Хронікі рэпрэсій. Стала вядома, як пакаралі супрацоўнікаў браслаўскага музея
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 24 снежня.
Дырэктарку браслаўскага Музея традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч арыштавалі на 15 сутак. На такі ж тэрмін арыштаваныя яе муж і сямейная пара Рулевічаў.
Людміла Рулевіч — знакамітая ў рэгіёне майстрыха, захавальніца майстэрства традыцыйнага ткацтва.
Яшчэ тром людзям уручаны позвы ў суд. Усё гэта — вынікі начнога «хапуну», які адбыўся ў Браславе ўночы на 22 снежня. Сілавікі затрымалі сем чалавек, у іх дома правялі ператрусы.
Сілавікі на мяжы затрымалі берасцейца за меркаваны ўдзел у
пратэстах. Паводле інфармацыі «Медыязоны»,
затрыманы — Дзмітрый Федаровіч. На «пакаяльным» відэа беларус кажа, што
раней быў асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула «за ўдзел у мітынгу і
хуліганства».
Федаровіча затрымалі на мяжы. У тэлефоне берасцейца сілавікі заўважылі фатаграфіі з БЧБ-сцягам.
У 2023 годзе мінімум 125 чалавек было затрымана пасля
вяртання ў Беларусь з-за мяжы,
паведаміла «Вясна». Большасць людзей затрымалі пасля
праверкі тэлефонаў супрацоўнікамі КДБ або мытні. Вядома, што пазней
вялікая частка з іх былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за
«распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
Часцей за ўсё затрымліваюць пасля вяртання з Літвы, але праверкі і затрыманні адбываюцца на ўсіх працуючых прапускных пунктах — у тым ліку, часта затрымліваюць і пасля праверак на мяжы з Расіяй.
Магілёўскі блогер Алесь Сабалеўскі не выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту. Як паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM, на яго склалі новы адміністрацыйны пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Нагадаем, Алеся Сабалеўскага затрымалі на працы 12 снежня.
Былы высокапастаўлены
пракурор Эльдар Сафараў і ягоная жонка, адвакатка Юлія Станкевіч,
выйшлі на волю пасля 10 сутак за кратамі. Пра гэта стала вядома «Нашай Ніве».
Раней паведамлялася, што на мінулым тыдні сямейная пара юрыстаў была затрыманая нібыта паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
Эльдар Сафараў — гэта значная постаць у беларускай юстыцыі, палкоўнік. У 2020-м ён дэманстратыўна сышоў з пасады начальніка аддзела падтрымкі дзяржабвінавачання Генпракуратуры, пацвердзіўшы «Нашай Ніве», што сыход быў па палітычных матывах.
Пра іншыя сыходы з пракуратуры начальнікаў такога калібру не было вядома раней і невядома дагэтуль.
Да антылукашэнкаўскіх сілаў або альтэрнатыўнай арганізацыі сілавікоў «Байпол» Сафараў не далучыўся. Жыў у Беларусі да затрымання.
Былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў
выехаў з Беларусі пасля адседжаных сутак. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, ён прабыў 15 сутак у магілёўскім ІЧУ. Па
выхадзе ён пакінуў тэрыторыю краіны з-за пагрозы крымінальнага пераследу.
Бацюкова затрымалі падчас аблавы КДБ 5-6 снежня. Аблаву здзейснілі на людзей, якіх сілавікі звязалі з магілёўскім парталам mogilev.media. Пасля брутальнага затрымання ён быў дапытаны супрацоўнікамі КДБ у якасці падазраванага па дзвюх крымінальных справах. Аднак пратакол быў складзены паводле адміністрацыйнага артыкула за лайк у інтэрнэце.
Падчас арышту чэкісты двойчы прыязджалі да Аляксея Бацюкова для допытаў. Яго прымусілі пры іх тэлефанаваць рэдактару партала 6TV Дзмітрыю Салаўёву. Запіс размовы паказалі на абласным тэлебачанні.
Аляксей Бацюкоў з 2011 года займаў пасаду дырэктара Музея гісторыі Магілёва. Шмат у чым дзякуючы яму ў Беларусь удалося вярнуць Статут ВКЛ і іншыя ўнікальныя артэфакты. У 2012 годзе быў прызнаны «Чалавекам года» па версіі газеты «Наша Ніва».
У студзені 2021 года з Аляксеем Бацюковым не
працягнулі працоўны кантракт. Прычынай стала тое, што навуковец выступіў
супраць гвалту сілавікоў пасля выбараў 2020 года.