Міжнародныя поспехі і правалы Лукашэнкі. Версія «2023»

Палітычны аналітык і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» падводзіць вынікі года з пункту гледжання дыпламатычных дасягненняў беларускіх уладаў.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна, dw.com

Карыкатура Сяргея Ёлкіна, dw.com

Паміж імі нельга ставіць знак роўнасці: не ўсё, што добра для Беларусі, добра для рэжыму і наадварот. Хоць супадзенні здараюцца і 2023-ці ў гэтым сэнсе не стаў выключэннем. Напрыклад, дыстанцыяванне ад вайны Расіі ва Украіне і няўдзел у ёй беларускімі Узброенымі сіламі ў інтарэсах і Беларусі, і рэжыму. 

Прывітанне, зброя

Абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі не вядуцца ўжо больш за год, ні адзін беларускі салдат украінскую мяжу пакуль не перасёк. Украінскія ўлады «аддаюць належнае» за гэта Лукашэнку, прызнаючы яго заслугу. Беларускія дэмсілы схільныя лічыць гэта «недапрацоўкай» Пуціна. Аднак Кіеву ў дадзеным выпадку можа быць лепш відаць з прычыны ўласных агентурных звестак і захавання сваёй прысутнасці ў Мінску ў выглядзе пасольства.

Украінскі бок (сакратар Рады нацбяспекі Аляксей Данілаў) нават неяк дапусціў удзел Лукашэнкі ў расійска-ўкраінскім мірным працэсе, што ўвогуле характарызуе некаторы рост акцый Аляксандра Рыгоравіча пасля абвалу ў лютым 2022-га. 

Менш за ўсё хто-небудзь чакаў пачуць прозвішча Лукашэнкі ў прывязцы да ўрэгулявання прыгожынскага бунту. Аднак яно прагучала, Масква пацвердзіла, Пуцін публічна падзякаваў.

Рэжым запісаў сабе ў плюс размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі, якое, наколькі можна меркаваць, адбывалася з другой паловы года. Для Беларусі гэта, зразумела, мінус. 

Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі паставіла тлустую кропку ў гісторыі пра беларускае донарства рэгіянальнай бяспекі, якое пачынаецца яшчэ з Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і бяз'ядзернай зоны ў якасці мэты Беларусі. 


Глядзіце таксама

На той час у пераліку атамных боезарадаў на плошчу краіны і колькасць насельніцтва Беларусь фармальна была самай ядзернай дзяржавай. Іх вывад стаў рэальным укладам у працэс ядзернага раззбраення ў свеце. Можна згадаць ініцыятыву аб стварэнні ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе бяз'ядзернай зоны, якая прасоўвалася Беларуссю, пачынаючы з 1990 года і пры Лукашэнку, і так і не была рэалізаваная. Аднак тут важны сам факт — на баку якіх ідэй выступаў Мінск.

Для Лукашэнкі расійская ядзерная зброя стала дадатковай крыніцай абароны, напрыклад, ад вайсковага ўварвання з Украіны. Яшчэ гэта новая моцная карта ў калодзе Лукашэнкі на будучыню: для перамоваў з Захадам на тэму вываду ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. 

Можна, вядома, лічыць, што ядзерная зброя ўзмоцніла кантроль Крамля над Мінскам, бо яна належыць РФ, але тактычныя боезарады кантраляваць складаней, чым стратэгічныя. Невыпадкова ў свой час менавіта тактычныя боегалоўкі выводзілі з Беларусі першымі (у 1992-м, а стратэгічныя — у 1996-м). 

Да таго ж, дэстабілізацыя сітуацыі ў Расіі, якую не так ужо складана сабе ўявіць пасля прыгожынскага бунту, можа даць уладам у Беларусі магчымасць авалодаць зброяй і кантролем над ёй. Такі паварот падзей зусім не абавязковы, але яго нельга выключаць.

Пераезд ПВК «Вагнер» у беларускую юрысдыкцыю — таксама падзея з палярнымі наступствамі для краіны і рэжыму. Улады ад гэтага набылі: узмацнілі шэрагі сілавікоў дасведчанымі байцамі, займелі пудзіла для суседзяў. Суседзі сапраўды ўразіліся, і Беларусь у выніку зноў пацярпела: зведзена да пражытачнага мінімуму колькасць дзеючых памежных пераходаў з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Шчыліны, вокны, дзверы ў свет

Толькі сёлета ў Мінску прайшлі дзве цырымоніі ўручэння даверчых грамат ад замежных паслоў нелегітымнаму Лукашэнку. У 2023 годзе сакрамэнт прызнання яго прэзідэнцтва здзейснілі паслы 20 краін, уключаючы такія, якія, здаецца, маглі ў ім не браць удзелу — Паўднёвая Карэя, Мексіка, Панама і нават Венгрыя.

