Вандроўкі з «Новым Часам»: царква Святога Міхаіла Арханёла ў Сынкавічах
Святары гэтага храма мараць, каб як мага больш людзей яго наведвалі. Няхай нават у турыстычных мэтах. Калі вы не былі ў Сынкавічах – раім зрабіць гэта. А пакуль раскажам вам пра царкву Святога Міхаіла Арханёла.
Першыя згадкі пра Сынкавічы датуюцца XV стагоддзем, калі тут збудавалі абарончую царкву Святога Міхала Арханёла. Сярод тутэйшых ходзіць павер’е, што царкву заснаваў Вялікі князь Вітаўт падчас ратавання ад пагоні польскага караля Ягайлы.
Аднак будоўля царквы працягвалася на пачатку XVI стагоддзя — магчыма, на грошы слыннага гетмана Канстанціна Астрожскага, фундатара Траецкай і Прачысценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы. Пра гэта сведчыць дакумент 1760 года, у якім адзначалася, што царкву заклалі ў перыяд кіравання каралевы Боны Сфорца, паміж 1518-м і 1556 гадамі.
У 1576 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў вёсцы прывілей на таргі па нядзелях і ў корчмах. Напрыканцы XVIII ст. Сынкавічы перайшлі да Пуслоўскіх.
У архітэктуры Сынкавіцкай царквы праглядаюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў.
Чатыры абарончыя вежы, размешчаныя з кутоў, адрозніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзве заходнія вежы стаяць на квадратных падмурках.
У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя бойніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам царквы сачыць за дзеяннямі праціўніка і весці агонь на вялікія адлегласці. Бойніцы былі зроблены ў першую чаргу дзеля абароны. Апроч таго, яны з’яўляюцца важным элементам і сродкам упрыгожання царквы. У цэнтральным трохкутніку выкарыстоўваецца «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемент, які выконваў ролю назіральнага пункта.
У шчыце франтона — неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя нішы. Яны прыглушаюць уражанне цяжкаватасці і масіўнасці, надаюць будынку яркасць і лёгкасць. Над сценамі месціцца высокі конусападобны дах.
Выразнымі элементамі готыкі з’яўляюцца стрэльчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай акантоўкай і зорчатыя скляпенні правай апсіды храма.
У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць унутраную прастору на нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з нервюрамі.
Перад царквой стаіць бутава-цагляная двух'ярусная чатырохгранная званіца, завершаная шатровым дахам, якую збудавалі ў 1891 годзе.
Нават пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай царква доўгі час дзейнічала ў якасці ўніяцкага храму, пасля чаго была перададзена ва ўладанне Урадавага сінода Расійскай Імперыі.
Падчас панавання расійскай акупацыі гэты ўнікальны помнік архітэктуры наведалі і апісалі шмат краязнаўцаў — такія, як Ядкоўскі, Забароўскі і Богуш-Шышка, а этнограф і мастак Васіль Гразноў паказаў храм яшчэ да маскоўскай перабудовы.
У 1918 годзе невядомы апалчэнец Гютлен маляваў Сынкавіцкую царкву, дзякуючы чаму мы можам уявіць сабе пачатак XX стагоддзя, які выдаўся на долю тагачасных жыхароў даволі складаным этапам: пасля ўсіх ваенных канфліктаў жыхароў засталося зусім мала, таму цяпер святары храма мараць, каб як мага больш людзей, нават у турыстычных мэтах, наведвалі храм.