адносiнаў да прызыўнiкоў, якiя выконвалi загад Прэзыдэнта».

Глядзіце таксама


Кангрэс

Напрыканцы чэрвеня 1944 году Міхал Вітушка, антысавецкі дзеяч Беларусі, удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, які арганізоўвала БЦР. У сваю чаргу Беларуская Незалежніцкая Партыя, да якой адносіўся Вітушка, была ў апазыцыі да пранямецкай дзейнасьці БЦР. Вітушка зьбіраўся скарыстацца сытуацыяй, падобнай да 1918 году. Менск жыў прадчуваньнямі, што немцы вось-вось сыдуць, а камуністы яшчэ не прыйшлі.

Меркавалася, што кіраўнік БЦР Астроўскі зробіць на кангрэсе значную пранямецкую заяву, у сувязі з чым прадстаўнікі БНП Вітушкі арыштуюць яго і абвесьцяць незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Аднак Астроўскі паводзіў сябе асьцярожна і ня даў нагоды для рашучых дзеяньняў.

Глядзіце таксама

Барыс Кіт згадваў: «У чэрвені 44-га году Астроўскі і БЦР яшчэ пасьпелі склікаць Другі Ўсебеларускі кангрэс у Менску. Трэба сказаць, гэта быў чыста беларускі, надзвычай прадстаўнічы зьезд. Рэч у тым, што нашы беларускія патрыёты не працавалі для немцаў, яны працавалі для Беларусі — усе гэтыя настаўнікі, дырэктары.

Я таксама прыехаў у ліку дэлегатаў з Маладэчна. У Менску найперш забег у школьны адзьдзел генэральнага камісарыяту, дзе даведаўся сумную вестку пра мае справы. На той час я быў дырэктарам Адміністрацыйна-гандлёвай школы ў Маладэчне і хацеў стварыць вышэйшую школу. Нам загадалі прыслаць у Менск праграмы тае школы.

Дык аказалася, мая праграма нарабіла пярэпалах у камісарыяце, мяне абвінавацілі, што я заснаваў ня школу, а цэлы ўнівэрсытэт. Начальнік пачаў біць кулакамі па стале і крычаць. Там жа мне паведамілі, што мая школа зачыняецца».

Глядзіце таксама

Беларускія дзеячы, паводле гісторыка Алега Гардзіенкі, а найперш сам Радаслаў Астроўскі, былі незадаволеныя, што ідэя стварэньня БЦР паходзіла ад немцаў. Таму ім патрэбная была шырокая народная падтрымка. І мэта кангрэсу была найперш прапагандысцкая — на ім БЦР павінная была атрымаць падтрымку народных дэлегатаў.

На кангрэсе Астроўскі нават сымбалічна склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта і тут жа быў абраны нанова. Гэта была менавіта легітымізацыя. На кангрэсе таксама была прынятая рэзалюцыя з чатырох пунктаў, якая называла БЦР спадкаемцай ідэй 25 Сакавіка 1918 году. Там наўпрост было запісана, што БЦР зьяўляецца адзіным прадстаўніком беларускага народу. Фактычна, кангрэс дэлегаваў БЦР права прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне.

Будынак, дзе засядала БЦР у 1943 годзе. Сёньня тут знаходзіцца так званы Савет рэспублікі.

Будынак, дзе засядала БЦР у 1943 годзе. Сёньня тут знаходзіцца так званы Савет рэспублікі.

Немцы прысутнічалі ў залі, але ў ход кангрэсу ня ўмешваліся, Курт фон Готбэрг, які быў прызначаны замест забітага Кубэ, зусім не зьявіўся.

Празь некалькі дзён пасьля Кангрэсу пачалася эвакуацыя. Усе структуры БЦР выехалі на Захад. У Нямеччыне кіраўніцтва арганізацыі шмат зрабіла для арганізацыі й дапамогі сотням тысячаў беларусаў, што апынуліся на чужыне добраахвотна ці былі вывезеныя на прымусовыя працы ў Нямеччыну і Аўстрыю.

20 ліпеня 1944 году Міністэрства ўсходніх акупаваных тэрыторыяў выдала інструкцыю, у якой былі пералічаныя «рэальныя задачы і паўнамоцтвы» БЦР.

Туды ўваходзіла:

Барацьба з бальшавізмам шляхам:

удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх ваенных фармаваньняў; удзелу ў стварэньні партызанскіх групаў за лініяй фронту; актыўная прапагандысцкая дзейнасьць сярод беларускіх рабочых.

Аб’яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі. Культурная, сацыяльная і прававая апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне. Моладзевая праца (СБМ, ваенная дапаможная служба). Жаночая праца.

Іншыя дзеячы арганізацыі ажно да 1995 году так ці інакш спрабавалі на выгнаньні падтрымліваць умоўную дзейнасьць БЦР. Апошнім прэзідэнтам стаў Віталь Цярпіцкі.