«Што яны мне зробяць? Тэрмін у ШІЗА дададуць? Ну і добра». Гісторыя былога палітвязня

Больш за тысячу палітвязняў ужо адседзелі свае тэрміны за кратамі і выйшлі на волю. Часта людзі баяцца расказваць пра свой турэмны досвед, але некаторыя гісторыі па-ранейшаму гучаць.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg

«Дык дзе тут у анархісты бяруць?» —  спытаў амапавец у Валерыя, які ляжаў на падлозе ў кайданках. Гэта быў «жарт»: у «ВКонтакте» ў Валерыя быў пост з заклікам уступаць у анархісты. Пасля затрымання было «пакаяльнае» відэа, два судовыя пасяджэнні за суткі і два гады калоніі па абвінавачанні ў «абразе Лукашэнкі». «Медыязона» расказвае гісторыю палітвязня Валерыя Панкратовіча.

«Мы цяпер цябе да амапаўцаў выведзем, яны хутка ўсё растлумачаць». Затрыманне, допыт і «пакаяльнае» відэа

Валерыю 26 гадоў. 5 кастрычніка 2021 года сілавікі маглі не заспець яго ў пакоі інтэрната — звычайна ў такі час ён ужо быў на працы ў калгасе. Працаваў Панкратовіч аграномам, з 8-й да 17-й па буднях. Але гэтым разам застаўся дома, бо адпачываў пасля ночы: давялося вартаваць у полі тэхніку, каб яе не скралі.


Глядзіце таксама

«Грукаць нават не спрабавалі: вынеслі дзверы — у масках, без апазнавальных знакаў. Адзін — са шчытом і аўтаматам, астатнія — з пісталетамі, з ліхтарыкамі».

Валерыя затрымалі праз рэпосты ў сацыяльных сетках.

«У мяне першая думка была, што гэта "развод" сябры мае зладзілі, праплацілі. Але калі яны пачалі мяне дапытваць, калі сказалі, што яны з ГУБАЗіКа, я ўжо ўсё зразумеў. Зразумеў што ўсё, прыплылі».

Хлопец згадвае затрыманне: міліцыянты скінулі яго з крэсла, паклалі на падлогу, апранулі і зацягнулі да максімуму кайданкі, некалькі разоў ударылі па твары тыльным бокам далоні — за тое, што «борза размаўляў».

«Адзін амапавец спытаў: "Дзе тут у анархісты бяруць?". Кшталту пажартаваў так, у мяне ў ВК быў допіс: "Уступайце ў анархісты"».

Панкратовіча вывелі з інтэрната, паклалі на падлогу ў міліцэйскім бусе і павезлі ў Ваўкавыск — за 15 кіламетраў ад Юбілейнага. Там ён яшчэ гадзіну ляжаў на падлозе машыны, пакуль яго прынялі ў мясцовым аддзяленні міліцыі.

У Ваўкавыску хлопца дапыталі, а потым прымусілі зняцца ў «пакаяльным» відэа.

«Далі тэкст, што вось, я падпісаны на такія і такія каналы — я пагадзіўся, гэты тэкст сказаў на камеру. Потым яны яшчэ кажуць: трэба павіншаваць АМАП са святам нейкім. Я адмовіўся. Кажуць: "Так мы цяпер цябе да гэтых амапаўцаў выведзем, яны табе хутка ўсё растлумачаць". Я кажу: "Ну, вядзіце. Я ж уяўляю, што са мной на зоне зробяць за гэтыя вашы віншаванні". Так што я ў выніку нікога не віншаваў».

«Мне не падабаецца галоўнакамандуючы, і ў такім войску я служыць не збіраюся». Папярэдняя судзімасць і новая «крыміналка»

Пасля гэтага Валерыя змясцілі ў ІЧУ і арыштавалі паводле адміністрацыйнага артыкула аб «распаўсюдзе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў» на 15 дзён. Пад канец адміністрацыйнага арышту ў камеру да Валерыя прыйшла следчая — паведаміла пра ўзбуджэнне крымінальнай справы.

Хлопца пакінулі пад вартай. На яго думку, ролю адыграла тое, што раней ён быў судзімы — за адмову служыць у войску.

«У 2021 годзе мяне судзілі за ўхіленне ад войска. Хоць я не ўхіляўся, а проста сказаў, што служыць не буду. Мяне выклікалі ў суд, у судзе я сказаў, што мне не падабаецца галоўнакамандуючы і ў такім войску я служыць не збіраюся. Мне далі год умоўна і 30 базавых штрафу», — згадвае ён.

