«Улады паводзяць сябе як тэрарысты, якія захапілі самалёт, — і мы кудысьці з імі ляцім»

Звальненьні і пасадкі лекараў, ад’езд мэдыкаў, праца ва ўмовах закрытай краіны, разбурэньне прыватнага сэктару мэдыцыны, палітрукі ў шпіталях. «Свабода» пагаварыла пра вынікі году ў мэдыцыне з экспэртамі — Станіславам Салаўём, прадстаўніком незалежнага прафсаюзу беларускіх мэдыкаў «Панацэя» ў складзе Свабоднага прафсаюзу беларускага, і Лідзіяй Тарасенка, каардынатаркай Фонду мэдычнай салідарнасьці.

Фота «Свабоды»

Фота «Свабоды»

Масавы ад’езд мэдыкаў і спробы ўладаў спыніць яго

— Фонд мэдсалідарнасьці праводзіў сёлета маніторынг сыстэмы аховы здароўя ў Беларусі. Давайце сфармулюем асноўныя праблемы беларускай сыстэмы аховы здароўя ў 2023 годзе.

Станіслаў Салавей: Працягваецца масавы адток мэдычных кадраў з галіны. Дактары і мэдсёстры зьяжджаюць, уцякаюць з сыстэмы. На тых, хто застаецца, адпаведна, нагрузка павялічваецца. Больш за палову дактароў у стацыянарах перапрацоўваюць, працуюць на паўтары стаўкі, працуюць у парушэньне працоўнага заканадаўства. Улады спрабуюць змагацца з ад’ездам мэдыкаў абмежавальнымі захадамі ў духу закону аб ардынатуры, які прадугледжвае пяцігадовую як мінімум адпрацоўку пасьля заканчэньня мэдычнай ВНУ.

Сёлета часта фіксавалася часовае зьнікненьне лекаў. Прычым тых, якія не павінны зьнікаць. Пра зьнікненьне з продажу супрацьпухліннага сродку тамаксыфэну сёлета пісалі некалькі разоў. Гэты лек патрэбны пацыентам стала, таму адтэрміноўка ў пастаўках, адтэрміноўка ў лячэньні — рызыка рэцыдыву анкалягічнай хваробы.

Сёлета па дзяржаўным тэлебачаньні агучылі статыстыку па невялікіх ФАПах (фэльчарска-акушэрскія пункты) у Браслаўскім раёне: у Браславе 20% дактароў — пэнсіянэры, у 16% ФАПаў працуе мэдык-пэнсіянэр, і ён там адзіны. Гэта азначае, што калі ён сышоў, то пункт закрыўся.

Дактароў не хапае, мэдсёстраў не хапае, санітарак не хапае. Улады спрабуюць з гэтым змагацца, ствараючы бачнасьць, павялічваючы нагрузкі, але па факце дэфіцыт мэдработнікаў усё мацнейшы. Затыкаць дзіркі маладымі спэцыялістамі — малаэфэктыўны спосаб. Мінздароўя стварае карцінку, што ў іх усё добра. Праверкі праводзяць усе, каму не лянота, а вынік такі, што загадчыкі аддзяленьняў, начмэды, шараговыя дактары будуць пакараныя. Нейкі доктар у Брагіне будзе вінаваты ў тым, што пацыент ня быў адпраўлены на МРТ. Вінаваты будзе доктар, а не чыноўнікі зь Мінздароўя.

— Лідзія, назавіце тры ініцыятывы ўладаў у сфэры арганізацыі аховы здароўя, якія пагоршылі сытуацыю.

