Хронікі рэпрэсій. Затрыманыя былы пракурор з жонкай, схапілі супрацоўнікаў музея ў Браславе

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 23 снежня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Затрыманы былы пракурор, палкоўнік юстыцыі Эльдар Сафараў. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося на мінулым тыдні — ім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК. Таксама затрымалі і жонку Эльдара — адвакатку Юлію Станкевіч. Дзе іх утрымліваюць, невядома.

Эльдар Сафараў вядомы сваёй працай на шэрагу гучных судовых працэсах. У 2010 годзе ён быў пракурорам на судовым працэсе па палітычна матываванай справе прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча.

Сафараў сышоў з органаў восенню 2020-га. У каментары журналістам ён тады сказаў: «Так, мой сыход звязаны з падзеямі лета і восені. Але ў сістэме застаецца шмат выдатных людзей, і кіраўнікоў, і падначаленых, таму гэтым каментаром я і абмяжуюся — не хачу супрацьпастаўляць сябе ім, не хачу, каб хоць адно слова было выкарыстана супраць іх».

Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў Музея традыцыйнай культуры Браслава. У дамах усіх супрацоўнікаў быў праведзены «дасканалы ператрус». Адбылося гэта 22 снежня. «Белсату» стала вядома, што сярод затрыманых — загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, ейны муж, а таксама іншыя супрацоўнікі ўстановы.

Падчас ператрусу знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі і стары дакумент з пячаткай, на якой выяўленая «Пагоня».


Глядзіце таксама

У Гомельскім абласным судзе 8 снежня паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») асудзілі 40-гадовую палітзняволеную Сняжану Цадаву.

Яе судзілі за відэа ў TikTok інцыдэнта на Лоеўшчыне, дзе яна каментавала дзеянні супрацоўніка ДАІ, які аштрафаў яе дачку за адсутнасць флікера.

Суддзя Алег Харошка прызначыў жанчыне шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — іх яна ўжо адбыла ў следчым ізалятары.

Палітвязня Артура Жвірыдоўскага, які нядаўна адбыў у ПКТ некалькі месяцаў, змясцілі ў ШІЗА.

Артур — жыхар Астраўца, асуджаны на 3 гады калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 («Хуліганства») і арт. 370 («Знявага дзяржаўных сімвалаў»). Яго абвінавацілі ў тым, што ён уначы ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры БЧБ-паласы. Акрамя гэтага, зняў чырвона-зялёны сцяг з будынка адной з дзяржаўных установаў раённага цэнтру.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калоніі летам змясціла палітвязня ў ПКТ на 4 месяцы. Нядаўна Артура зноў перавялі ў атрад, але амаль адразу адправілі ў ШІЗА. Паведамляецца, што яго збіраюцца ўтрымліваць у штрафным ізалятары ажно 4 месяцы — наўпрост да заканчэння тэрміну. Прычыны спагнанняў невядомыя.


Глядзіце таксама

На гэтым тыдні ў Мінску адбылося затрыманне наведвальнікаў «Вечара нязнятага кіно». Затрыманым прысудзілі суткі арышту, яны знаходзяцца цяпер на Акрэсціна. У чым прычына арышту, пакуль невядома.

За 11 месяцаў 2023 года ў Брэсцкай вобласці зарэгістраваны 583 злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці». Пра гэта паведамілі падчас абласной каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Сцвярджаецца, што ў асноўным гэта «супрацьпраўныя дзеянні, учыненыя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і спалучаныя з пагрозамі гвалтоўных дзеянняў і абразамі». У перакладзе на звычайную мову «экстрэмісцкія злачынствы» — гэта палітычна матываваныя крымінальныя справы, «супрацьпраўныя дзеянні, учыненыя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій», — гэта каментары ў інтэрнэце з крытыкай лукашэнкаўскага рэжыму і яго прадстаўнікоў.


Глядзіце таксама

З'явілася інфармацыя пра масавыя раптоўныя пераводы палітвязняў з «цяжкімі артыкуламі» ў іншыя калоніі.

Вядома пра такія выпадкі ў івацэвіцкай ПК № 22 і магілёўскай ПК № 15. Паводле папярэдняй інфармацыі, раптоўна пераводзяць у іншыя месцы палітвязняў, асуджаных паводле «цяжкіх артыкулаў», а таксама тых, хто знаходзіцца ў «спісе тэрарыстаў».

Прычыны пераводаў палітвязняў і іх новыя месцы адбыцця тэрмінаў высвятляюцца.

Яшчэ 15 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Такі статус атрымалі ўзятыя пад варту і асуджаныя паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») Сяргей Ботвіч, Арцём Янкоўскі, Павел Невыглас, Кірыл Мацюта, Максім Варнель. Таксама палітвязнямі прызнаныя пераследуемыя паводле арт. 342 КК Аляксандр Лыкшын, Уладзімір Лыкшын, Ганна Чаркас, Тамара Астрэйка, Ларыса Катовіч, Ксенія Рыжык, Кацярына Цэван, Эльдар Сафараў, Юлія Станкевіч. Таксама палітзняволеным цяпер з’яўляецца Юрый Дабрахотаў, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт 328 Крымінальнага кодэкса (за захаванне нязначнай колькасці марыхуаны).

На сёння ў Беларусі 1499 палітвязняў, але гэта толькі тыя, пра каго маюць інфармацыю праваабаронцы. Насамрэч палітзняволеных нашмат больш.