Наталля Мацкевіч: Усё гэта ўжо было ў Беларусі, проста цяпер — у большым маштабе

Адвакатка самых вядомых палітвязняў Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага Наталля Мацкевіч расказвае, ці ведалі яе падабаронныя, на што ішлі, і на што разлічвалі, рызыкнуўшы сваёй свабодай.

Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. Калаж «НЧ»

Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. Калаж «НЧ»

Наталля Мацкевіч 27 гадоў была адвакаткай. Яна вяла складаныя рэзанансныя справы і абараняла многіх палітвязняў. У 2020-м яе кліентамі сталі Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка, — і гэта былі самыя складаныя працэсы. Падчас суду па справе Ціханоўскага ўлады пазбавілі яе ліцэнзіі. У 2023-м яна стала «Праваабаронцай года». У інтэрв'ю «Deutsche Welle» Наталля расказала, ці былі ў яе сумневы, ці абараняць апанентаў Лукашэнкі, як сілавікі тлумачаць сабе катаванні над зняволенымі і чаму рэжым так настроіўся супраць адвакатаў.

— Наталля, ці былі ў вас сумневы, ці варта брацца за справу Ціханоўскага і Бабарыкі? Бо вы раней ужо абаранялі палітвязняў і ледзь не страцілі за гэта ліцэнзію.

— Не, я не сумнявалася. Гэта прафесійнае стаўленне: мне было важна і цікава весці такія справы — аб правах чалавека, гэта адпавядае маёй кампетэнцыі. Я шмат гадоў гэтаму прысвяціла, таму было б дзіўна не выкарыстоўваць свой досвед і веды. Хоць ціск адчуваўся адразу. І я разумела, што па адвакатах таксама пройдуць, хутчэй за ўсё, я больш не змагу працаваць.

— Як Бабарыка перажываў зняволенне? Ці адчуваў ён падтрымку? Бо часта акцыі пратэсту праходзілі побач з СІЗА КДБ, дзе яго ўтрымлівалі.

— Ён прымаў сітуацыю як ёсць. Уваходзячы ў выбарчую кампанію, ён дапускаў, што нейкі час можа правесці ў зняволенні — па вопыце папярэдніх кандыдатаў у прэзідэнты. Але наўрад ці хтосьці меркаваў, што расправа будзе такой жорсткай (Бабарыка атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі. Заўв. рэд.).

Што тычыцца падтрымкі, ён ведаў, што адбываецца ў краіне, адвакаты маглі прыносіць яму раздрукоўкі з навінамі. Але акцый пратэсту ён не чуў, таму што гук з вуліцы не даходзіць.


Глядзіце таксама

Віктар Дзмітрыевіч адчуваў адказнасць за людзей, бо паўмільёна выбаршчыкаў паставілі за яго свой подпіс. Ён ужо не належаў сабе і сваім сумневам, таму што думаў пра тых, хто на волі, як іх не падвесці. Такая ж пазіцыя была і ў Сяргея Ціханоўскага.

— Ціханоўскі неўзабаве пасля затрымання апынуўся ў адзіночнай камеры. Як ён перажываў заключэнне, адкуль браў сілы, каб адэкватна ўспрымаць тое, што адбываецца?

— Ціханоўскі ведае, чым сябе заняць, і ён быў у курсе таго, што адбываецца. Да суду да яго тры разы на тыдзень прыходзіў адвакат. Мы падрабязна абмяркоўвалі тое, што адбываецца. І гэта натуральна, таму што ўсе падзеі былі звязаны з яго жонкай. Ён шмат чытаў і пісаў. Думаю, яго сіла ў надзеі.

Да выбараў мы разлічвалі, што крымінальная справа можа быць спыненая, настолькі невыразным было абвінавачанне. Але пасля 9 жніўня з'явіліся новыя артыкулы: усё, што адбылося пасля выбараў, назвалі цяжкімі наступствамі дзейнасці Ціханоўскага. Вядома, факты не супадалі з высновамі. І аспрэчваць гэта на юрыдычнай мове было няпроста. Калі справа дайшла да суду, стала зразумела, што прысуд будзе ў межах 20 гадоў. Але ўсё роўна была вера, што столькі Сяргей сядзець не будзе. У мяне яна ёсць дагэтуль (па выніках двух судоў Ціханоўскі атрымаў 19,5 гадоў зняволення.Заўв. рэд.).

