Палітвязня-расіяніна экстрадавалі з Беларусі ў РФ — ён пагадзіўся ўдзельнічаць у вайне
Расіяніна Антона Лысова, якога ў Беларусі прысудзілі да 10 гадоў калоніі за падпал аўтамабіля старшыні Дзяржкамітэта судовых экспертыз, вызвалілі з калоніі і экстрадавалі ў Расію пасля таго, як ён пагадзіўся ўдзельнічаць у вайне ва Украіне на баку РФ.
Пра гэта паведамілі праваабаронцы са спасылкай на былых вязняў, а таксама на інфармацыю, атрыманую з іншых крыніц.
«Мы атрымалі інфармацыю ад былых вязняў (пацверджана ў іншых крыніцах) аб тым, што палітвязень Антон Лысоў, грамадзянін РФ, які быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за дзеянні на тэрыторыі Беларусі, быў вызвалены з калоніі восенню 2023 года і экстрадаваны ў Расію з прычыны згоды на ўдзел у баявых дзеяннях на баку Расіі», — паведаміў «Dissidentby».
У афіцыйных крыніцах аб вызваленні Лысова і яго экстрадыцыі ў РФ пакуль не паведамлялася.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», Антон Лысоў — ураджэнец Чабаксараў (сталіца Чувашскай Рэспублікі). Ён быў затрыманы па падазрэнні ў падпале аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксея Волкава. Першапачаткова Лысова і яшчэ аднаго фігуранта — 19-гадовага Захара Таразевіча — абвінавачвалі ў «тэрарызме», аднак іх дзеянні пасля перакваліфікавалі. Таксама з іх спагналі вялікія сумы за спалены аўтамабіль.
У выніку палітвязняў прызналі вінаватымі па ч.1 арт.14 і ч.3 арт. 218 Крымінальнага кодэкса («Замах на наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам, арганізаванай групай, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры») і ч.3 арт. 218 («Наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам, арганізаванай групай, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»).
Варта адзначыць, што старшынёй Камітэта судовых экспертыз Волкаў, машыну якога хлопцы спалілі, стаў толькі ў кастрычніку 2020 года. Да гэтага ён працаваў у Следчым камітэце і вёў справы супраць палітвязняў. Так, летам 2020 года Волкаў ад імя СК агучваў у СМІ інфармацыю аб крымінальных справах супраць Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча, а таксама аб затрыманні 33 «вагнераўцаў». 6 лістапада 2020 года Волкаў трапіў у санкцыйны спіс Еўрапейскага Саюза.
Суддзя Таццяна Акавітая 2 літстапада 2022 года асудзіла Лысова да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Першапачаткова Лысоў утрымліваўся ў СІЗА-1. Затым быў пераведзены ў СІЗА-2. У пачатку сакавіка 2023 года стала вядома, што Антона этапавалі ў ПК №3.
Паводле праваабаронцаў, «Люстэрка»