Міхал Вітушка — герой-антысаветчык ці здраднік?

Асоба Вітушкі — сапраўдны водападзел паміж патрыётамі і афіцыйнай гістарыяграфіяй. Жыццё палітычнага і вайсковага дзеяча выклікае палеміку, бо немагчыма адным абзацам у энцыклапедыях акрэсліць ягоны пакручасты лёс. Паспрабуем разабрацца ў фактах з жыцця Міхала Вітушкі.

Міхал Вітушка

Міхал Вітушка

«Ні рэпрэсіі, ні кары

Не застрашаць наш народ,

Знаюць добра камісары,

Які мсьцівы «Чорны Кот».

(А. Шавель. «Генэралу Вітушку» (часопіс «Патрыёт» (Ангельшчына), 1950, № 2).

Міхал Вітушка нарадзіўся ў 1907 годзе. Пасьля Віленскай беларускай гімназіі навучаўся ў Парыжы і Варшаве.

Пасьля нападу СССР на Польшчу, у 1939-40 гадах, быў кіраўніком савецкай міліцыі ў Нясьвіжы, але кінуў гэтую справу і вярнуўся да інжэнэрнай працы — будоўлі, якой навучаўся ў ВНУ раней.

У 1940 годзе Міхал Вітушка арыштаваны карнымі ворганамі, яму пагражала сьмяротнае пакараньне. Яго абвінавачвалі ў сувязі з беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, бо падтрымліваў кантакт з Беларускім студэнцкім рухам, куды і ўваходзіў як сябра. Вітушка вызваліўся дзякуючы сувязям сваяго сваяка, прафэсара Пракапчука, які быў на той час ветэранам савецкіх спецслужбаў.

У 1941 годзе Нясьвіж перайшоў пад нямецкую акупацыю, а Вітушку зноў ледзьве не расстралялі, бо ў мясцовай паліцыі служылі пераважна палякі, якім была не даспадобы прабеларуская і антыпольская пазыцыя Міхала. Ён здолеў уцячы ў Менск.

У 1941-м арганізаваў Палескую беларускую самаабарону, якая супрацоўнічала з украінскай Сеччу ЎПА. Байцы вялі партызанскія дзеяньні супраць савецкіх войскаў, што адыходзілі.

Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай Незалежніцкай Партыі, а таксама ў кіраўніцтва Беларускай Народнай Самапомачы. Гэтая структура мела на мэце стварэньне незалежнай Беларусі. Арганізацыя катэгарычна не прымала палітыкі тэрору, разьвязанага немцамі супраць габрэяў, сялянаў, якіх яны рабавалі. Таму было вырашана дзейнічаць наступным чынам: ісьці ў створаныя немцамі структуры, такія, як школы, клюбы і нават у паліцыю з мэтай вярбоўкі і пошуку аднадумцаў.

1_705.jpg

У часы Другой сусьветнай вайны апроч уласна беларускіх вайсковых фармаваньняў Вітушка служыў таксама намесьнікам кіраўніка менскай паліцыі, а таму, па словах крытыкаў, не мог ня ведаць пра масавыя забойствы мірнага насельніцтва. Між тым, ведаць пра злачынства не азначае прымаць у ім непасрэдны ўдзел, сьцвярджаюць апаненты і падкрэсьліваюць: ніякіх дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі дачыненьне Міхала Вітушкі да зьнішчэньня цывільнага насельніцтва, не знойдзена.

Напрыканцы чэрвеня 1944 году ён удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, які арганізоўвала БЦР. У сваю чаргу Беларуская Незалежніцкая Партыя, да якой адносіўся Вітушка, была ў апазыцыі да пранямецкай дзейнасьці БЦР. Вітушка зьбіраўся скарыстацца сытуацыяй, падобнай да 1918 году. Менск жыў прадчуваньнямі, што немцы вось-вось сыдуць, а камуністы яшчэ не прыйшлі.