Лідзія Тарасенка: Мне падаецца, што ўлады ў Беларусі паводзяць сябе падобна да тэрарыстаў, якія захапілі самалёт — і мы кудысьці зь імі ляцім. Так, усе ў адным самалёце, але лёс пасажыраў цікавіць тэрарыстаў як лёс рэсурсу, які ім дастаўся. Гэтак жа ўлады Беларусі паводзяць сябе ў адносінах да людзей. Усё, што робяць улады, — і гэта ня ўтрыраваньне, — накіравана на спробы ўлады палепшыць сваё ўласнае становішча. Глябальна я б вылучыла тры асноўныя блёкі, якія сапраўды моцна пагаршаюць стан аховы здароўя для канкрэтнага чалавека. Гэта прагрэсуючы недахоп кадраў, а таксама недаступнасьць мэдычнай дапамогі і новых тэхналёгій, высокіх тэхналёгій і нават простых тэхналёгій. І трэці момант — дэзынфармацыя, якая стала настолькі глябальнай і ўсёабдымнай, што ўжо нікога не цікавіць. Гісторыя з аддзяленьнем гастраэнтэралёгіі тры гады таму зрабіла б вялікую навіну — праз тое, што такая нястача спэцыялістаў. Цяпер недзе краем праскочыла гэтая навіна і ня выклікала асаблівага ажыятажу.


Глядзіце таксама

— Станіслаў, як уплывае на мэдычную сыстэму праца ва ўмовах санкцый, ва ўмовах закрытай краіны?

Станіслаў Салавей: Падаецца, што ніводзін лек, ніводная апаратура ня трапіла пад санкцыі. Адзінае, што санкцыі ўдарылі па кашальку дыктатара, і ён будзе ашчаджаць не на сілавіках, не на сваёй кішэні, не на сваіх рэзыдэнцыях, а на набыцьці нармальных лекаў, нармальнай мэдычнай тэхнікі. Я б не сказаў, што санкцыі прычына. Прычына — чыноўнікі і створаная сыстэма. Гэта манапалісты, празь якіх праходзяць усе закупкі, і з прычыны іхнай непаваротлівасьці, жаданьня зэканоміць ці банальнага шкодніцтва людзі своечасова не атрымліваюць неабходных лекаў, апаратура своечасова не праходзіць тэхнічнага абслугоўваньня. Чыноўнікам вельмі зручна сьпісваць свае касякі на санкцыі. Пакажыце санкцыі супраць мэдычнай галіны, калі не лічыць санкцыяў супраць чыноўнікаў кшталту Рума ці Шаўцова, якія дачыненьне да мэдыцыны маюць меншае, чым да дыктатара.

Не праз санкцыі міністар езьдзіў цэлы год па Кітаі і даказваў, што трэба ўкараняць кітайскую народную мэдыцыну. Гэта абсурд, калі міністар з трыбунаў заяўляе, што народная мэдыцына Кітаю — гэта клясна, калі Мінздароўя сваім загадам прапаноўвае, па сутнасьці, клінікам прадаваць беларусам махлярскія спосабы, якія маскіруюцца пад мэдыцыну.

— Лідзія, наколькі пагоршылася сытуацыя ў прыватнай мэдыцыне, якія працэсы там адбываюцца? Якія найбольш гучныя справы 2023 году супраць прыватных цэнтраў?

Лідзія Тарасенка: Нічога прынцыпова новага. Жах у тым, што рэчы становяцца ня гучнымі, а яны становяцца ўсё больш схаванымі. Гвалт становіцца звычайнасьцю, і рэпрэсіі ў такой меры адбываюцца, што гаварыць пра гэта страшна. Я ня ведаю, ці застаўся ў краіне хоць адзін мэдычны бізнэс, на ўласьніка якога не заведзеная крымінальная справа. Стала абсалютна нармальным «даіць» гэтых людзей. Калі раней цягалі на допыты і патрабавалі выкупы, і яшчэ маглі сарамліва напісаць суму на паперцы і падсунуць, то цяпер кажуць у твар, колькі вы нам вінныя за тое, каб мы нават не закрылі вашу крымінальную справу, а каб мы яе куды-небудзь адклалі. Крымінальныя справы заводзяцца ня толькі на ўласьнікаў прыватных мэдычных цэнтраў, але і на мэнэджараў сярэдняга зьвяна.

Прыватная мэдыцына знаходзіцца ў тых жа ўмовах, што і любы іншы бізнэс, што і любая іншая мэдыцына. Цэнтры закрываюцца, яны ўсё больш падмятыя пад інтарэсы дзяржавы, усё больш гэта пункты, дзе дзяржава зьбірае аброк, падатак, даніну. Ніколькі ня лепшыя справы там, чым у дзяржаўнай мэдыцыне, проста крыху іншыя праблемы.

