Хронікі рэпрэсій за 21 снежня

Затрыманне гендырэктара «БелАЗа», рэйд па «польскіх» арганізацыях, новыя правілы дасылання лістоў за краты — такімі былі навіны сённяшняга дня ў Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1134 дні, Дзяніс — 1014 дзён.

***

Некалькі не звязаных паміж сабой крыніц, якія працуюць на «БелАЗе», паведамілі «Зеркалу», што затрыманы генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Нікіфаровіч.

Як расказалі крыніцы, затрыманне адбылося ўвечары 15 снежня. Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што з таго часу топ-менеджар завода знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Адна з магчымых прычын — карупцыя. Пры гэтым афіцыйных паведамленняў пра затрыманне дырэктара «БелАЗа» не было.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў фота з дырэктарам курсаў польскай мовы «Polskipro» Вадзімам Свістуновым.

Сайт курсаў не працуе, сацсеткі выдаленыя, на званкі ў школе не адказваюць, піша «Медыязона». На фота ў тэлеграм-канале сілавікоў відаць, што з дзвярэй сарвалі шыльду з назвай курсаў.

Яшчэ адзін затрыманы — дырэктар кампаніі «Белтурыст Польска» Мікалай Дзядкоў. Кампанія займаецца аўтобуснымі турамі і візавай падтрымкай. На відэа затрыманы расказаў, што дапамагаў беларусам зарэгістравацца на «карту паляка» і ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля ўніверсама «Рыга» ў Мінску 10 жніўня.

Таксама сілавікі затрымалі дзвюх дзяўчат, якія дапамагалі людзям у атрыманні карты паляка. Адна з затрыманых — дырэктарка курсаў замежных моваў «Realway». Яшчэ адзін затрыманы — дырэктар ТАА, якая падрыхтоўвала людзей да здачы экзамену на «карту паляка».

У якім статусе знаходзяцца затрыманыя і ў чым іх абвінавачваюць — невядома.

***

У Салігорску затрымалі Ганну Стражэвіч. Пра гэта паведамляе салігорскі актывіст Павел Батуеў.

Затрыманне адбылося ў панядзелак. Сёння, пасля заканчэння 72 гадзін ад моманту затрымання, Ганна на волю не выйшла. Папярэдне, крымінальная справа распачата за «абразу Лукашэнкі» і «абразу міліцыянта».

***

6 снежня 38-гадовага бацьку траіх дзяцей Сяргея Зайцава прысудзілі да паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 Крымінальнага кодэкса), піша ТГ-канал «Віцебск, я гуляю».

Зайцаў напісаў у тэлеграм-канале, прызнаным «экстрэмісцкім», два каментары пра прадстаўніка ўлады, якія суд палічыў абразлівымі. Каго менавіта абразілі каментары віцябляніна — не ўдакладняецца.

***

З ліста палітзняволенага аўтара «НЧ» Дзяніса Івашына вынікае, што вязням цяпер забаронена дасылаць у канвертах аркушы паперы з надрукаваным на іх тэкстам, асадкі і стрыжні для пісання, а таксама налепкі. Але захоўваецца магчымасць дасылаць у лістах фотаздымкі, чыстую паперу, чыстыя канверты, паштоўкі і маркі.

Праваабаронцы маюць інфармацыю пра тое, што падобныя правілы існуюць не толькі ў турме №8 г. Жодзіна, дзе зараз знаходзіцца Івашын, але і ў папраўчых калоніях, у прыватнасці №2 і 3, піша «Гродзенская праваабарона».

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з двума затрыманымі супрацоўнікамі «Гроднажылбуда», паведамляе «Медыязона».

Затрыманыя працуюць на прадпрыемстве муляром і столярам-станочнікам. На відэа беларусы кажуць, што іх затрымалі за падпіскі і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У якім статусе знаходзяцца затрыманыя — невядома.

***

У Беларусі — чарговае папаўненне «Спіса "экстрамісцкіх" матэрыялаў», піша «Вясна». У яго трапілі:

  • сайт, сацсеткі і лагатып праекта «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя»;
  • Instagram-старонка «vektor_brest»;
  • старонка ў «Аднакласніках» «Вектар нашага горада»;
  • TikTok-старонка «Мітынгі Беларусі»;
  • старонка ў Facebook «Горад 016».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 311 дзён, Максіма Знака — 315 дзён, Мікалая Статкевіча — 314 дзён, Ігара Лосіка — 305 дзён, Віктара Бабарыкі — 241 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 170 дзён, Уладзіміра Гундара — 139 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1483 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1646 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.