Усяго з моманту таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі ў 2020-м адбылося ўжо 8 цырымоній, праз якія прайшлі паслы звыш 60 дзяржаў, што прадстаўляюць усе кантыненты, акрамя Аўстраліі. 

Да нармалізацыі на заходнім вектары пакуль яшчэ далёка, але і там здарыліся метамарфозы, што скарачаюць адлегласць, якія многім здаваліся немагчымымі.

Уладам удалося прасячы венгерскае акно ў Еўропу: абмен візітамі з Венгрыяй на ўзроўні міністраў замежных спраў цягне на прарыў ізаляцыі Еўрапейскага Саюза.

Канферэнцыя высокага ўзроўню па еўразійскай бяспецы, якая прайшла ў Мінску ў кастрычніку, — таксама поспех афіцыйнага Мінска дзякуючы ўдзелу ў ёй кіраўніка МЗС Венгрыі і такіх гасцей, як былы генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер. Яны разбавілі злёт палітыкаў і аналітыкаў прапагандысцкага разліву, стварыўшы эфект адкрытай міжнароднай дыскусіі.


Глядзіце таксама

Не ўсё складвалася добра для ўладаў на міжнароднай арэне. Буйной знешнепалітычнай паразай афіцыйнага Мінска можна лічыць пралёт на выбарах у непастаянныя члены Савета Бяспекі ААН. У гэтым выпадку, праўда, Беларусь таксама прайграла: сама па сабе дэмакратычная будучыня не гарантуе месца ў Радзе Бяспекі ў будучыні. Гэта ўпушчаны шанец палепшыць міжнародны імідж, адыграць канструктыўную і карысную для міру і бяспекі ролю.

Асноўны фокус знешняй палітыкі афіцыйнага Мінска зрушыўся на краіны «далёкай дугі». Адносіны з імі, за рэдкім выключэннем, развіваюцца як ні ў чым не бывала і нават пашыраюцца. Напрыклад, у снежні прайшоў першы ў гісторыі раўнд кансультацый паміж МЗС з Саудаўскай Аравіяй.

Лукашэнка з пачатку года паспеў пабываць у Зімбабвэ, двойчы ў ААЭ, шматкроць у Расіі, двойчы ў Кітаі, у Іране, Экватарыяльнай Гвінеі, Кеніі. Прыняў шмат каго з візітам у Мінску. Ён паўдзельнічаў у віртуальным саміце ШАС у Індыі і ў Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату ў ААЭ. Прапаганда старалася паднесці гэтыя мерапрыемствы як паўнавартаснае міжнароднае жыццё, і гэта ўжо не выглядала вялікім перабольшаннем.

Прычым на саміце ў Дубаі разам з Лукашэнкам удзельнічалі кіраўнікі заходніх дзяржаў. І толькі лідары трох краін — Польшчы, Латвіі і Літвы — адмовіліся ад сумеснага з ім фатаграфавання.

Калі б пра дэмарш не было заяўлена публічна, наўрад ці б хтосьці заўважыў адсутнасць лідараў гэтых краін на калектыўным фота. Усё-ткі ў саміце і калектыўным фота ўдзельнічалі практычна ўсе краіны свету. Лёгка не заўважыць страту трох. Куды складаней разгледзець на ім ізаляцыю рэжыму.

У цяперашняй сітуацыі кулуарныя кантакты на палях саміту здаюцца больш пераважнымі, чым падобнага роду дэмаршы. Яны маглі б адыграць станоўчую ролю, напрыклад, у лёсе асобных палітвязняў, якія цікавяць Польшчу.

У 2023 годзе Мінск падаў заяўку на ўступленне ў БРІКС. Адчувальных палітычных перашкод для яе станоўчага разгляду не відаць, хоць Беларусь і не трапіла ў першую хвалю пашырэння. Наступны саміт БРІКС адбудзецца ў Расіі, а гэта сведчыць пра цалкам рэалістычныя магчымасці для Мінска асядлаць другую хвалю пашырэння.

