Новы кіраўнік МЗС Польшчы: Андрэй Пачобут — патрыёт сваёй беларускай зямлі
У мінулую сераду, 20 снежня, мінула 1000 дзён, як за кратамі знаходзіцца Андрэй (Анджэй) Пачобут — палітвязень, журналіст і актывіст забароненага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Пасля затрымання ў сакавіку 2021-га над ім прайшоў суд, па выніках якога мужчына атрымаў 8 гадоў калоніі. Палітык Радаслаў Сікорскі, які нядаўна вярнуўся на пасаду кіраўніка МЗС Польшчы, напісаў тэкст пра Пачобута для выдання Gazeta Wyborcza, з якім супрацоўнічаў журналіст.
У прадмове да тэксту, заўважае «Люстэрка», Gazeta Wyborcza нагадвае, што Пачобута абмежавалі ў перапісцы і атрыманні перадач, а таксама што палітвязень, нягледзячы на цяжкі стан здароўя, не атрымлівае лекаў.
«Рэдакцыя Gazeta Wyborcza патрабуе, каб беларускі рэжым неадкладна вызваліў нашага журналіста. Мы ўвесь час просім польскія ўлады, міжнародныя арганізацыі і ўсю дэмакратычную супольнасць аказаць ціск на Беларусь па справе Андрэя. Каб пра Андрэя не забывалі», — пішуць журналісты.
«Андрэй — журналіст, юрыст, папулярызатар гісторыі, актывіст Саюза палякаў Беларусі — сядзіць у турме, таму што хацеў, каб яго краіна была свабоднай, — піша Сікорскі. — Гэта зрабіла яго асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі. За гэта ён быў прысуджаны да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Андрэй Пачобут — беларускі паляк, патрыёт сваёй беларускай зямлі, які аб'ядноўвае ў сабе найлепшую з нашай агульнай [польска-беларускай] спадчыны. Ён стаў для ўсіх нас сімвалам незалежнага духу, веры ў свабоду. Ён знаходзіцца ў турме, бо рэжым Лукашэнкі баіцца яго. Злая іронія аўтакратаў палягае ў тым, што гэты прыхільнік польскай і беларускай культуры, які распавядае пра перапляценні ў нашай гісторыі, быў асуджаны сярод іншага за падбухторванне да нацыянальнай варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне варожасці або варожасці).
Адам Міхнік, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza, якая друкавала артыкулы Андрэя Пачобута, напісаў, што ён выпраменьвае «гонар і высакароднасць ранейшых палякаў». Я б дадаў яшчэ слова «стойкасць».
Да вызвалення Андрэя Пачобута заклікалі Сейм і Сенат Польшчы, Еўрапейскі парламент і інстытуты Еўрапейскага саюза. Дамагаецца гэтага і Міністэрства замежных спраў Польшчы. Намаганні, зробленыя дагэтуль, не вызваляюць польскую дыпламатыю ад таго, каб рабіць гэта яшчэ больш інтэнсіўна і эфектыўна.
Мы верым, што Андрэй хутка будзе вольны, таму што, як ён сам сказаў, ён «не зрабіў нічога дрэннага, не парушыў закон, не будзе збягаць і знаходзіцца ў сябе дома».
Пра Пачобута ў сваім перадкалядным звароце да беларускіх палякаў успомніў і Артур Міхальскі, былы амбасадар Польшчы ў нашай краіне, а цяпер адмысловы прадстаўнік міністра замежных спраў Польшчы ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
«Хай пустое
месца за сталом (паводле
польскай традыцыі за сталом перад Калядамі пакідаюць месца на аднаго
дадатковага чалавека — як сімвал гатоўнасці прыняць падарожніка або таго, хто жыве ў
нястачы) на Куццю нагадае нам пра
ўсіх, хто з'ехаў і не можа вярнуцца, хто знаходзіцца ў
турме, пра Андрэя Пачобута, пра кожнага
героя беларускай свабоды», — сказаў Міхальскі.