Меркавалася, што кіраўнік БЦР Астроўскі зробіць на кангрэсе значную пранямецкую заяву, у сувязі з чым прадстаўнікі БНП Вітушкі арыштуюць яго і абвесьцяць незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Аднак Астроўскі паводзіў сябе асьцярожна і ня даў нагоды длч рашучых дзеяньняў.

Батальён «Дальвіц»

Ва Ўсходняй Прусіі ў мястэчку Дальвіц некалькі сотняў беларусаў праходзілі падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. У лістападзе 1944 году ў Заходнюю Беларусь была закінутая 27-асабовая група на чале з маёрамі Багдановічам і Вітушкам, а таксама сябрам ЦК БНП Гінько.

Гісторык Сяргей Ёрш так апісвае дэсант Вітушкі:

«Атрымаўшы ад ЦК БНП рангу генэрала, М. Вітушка павінен быў арганізаваць на Беларусі Беларускую Вызвольную Армію (БВА) дзеля ўзброенай барадзьбы з савецкай уладай за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Ягоная група з 27 (або 28) чалавек была скінутая зь нямецкага самалёта на Віленшчыне 17 лістапада 1944 году.

Пры дэсаньце атрад генэрала Вітушкі разьбіўся на некалькі групаў і сабрацца ня здолеў. Вітушка, маёр Багдановіч, Шунько, Грыгарцэвіч і радыстка Чарамшагіна перабраліся ў Рудніцкую пушчу, дзе былі затрыманыя групай Арміі Краёвай. Аб гэтым распавёў на допыце ў МГБ у 1949 годзе Г. Багдановіч. Няведама зь якой мэтай ён паведаміў гэбістам, што Вітушка загінуў 7 студзеня 1945 году ў баі з савецкімі войскамі ў раёне возера Кернава. Але гэта было няпраўдай».

Белавеская пушча, 1945 год

У верасьні 1945 году ў Белавескай пушчы адбылася канферэнцыя кіраўнікоў партызанскіх атрадаў, на якой вырашалася стратэгія і тактыка антыбальшавіцкай барадзьбы. Агулам прысутнічалі каля 40 чалавек, якія прадстаўлялі 16 атрадаў.

Міхал Вітушка ў сваім выступе так ацаніў міжнародную сытуацыю: 

«У сучасных палітычных умовах раней ці пазьней адбудзецца фармаваньне палітычных, а магчыма і ваенных блёкаў. Адзін падобны блёк узначаліць Амэрыка, другі — СССР. Таму мы таксама паўстанем перад выбарам.

Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявіць, таму лягічным саюзьнікам будзе Амэрыка. Дапамагаць апошняй у барадзьбе супраць СССР — гэта дапамагаць сваёй перамозе».

Адзіны вядомы здымак партызанаў Вітушкі са сваім генэралам. 1948 год

Адзіны вядомы здымак партызанаў Вітушкі са сваім генэралам. 1948 год

У 1945 годзе аддзелы Вітушкі дзейнічалі на Віленшчыне, Гарадзеншчыне і Меншчыне. Ён стварыў даволі вялікія аддзелы, у якіх было па сто і болей партызанаў. «Чорны Кот» кантраляваў цэлыя раёны, праводзіў акцыі на чыгунцы. Вядомы падрыў вайсковага цягніка каля Слоніму, калі было спалена 20 аўтамашын і зьнішчаная ўся ахова транспарту. У Крывічах каля Маладэчна партызаны захапілі цягнік з амуніцыяй, але ўсяго забраць не змаглі.

У 1948 годзе арганізацыя «Чорны Кот» захапіла Наваградзкі будынак КДБ

З успамінаў ваяроў: «Калі мы набліжаліся да будынку МГБ, насустрач нам ішлі якіясь суцені. На пытаньне, хто яны такія, спалохана адказвалі «свае» і, азіраючыся, уцякалі ад нас. Пасьля мы даведаліся, што гэта былі «ворагі народу», якіх вызвалілі са скляпеньняў МГБ партызаны. Было іх чалавек 270. Больш за сотню прымкнулі да нас. Ім была выдадзеная зброя, і ў гэтую ноч яны расплаціліся з катамі за свае пакуты.