Чакаецца, што ў 2024-м завершыцца працэс афармлення сяброўства Беларусі ў ШАС. У цэлым цікавасць Беларусі да супрацоўніцтва і з ШАС, і з БРІКС не залежныя ад рэжыму. Гэты той выпадак, калі інтарэсы сыходзяцца, ужо зыходзячы толькі з эканамічнай вагі гэтых міжнародных структур. Рэжым і спецыфіка яго адносінаў з навакольным светам якраз служыць абмежавальным фактарам, што перашкаджае раскрыцца патэнцыялу напоўніцу.

Кітайскі выхад з расійскай пасткі

Няўдзел Лукашэнкі ў міжнародным форуме «Адзін пояс, адзін шлях» у Пекіне даў падставу для дзіўнай высновы аб тым, што начальніка ўсяе Беларусі туды не запрасілі, а «жалезнае братэрства» паміж Беларуссю і Кітаем пачало ржавець. Хоць версію пра адсутнасць запрашэння можна адмесці адразу, інакш на форум ад Беларусі не паехаў бы наогул ніхто. 

У цэлым нейкія бачныя падставы падазраваць нядобрае ў беларуска-кітайскіх адносінах адсутнічаюць. Кітай прыняў Лукашэнку з дзяржаўным візітам у лютым-сакавіку і з рабочым у снежні, што само па сабе нямала сведчыць пра стаўленне Пекіна да афіцыйнага Мінска. Бакі ў прынцыпе выкарыстоўваюць любыя магчымасці для двухбаковых кантактаў, і ў адыходзячым годзе яны былі і на ўзроўні кіраўнікоў урадаў, і міністраў замежных спраў, і міністраў абароны і гэтак далей.

Праблема кітайскага транзіту ў Еўропу мае месца, але зусім не факт, што з'яўляецца прэтэнзіяй Кітая да Беларусі.

Чыгуначны транзіт Кітай — Еўропа — Кітай за першае паўгоддзе асеў прыкладна ў двухразовым памеры ў параўнанні з мінулым годам. На тое ёсць прычыны, не звязаныя з рэжымам і санкцыямі, да якіх чамусьці прынята ўсё зводзіць.


Глядзіце таксама

Варта ўлічыць, што Кітай пастаўляе свае тавары ў ЕС у асноўным па моры. У 2022-м чыгуначным транзітам праз Беларусь было перавезена толькі 3,2% ад агульнага гадавога абароту паміж Кітаем і Еўропай.  І гэта ва ўмовах, калі чыгуначныя перавозкі выйгравалі па цане ў марскіх. З кастрычніка 2022-га вартасная перавага вярнулася да марскіх грузаперавозак. 

Акрамя гэтага, упалі аб'ёмы гандлю паміж Кітаем і ЕС (на 7,8% у першым паўгоддзі), што, натуральна, таксама не магло не адбіцца на транзіце праз Беларусь. 

З 2022 года Кітай з'яўляецца другім па значнасці знешнегандлёвым партнёрам Беларусі. У адыходзячым годзе аб'ёмы гандлю яшчэ больш павялічыліся. Рэкордная планка ў 1000 кантэйнерных цягнікоў, якія курсуюць паміж Беларуссю і Кітаем, была пераадоленая яшчэ ў верасні.

Знешнепалітычную значнасць адносінаў з КНР для рэжыму і для Беларусі складана пераацаніць. На фоне росту залежнасці ад Расіі Пекін застаецца адным з апошніх слупоў, якія забяспечваюць суверэнітэт Беларусі. 

Лютаўскі візіт Аслана Бжаніі з Абхазіі, а затым красавіцкі прыезд у Мінск верхавода ДНР Дзяніса Пушыліна заканамерна ўзмацнілі ўражанне пра Беларусь як пра працяг РФ, паслухмяным указаннем з цэнтра.

Пры гэтым кантынгент расійскіх войскаў у Беларусі значна знізіўся, гаварыць пра акупацыю стала неяк зусім нязручна.

Расія дазваляе эканоміцы і прамысловасці Беларусі працаваць, а ўладам — больш-менш выконваць свой сацыяльны кантракт. Санкцыі Захаду, накладзеныя на РФ, прымусілі Маскву па-іншаму паглядзець на свайго адзінага хаўрусніка і ўсю лінейку тавараў «Made in Belarus». Санкцыі Захаду, накладзеныя на Беларусь, звялі для Мінска на Расіі клінам свет. 

Адбылося пераразмеркаванне патокаў: цяпер 90% беларускіх экспартных грузаў у трэція краіны ідзе ў напрамку Санкт-Пецярбурга. Тры гады таму гэты паказчык быў роўны 15%. Паводле стану на канец лета 2023-га Беларусь экспартавала сваю прадукцыю праз 19 расійскіх партоў, чаго раней не было. У дасанкцыйныя часы Мінск працаваў пераважна праз еўрапейскія, супраціўляючыся ціску РФ, якая спрабавала перанакіраваць беларускія грузы на свае парты.