— Станіслаў, абапіраючыся на дадзеныя маніторынгу грамадзкай сыстэмы аховы здароўя, пра што пазытыўнае вы маглі б сказаць? Людзі, новыя мэтады лячэньня, новыя шпіталі і абсталяваньне. Чым можна пахваліцца?

Станіслаў Салавей: Мінздароўя рэгулярна справаздачыцца пра нейкія апэрацыі, якія робяць у буйных РНПЦ, і гэта добра. Але праблема ў тым, што карысьць ад гэтага адчуюць дзесяць-пятнаццаць чалавек у год. Пры гэтым пагаршаецца дапамога для сотняў і тысяч людзей. Добра, што робяцца новыя апэрацыі, дрэнна, што ўсё астатняе дэградуе. Тое, што робяць рамонты ў ФАПах, фарбуюць сьцены ў шпіталях, недзе купяць новы апарат УГД ці паставяць ляпараскапічную стойку ў Смалявічах, гэта, безумоўна, добра. Але доктар можа працаваць і ў намёце, проста сьцены ня лечаць, так не працуе. Першая праблема — кадры. Пакуль ня будзе кадраў, можна будаваць новыя шпіталі, новыя карпусы, гэта ня вырашыць праблемы. З пазытыўнага я назваў бы закон аб ардынатуры, калі зь яго выключыць пункт пра «рабства» — 5-гадовую адпрацоўку.


Глядзіце таксама

— Ці пазытыўнае рашэньне, што платныя паслугі ў дзяржаўных шпіталях будуць цяпер і па выходных аказваць?

Станіслаў Салавей: Гэта спроба адціснуць платны сэгмэнт мэдыцыны ў прыватных цэнтраў. Калі глядзець на наша сёлетняе расьсьледаваньне працы мэдыкаў, то ў сярэднім больш за палову дактароў у стацыянарах працуюць на паўтары стаўкі, працуюць на мяжы. Зь іх больш за 50% паведамляюць, што маюць зьмены ў 32 гадзіны. Гэта парушэньне працоўнага заканадаўства. І гэтым людзям кажуць: а давайце вы яшчэ і ў выходныя папрацуеце, у суботу зробіце плянавую апэрацыю, падзяжурыце ў нядзелю. Ці пыталіся ў дактароў? Ці разьмяркоўваецца гэтая нагрузка?

Тут парадокс выходзіць. У нас дэкляруецца бясплатная мэдыцына. І праз год прыйдзе пракурор і запытае ў загадчыка аддзяленьня: а чаму пацыента праапэравалі платна ў выходны дзень? А чаму не бясплатна? І такія размовы ўжо былі, калі пракуратура правярала і пыталася: а чаму пацыентам навязваюць платныя паслугі? Пацыент напіша скаргу на доктара, што яго прымусілі праапэравацца платна. Гэта ж карупцыя. Калі некаму трэба будзе лішнюю зорачку на пагоны, ён проста пасадзіць некалькіх загадчыкаў аддзяленьняў, якія так рабілі. Я лічу, што гэта вельмі крывое і бязглуздае рашэньне, якое не накіравана на дапамогу людзям і не аблегчыць жыцьцё мэдыкам.

Што хаваюць улады ў мэдыцыне

— Лідзія, якія самыя закрытыя сфэры ў мэдыцыне, пра якія мінімум інфармацыі? Што хаваюць улады? Здароўе Лукашэнкі, узровень сьмяротнасьці, рэальныя лічбы недахопу мэдыкаў?