Кіраўнік групы пайшоў вызваляць арыштаваных з астрогу. Хутка надышла вестка, што ў астрогу засталіся толькі трупы катаў ды галодныя пацукі. Вязьні ў ліку 800 чалавек вызваленыя. Чалавек 500 пажадалі ісьці разам з намі, і яны накіраваныя на Замкавую гару. Тады Вітушка даў загад расстраляць каля будынку райкаму партыі ягонага сакратара, начальніка МГБ і інш. Загад быў выкананы. На страсе райвыканкаму ўмацаваны бел-чырвона-белы сьцяг».

У 1948 годзе Вітушка правёў рэарганізацыю партызанскага руху, а ў пачатку 50-х вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад.

Узнагароды ад Рады БНР

Рада БНР яшчэ ў 1949 годзе стварыла праэкты ўзнагародаў для беларускіх партызанаў, зацьверджаныя прэзыдэнтам Абрамчыкам у 1951 годзе. Гэта былі ордэны Пагоні і Зялезнага Рыцара, а таксама ордэн «Мэдаль Партызана». На пачатак 1951 году генэрал Міхал Вітушка быў узнагароджаны ордэнам Пагоні 3-й клясы й ордэнам Зялезнага Рыцара 3-й клясы.

Узнагароджваць ордэнам «Мэдаль Партызана» атрымаў права ўласна генэрал Вітушка.

У 2006 годзе сын Міхала Вітушкі паведаміў пра сьмерць легэндарнай постаці беларускай гісторыі. Вітушка адышоў у лепшы сьвет 27 красавіка ў альпійскім санаторыі на 99-м годзе жыцьця.

Як піша гісторык Антон Рудак, паводле афіцыйнай вэрсіі, пасьля дэсантаваньня 17 лістапада 1944 году пад Воранавам, Міхал Вітушка неўзабаве далучыўся да атраду партызанкі Арміі Краёвай «Комара» і быў намесьнікам камандзіра. Матэрыялы вышуковай справы Міхала Вітушкі з архіву Літвы (былы архіў КДБ ЛССР), распачатай у 1949 і скончанай у 1950 годзе, сьведчаць, што чалавек, які загінуў 7 студзеня 1945 году ля Кернава, быў апазнаны партызанамі атрада, непасрэднымі сьведкамі ягонай гібелі, як Міхал Вітушка, паводле фота з ягонага даваеннага савецкага пашпарта.

Аднак, як паведамляе сын Вітушкі, у апошнія гады перад сьмерцю ў 2006 годзе ён быў прыкаваны да ложка, хварэў. Яго наведвалі толькі сваякі і блізкія сябры. Яго шукалі, патрабавалі выдачы як «вайсковага злачынцы». І пры гэтым у афіцыйных публікацыях пісалі, што Вітушку забілі яшчэ ў 1945 годзе. Не забілі, нават не паранілі.

Ён перажыў амаль усіх сваіх сяброў і ворагаў. Пасьпеў напісаць успаміны, якія калісьці будуць апублікаваныя, паведамляў гісторык Сяргей Ёрш.

Выпадкі крытыкі

Пад сумнеў некаторымі дасьледнікамі, у тым ліку Антонам Рудаком, ставяцца і некаторыя прыпісаныя Вітушкавай арганізацыі «Чорны кот» апэрацыі.

Рудак піша, цытуючы кнігу «Беларускі супраціў», што пабачыла сьвет у 2006 годзе: «У кнізе апісваюцца сумесныя напады «Чорнага ката» і ўкраінскіх «бульбаўцаў» на Кобрын і Гайнаўку ў 1946—1947 гадах і на Наваградак 25 сакавіка 1948 году. Пасьля апошняй апэрацыі, зьдзейсненай сіламі 130—170 чалавек, савецкія самалёты, нібыта, бамбардавалі Налібоцкую пушчу. На жаль, пра гэтыя падзеі, якія «здарыліся» 68 год таму (на момант каментара Рудака — аўт.), не памятае ніводзін жыхар Наваградка, Кобрына і Гайнаўкі, няма пра іх сьведчаньняў і ў архівах.