Тавараабарот з шасцю расійскімі рэгіёнамі вылічаецца ў мільярдах долараў. У прыватнасці, тавараабарот з Маскоўскай вобласцю набліжаецца да 10 млрд. Гэта больш, чым рэкордны гандаль з Украінай у 2021 годзе ці Кітаем у 2022-м, усёй Лацінскай Амерыкай і Афрыкай разам узятымі.

Агульны тавараабарот з РФ да канца года можа дасягнуць 55 млрд долараў — прытым, што ўвесь гандаль Беларусі з усімі краінамі свету дзесьці ў межах 80 млрд долараў.

Гэта паказвае, што Расія можа замясціць Беларусі ўвесь свет, у выпадку калі блакада з боку Захаду стане татальнай. У такім выпадку суверэнітэт дэ-факта скончыцца, але рэжым працягне сваё існаванне.

Ад званка да званка

У цэлым можна зрабіць выснову, што за мінулы год афіцыйны Мінск у міжнародным плане яшчэ больш умацаваўся. Справы ідуць, фокус міжнароднай увагі працягвае ссоўвацца на Пуціна.

Нявырашанай праблемай застаецца рост залежнасці ад РФ, але Мінск наўрад ці пакіне спробы яе развязання. Адкрытым таксама застаецца пытанне, ці вырашыцца Захад на гэтым зноў згуляць. «Так» можа запусціць новае кола адлігі ў Беларусі, «не» адкладзе яго на нявызначаны тэрмін.

Выніковыя выпускі «Пульса» двух апошніх гадоў былі прысвечаныя вызваленню палітвязняў. Падзеі вымушаюць да гэтага вярнуцца і цяпер — хаця б у якасці высновы. Патрэбных зрухаў, якія дазваляюць разлічваць на выхад людзей на волю да заканчэння турэмнага тэрміну, у бягучым годзе так і не адбылося. 

Тэма перамоўнага працэсу аб вызваленні палітвязняў увайшла ў дыскурс дэмакратычных сіл, але абрасла тонамі спекуляцый, праз якія складана прабрацца да сутнасці. 


Глядзіце таксама

Дэмсілы, нягледзячы ні на што, працягваюць звязваць рашэнне з санкцыйным ціскам і сваім удзелам у любым перамоўным працэсе, а гэта тупік. У Захаду няма магчымасцей стварыць неабходны ўзровень ціску на рэжым. Для гэтага трэба адсячы падтрымку РФ. Акрамя гэтага, улады не бачаць дэмсілы за сталом перамоваў. Ад дэмсілаў залежыць толькі пункт гледжання, які яны могуць даводзіць да заходніх партнёраў з той жа упартасцю, як цяпер прасанкцыйны. 

У заходніх партнёраў, ад якіх наадварот залежыць вельмі многае, адсутнічаюць матывы для камунікацыі з Лукашэнкам, таму што іх грамадзян у беларускіх турмах больш няма. Дэфіцыт матывацыі — галоўная праблема. 

На гэтым месцы мае сэнс у каторы раз падкрэсліць самай тоўстай рысай, што сваіх грамадзян з беларускіх турмаў (Шкляраў, Хершэ) заходнія краіны вызвалілі якраз шляхам і коштам такой камунікацыі, а не ціскам і санкцыямі. Зразумела, у вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій можа быць іншы кошт, але хто сказаў, што ён будзе непад'ёмны?

Справядлівыя сцвярджэнні, што перамовы з рэжымам на дыпламатычным узроўні ішлі, ідуць і будуць ісці. Несправядліва лічыць, што на дыпламатычным узроўні ці нейкім супастаўна іншым праблема палітвязняў будзе вырашана. Дыпламатычнага ўзроўню дастаткова для фармальнага пацвярджэння, што праблемай займаюцца, а не сядзяць склаўшы рукі. 

Для вырашэння праблемы перамовы павінны падняцца на ўзровень Лукашэнкі. Ліфтам можа выступіць блізкае кола. Досвед усіх гэтых гадоў паказвае, што ў прамым кантакце з Лукашэнкам такія пытанні вырашаюцца. Не аўтаматычна, але вырашаюцца. У 2023 годзе дадатковым пацвярджэннем гэтаму стала вызваленне Соф'і Сапегі па асабістай просьбе аднаго расійскага губернатара.