— Як вы лічыце, цяперашняя жорсткасць сілавікоў — новая з'ява? Ці як адвакатка вы і раней гэта бачылі?

— Пэўная жорсткасць у палітычна матываваных справах сапраўды прысутнічала. Адвакаты, праваабаронцы і журналісты спрабавалі расказаць пра гэта грамадству, але гэта не тычылася большасці, таму не выклікала рэзанансу. Цяпер занадта шмат людзей падвяргаюцца адвольным затрыманням, бесчалавечнаму абыходжанню, несправядліваму суду. І здаецца, гэта новыя практыкі. Насамрэч усё гэта ўжо было ў Беларусі, проста цяпер адбываецца ў большым маштабе, у тым ліку праз беспакаранасць сілавікоў.

— Чаму сілавікам важна нават катаванні паднесці як законнае дзеянне?

— Каб працаваць у такой сістэме, трэба валодаць як мінімум дзвюма якасцямі. Першая — беспярэчна выконваць тое, што табе кажуць, а часам нават тое, чаго ад цябе проста чакаюць. Я не думаю, што па кожным палітвязні прыходзіць дакладнае распараджэнне, калі яго пасадзіць у ШІЗА.

Другая — трэба дамовіцца з самім сабой, інакш можна не вытрымаць ментальна. Кожны чалавек хоча быць добрым хоць бы для сябе і сваёй сям'і. Таму ім так важна паўтараць: «Усё па законе», «Мы добрыя — вы дрэнныя, таму з вамі можна так паступаць».


Глядзіце таксама

— Беларусы больш не могуць падаваць скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Але ці можна гэта назваць стратай, улічваючы слабы ўплыў арганізацыі на рэжым?

— Да ААН прад'яўляюцца завышаныя чаканні, але трэба разумець, што міжнародныя механізмы — гэта не інструмент перамен. Ніхто не абяцаў, што Камітэт па правах чалавека прыедзе ў Беларусь, адменіць прысуды і вызваліць палітвязняў. У яго іншая задача — разгледзець прававую спрэчку і прыняць канчатковае юрыдычнае рашэнне. І прынятыя з часам рашэнні КПЧ па скаргах пакажуць маштаб таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта фактычна міжнародная экспертыза, якую мы страцілі.

Але засталіся і іншыя механізмы: спецпрацэдуры, прадастаўленне перыядычных дакладаў, ад якіх нельга адмовіцца, таму ААН і далей будзе ацэньваць, як Беларусь выконвае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.

— Чаму ўлады вырашылі так жорстка расправіцца з адвакатамі? Іх не проста пазбаўляюць ліцэнзіі, але затрымліваюць, даюць крымінальныя тэрміны.

— Дзяржава выкарыстала акт застрашвання, каб перасцерагчы іншых адвакатаў, напрыклад, даваць каментары журналістам або паведамляць, хто расследуе крымінальную справу. І трэба сказаць, гэтая задача выканана.


Глядзіце таксама

Што тычыцца адміністрацыйных затрыманняў, у нейкі момант улады зразумелі, што так прасцей пазбавіць адваката права на прафесію: сёння яго затрымалі — заўтра ён ужо не можа працаваць. І я баюся, такія метады могуць выкарыстоўваць не толькі супраць абаронцаў па так званых «палітычных» справах, а проста супраць любога адваката, які выйграе грамадзянскую справу супраць дзяржаўнай арганізацыі.

— Як вы лічыце, мы ўжо дасягнулі прававога дна? Ці ўлады яшчэ могуць непрыемна здзівіць беларусаў?

— Мне згадваецца анекдот. Песіміст кажа: «Горш не можа быць», — а аптыміст яму адказвае: «Можа-можа». На жаль, пакуль я не бачу сігналаў ад дзяржавы, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе паляпшацца.