Да гэткіх жа фантастычных варта аднесьці зьвесткі пра напад «Чорнага ката» на аўтакалёну на 38 км трасы Пінск — Менск 24 лютага 1946 году, узятыя аўтарамі з мітычнага выданьня «Оперативные операции МГБ БССР против политического бандитизма в 1944—1950 гг. Курс лекций».

Паводле Антона Рудака, кніга «Беларускі супраціў» зрабілася першапрычынай безпадстаўнай гераізацыі Міхала Вітушкі.

Ахроменка супраць Дынько

У 2016 годзе Андрэй Дынько, на той час галоўны рэдактар «Нашай Нівы», напісаў наступнае:

«Праслаўленьне Міхала Вітушкі — гэта сон розуму.

Міхал Вітушка з 1941 да 1944 служыў у нацысцкай паліцыі ў тыле ў час, калі там былі зьнішчаныя сотні тысячаў мірных людзей: габрэяў, камуністаў, сялянаў у партызанскіх зонах, цыганоў, псіхічна хворых, проста закладнікаў, а таксама ваеннапалонных. Служыў у паліцыі…»

На гэты допіс дасьледнік Уладзіслаў Ахроменказрабіў глыбокі і разважлівы адказ, які цытуе сайт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Перадаем у скаротах:

«Асобна падкрэсьліваю, што Вы, сп. Андрэй, у сваім посьце не далі аніводнай спасылкі на архіўныя сьведчанні наконт «зьнішчалі сотні тысячаў», што для галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» ня проста непрафэсійна, але й ганебна і нават недаравальна.

Мажліва, Вы ведаеце, што я сістэмна працую ў архівах СБУ, маю допуск да ўсіх дакумэнтаў НК-УНК-ДПУ-АДПУ-«Смерш»-МДБ-КДБ ад 1919 да 1991 гадоў. Прабачце за нясьціпласьць, але на сёньняшні дзень я, бадай, найбольш абазнаны беларус у гісторыі савецкіх спэцслужбаў. Архіўныя гульні вольнага розуму скончыліся тым, што я ўсё ж знайшоў інфармацыю па беларускім нацыяналісце Міхалу Вітушку.

Першае: Міхал Вітушка нібыта 07. 01. 1945 году загінуў у закалоце з МДБ пад вёскай Рудня — ён там не загінуў. Няма пра тое аніводнага сьведчаньня, аніводнага пратаколу, аніводнага цыркуляру — «зьняць з пошукаў». Таго Вітушку потым, паводле «саўсакрэтных дакумэнтаў МДБ», да канца 1947 году дбайна шукалі, і не проста шукалі, а шукала ГУДБ, 4-е Ўпраўленьне (Лубянка). Падкрэсьліваю — шукалі Міхала Вітушку менавіта пасьля 07. 01. 1945, афіцыйнай даты загібелі.

Другое: ва ўсіх дакумэнтах МДБ няма аніводнага сьведчаньня, што Вітушка (таксама Кушаль, Арсеньнева, Віцьбіч, Геніюш, якія ў дакумэнтах МДБ таксама густа і часта фігуруюць) непасрэдна спрычыніліся да загібелі хоць аднаго мірнага жыхара ці да катаваньня такога жыхара, ці да дэпартацыі такога жыхара, ці да яго рабаваньня, ці да гвалтоўнай высылкі ў Трэці Райх. Хаця на іншых фігурантаў, «прислужников немецко-фашистских захватчиков», падобных сьведчаньняў да халеры».

Напрыканцы працытуем пісьменьніка і гісторыка Ўладзімера Арлова: 

«Беларусь таксама змагалася й мела сваіх герояў, імёны якіх вяртаюцца ў нашую памяць. Найлегэндарнейшы зь іх — генэрал Міхал Вітушка».