Навіна пра крымінальную справу стала шокам, у першую чаргу Валерый падумаў пра блізкіх.

«Тады зразумеў, што ўсё, будзе тэрмін. Падумаў пра маму — што ёй будзе вельмі далёка да мяне ездзіць, калі перадача ці нешта такое».


Глядзіце таксама

Мама прыязджала двойчы — адзін раз забраць рэчы Валерыя з інтэрната і зрабіць яму перадачу ў СІЗА, другі раз — на суд. Ён праходзіў у закрытым рэжыме, таму сваякоў пусцілі толькі на абвяшчэнне прысуду.

«Мне далі два гады: паўтара за "абразу" і паўгода яшчэ з таго ўмоўнага тэрміну. Асудзілі літаральна за суткі: было два пасяджэнні, больш ім не спатрэбілася».

Пасля прысуду Панкратовіч пабачыўся з роднымі на спатканні: кажа, брат трымаўся, мама плакала і гаварыла, што ён дарма ў «гэта» ўлез.

«Маці ў мяне мала разумее ў гэтай палітыцы, а я стаю на сваім. Мне і пра калонію казала, каб я нікуды не лез. Але я ж не буду маўчаць — не магу. Таму мяне "каталі" потым і ў ШІЗА, і ў ПКТ я быў да канца тэрміну».

«У нас шмат заставалася зэкаў, груба кажучы, голых». Двое сутак этапу і каранцін

З Гродна, дзе ўтрымліваўся да суду палітвязень, яго этапавалі ў ПК-2 у Бабруйску. Дарога заняла двое сутак. Асуджаных везлі на спецыяльным цягніку з «начлегам» у ІЧУ ў Баранавічах. Увесь час у цягніку Валерый ехаў у кайданках.

«Нават забойцы ехалі без кайданкоў, а я са сваёй "абразай" і двума гадамі — галоўны тэрарыст».

У калоніі Валерый апынуўся на пачатку зімы 2022 года, незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пасля прыезду яго разам з іншымі зняволенымі адправілі не адразу ў атрад, а ў каранцін. У гэты час, згадвае Панкратовіч, было цяжка — праз надвор'е.


Глядзіце таксама

«У ПК ты прыязджаеш, там нагала стрыгуць. І зноў ператрус. Рэчы, якія ў калонію не праходзяць, адпраўляюць на склад. І ў нас шмат заставалася зэкаў, груба кажучы, голых. Адзенне, якое там выдаюць — гэта вельмі тонкія рэчы. А час — люты, і мы ў карантыне вельмі шмат часу праводзім на вуліцы. Многія моцна мерзлі».

«Мы хлопцы, сабраныя ўсе ў кучу, на нервах, і няма жанчын». Калонія

Пасля пераводу ў атрад стала крыху лягчэй. Там, згадвае Валерый, дазвалялі карыстацца імбрычкам, з'яўлялася больш вольнага часу — можна было чытаць, глядзець тэлевізар ці займацца спортам. У «качалку» ў калоніі, паводле слоў Валерыя, пускалі толькі тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй — астатнія займаліся на брусах у «спортгарадку» ў атрадзе, і гэтага хапала.

У калоніі, расказвае былы палітвязень, востра адчуваецца недахоп таго, што даступна ў звычайным жыцці.

«Ежы хатняй не хапала, напояў нейкіх. Там можна было купіць колу, але яна каштавала амаль шэсць рублёў — за такія грошы не станеш яе купляць. Салодкага хацелася — торта або пірожных. Піва.

Мы хлопцы, сабраныя ўсе ў кучу, на нервах, і няма жанчын. Таксама такое сабе шчасце. Першы час не хапала тэлефона: проста лезеш у кішэню, а там няма яго! Нават проста асабістай прасторы не хапала».


Глядзіце таксама

На працу, паводле слоў Валерыя, ён хадзіў толькі на абавязковыя тры гадзіны ў дзень — працаваў на перапрацоўцы гумы. Бывала, у вольны час спаў.

«Спаць было забаронена, але я спаў, і мне было ўсё роўна. Я спаў нават у ШІЗА. Што яны мне зробяць? Тэрмін у ШІЗА дададуць? Ну і добра», — спакойна кажа былы палітвязень.

У штрафным ізалятары ён правёў 60 сутак, а на 3 месяцы перад вызваленнем яго перавялі ў ПКТ.

Цалкам гісторыю палітвязня можна прачытаць тут.