Лідзія Тарасенка: І раней сыстэма была закрытая. Памятаю, як я, будучы загадчыцай аддзяленьня ў раённай бальніцы, пісала справаздачы. Лічбы бяруцца з галавы... Любыя лічбы... Дзяржаве не падабаецца гаварыць пра любыя памылкі ў ахове здароўя, пра тое, што ў нас у прынцыпе нешта ня так. Любая памылка заціскаецца пад дыван, і на ёй ніхто ніколі ня вучыцца. Хаваецца інфармацыя пра грошы ў ахове здароўя. Ніхто не называе сапраўдных лічбаў, колькі каштуе лячэньне, колькі дзяржава рэальна траціць на ахову здароўя, а колькі плацяць людзі са сваёй кішэні праз тыя самыя платныя паслугі. Калі ў дзяржаўных клініках аказваюць платныя паслугі, а пры гэтым усё абсталяваньне, усё, за кошт чаго паслугі аказваюцца, куплена за грошы падаткаплатнікаў, пра гэта таксама не гавораць.

Станіслаў Салавей: Вельмі апэратыўна ўлады рэагуюць на крытыку дэфіцыту лекаў, дэфіцыту мэдыкаў і чэргаў на мэдычныя паслугі. Лукашэнка наконт гэтага рэгулярна «праходзіцца», і Качанава таксама. «Як толькі зробяць біяпсію, адразу лячыць, адразу на МРТ», — загадваюць. Хоць прыняты закон, які дакладна рэглямэнтуе, колькі можна з гэтым цягнуць. Пасьля біяпсіі пачаць лячэньне анкалягічнага захворваньня дактары маюць права на працягу 30 працоўных дзён.

Тое самае з чаканьнем пратэзаваньня тазасьцегнавых суставаў. «Усім паставіць да канца году!». Не паставілі, затое Качанава на нейкім публічным прыёме грамадзянаў распарадзілася паставіць пратэзы суставаў дзьвюм жанчынам. Ім панскай рукой трэба заўтра паставіць. І паставілі ж. А тое, што пасунулі агульную чаргу, нікога не хвалюе.

Лідзія Тарасенка: Нам бракуе даных пра сьмяротнасьць, пра ўзровень вакцынацыі. Паглядзіш даныя па любых вакцынах — сама меней 97% вакцынаваных. Адкуль тады ўспышкі розных захворваньняў бяруцца, незразумела. Потым высьвятляецца, што 92 тысячы дозаў вакцынаў былі «вылітыя» толькі ў адной паліклініцы. Бракуе статыстыкі насамрэч па ўсім.


Глядзіце таксама

«Беларусь моцна адстала ў мэдыцыне»

— Станіслаў, якія адкрыцьці ў мэдыцыне ў сьвеце былі ў 2023 годзе, якія даюць надзею пацыентам і лекарам? Што мелася б прыйсьці ў Беларусь з навацый у мэдыцыне?

Станіслаў Салавей: У Беларусь шмат чаго мелася б прыйсьці ўжо даўно — імунатэрапія і адэкватнае клінічнае лячэньне лекамі розных захворваньняў. Цяпер актыўна разьвіваецца генная тэрапія. Генэтычныя паломкі, якія вядуць да розных захворваньняў, чалавецтва сяк-так пачынае лячыць. Самы просты прыклад — сьпінальна-мышачная атрафія. Ёсьць уколы, якія вельмі дорага каштуюць, але якія вырашаюць праблему.

Рабатызаваная хірургія дазваляе дасягнуць добрага лячэньня. Беларусь моцна адстала ў мэдыцыне. У нас дагэтуль базавую апэрацыю ляпараскапічнага выдаленьня маткі лічаць ледзь не высокатэхналягічнай апэрацыяй, яе робяць штучныя спэцыялісты ў абласных гарадах і сталіцы. Але гэтую апэрацыю ўпершыню ў сьвеце зрабілі ў 1989 годзе, я яе аднагодка.

Прынцып Мінздароўя — што мы зробім «пацёмкінскую вёску» ў выглядзе РНПЦ хірургіі, дзе перасаджваюць пячонку ды іншыя складаныя рэчы робяць. Гэта ўсё клясна, але для жыхара Брагіна пры нестандартных сытуацыях мэдычная дапамога адстае ад міжнароднай на гадоў 10-20 ужо.

Мэдыцына разьвіваецца вельмі хутка. Тое, пра што мы не маглі марыць гадоў 10 таму, даўно ўжо існуе. У гінэкалёгіі гэта стандартная сытуацыя — перасадка маткі. Органы друкуем на 3D-прынтэрах. Гэта тое, да чаго ідзе ўвесь сьвет. Людзі аднаўляюць страчаны зрок, паралізаваныя людзі атрымліваюць магчымасьць рухаць сваім целам, выкарыстоўваючы экзашкілеты, у мэдыцыне ўкараняецца штучны інтэлект. Але гэта як савецкаму грамадзяніну ў пэрыяд застою тры тыдні стаяць у чарзе па зімовыя боты і слухаць, як нашы касьмічныя караблі паляцелі на Месяц.

Мы адстаем. Я спадзяюся, што калі-небудзь мы зможам хаця б наблізіцца на дыстанцыю гадоў пяць да ўзроўню таго, што можа атрымаць пацыент у Швайцарыі, Нямеччыне, Амэрыцы. Так, няма ідэальнай сыстэмы аховы здароўя, але магчымасьці атрыманьня мэдычнай дапамогі калясальна адрозьніваюцца.


Глядзіце таксама

«Веру, што ў будучыні хваля эміграцыі мэдыкаў пойдзе нам у плюс»

— Лідзія, што можна сказаць пра супольнасьць беларускіх мэдыкаў за мяжой? Наколькі яна вялікая, аб’яднаная і здольная на ўзаемадапамогу?

Лідзія Тарасенка: Дактароў і мэдсёстраў сапраўды вельмі шмат зьехала. Мы ня можам усіх палічыць, але, напэўна, гэта не першачарговая задача. Нельга сказаць, што мы аб’яднаныя і выступаем як адзінае цэлае ў адной арганізацыі, напрыклад, Фондзе мэдсалідарнасьці. Нам ёсьць да чаго імкнуцца. Я бачу, што цяпер наша дыяспара, увогуле беларуская і мэдычная ў прыватнасьці, значна больш усьвядомлена сябе адчувае, чым гэта было тры гады таму. Людзі сапраўды ня страцілі здольнасьць да ўзаемадапамогі. Яны вельмі часта робяць гэта непублічна, не выступаючы пад сьцягамі, не выходзячы на вуліцы, але я бачу, як людзі, якія толькі прыехалі, атрымліваюць дапамогу ад калегаў практычна заўсёды. Нельга сказаць, што адразу прыбягуць, паселяць і знойдуць працу і ўсе твае праблемы за цябе вырашаць, але людзі рэальна здольныя і гатовыя аказваць дапамогу, робяць гэта сьвядома і сыстэмна.

— Зь якім пачуцьцём вы гледзіце ў 2024 год што да вашай уласнай працы і таго, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку і ў мэдыцыне?

Станіслаў Салавей: Застануся ўпартым аптымістам. Я веру, што і гэтую чорную паласу ўдасца разьвярнуць у адваротны бок. Я разумею, што мала шанцаў, што вернецца большасьць мэдыкаў, якія ўладкаваліся на працу ў Эўропе. Але калі рухне дыктатура, тыя, хто зьехаў, дапамогуць выбудаваць сувязі і навярстаць, нагнаць беларускай мэдыцыне эўрапейскую. Ёсьць сетка кантактаў, ёсьць куды паехаць павучыцца, і гэтак далей. Веру, што ў будучыні гэтая хваля эміграцыі пойдзе нам у плюс. Так, цяпер вельмі цёмны час, але мы зможам у будучыні сямімільнымі крокамі даганяць увесь цывілізаваны сьвет.

Лідзія Тарасенка: Я ўжо напісала Дзеду Марозу ліст з просьбай аб літасьці. Ня ведаю, куды ўсё рухаецца. У мяне ў галаве нэгатыўныя сцэнары на бліжэйшы час, хоць гэта грунтуецца на адчуваньнях, а не на аналізе закрытых крыніцаў. Думаю, што самае галоўнае — захаваць у сабе чалавека, трапіць у кампанію аднадумцаў і не здавацца.