«Турэмны Санта»: як павіншаваць палітвязняў з зімовымі святамі

Больш чым хто іншы людзі за кратамі маюць патрэбу ва ўвазе і цяпле. Асабліва на святы. І мы можам ім гэта даць!

Палітвязні таксама чакаюць свята. Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Палітвязні таксама чакаюць свята. Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Пакуль хтосьці чакае на Новы год падарункаў \ снегу \ цуду, многія беларусы пазбаўленыя свята, таму што пазбаўленыя волі праз палітычныя рэпрэсіі. Кожны знак увагі і клопату для палітвязня вельмі важны. Напярэдадні Калядаў і Новага года «Медыязона» расказвае пра 10 спосабаў, як можна падтрымаць тых, хто адзначыць гэтыя дні ў няволі.

Напісаць ліст ад рукі

У лісце палітвязню, акрамя віншавання са святамі, можна расказаць, як вы адзначаеце Новы год, чаму для вас важны гэты дзень. Можна расказаць пра вашы сямейныя традыцыі, спытаць адрасата пра любімую частку «Гары Потэра» або любімы пачастунак на застоллі.

«Галоўнае — быць у дыялогу, сапраўды цікавіцца, не быць аднабаковым. У фінальных лістах лепей за ўсё пісаць пра цяпло: пра самі святы, пра надзею, расказаць пра ўласныя вынікі. Не згадваць 2020 год і іншыя трыгерныя падзеі і геапалітычныя падзеі, міжнародныя палітычныя і праваабарончыя арганізацыі», — тлумачыць прадстаўніца «Майстэрні паштовак салідарнасці».

— Каб парадаваць зняволенага, можна выбраць каляровы канверт і тэматычныя зімовыя маркі. Тэкст яна раіць пісаць не толькі сіняй або чорнай ручкай, а і іншымі колерамі, выкарыстоўваць налепкі — гэта дадасць пісьму яркасці і святочнасці. Паперу можна папырскаць духамі.

Гэта падорыць дадаткавую радасць цэлай камеры, дзе гэты ліст будзе захоўвацца. У месцах зняволення вельмі мала прыемных пахаў і надушаныя лісты часта з'яўляюцца вельмі каштоўнымі не толькі праз цёплую вестачку, але яшчэ і праз араматычны эфект».

Пра што лепш не пісаць палітвязню, актывісты патлумачылі тут.

Адрасы палітвязняў пазначаны на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятыў dissidentby.com і politzek.me.

Напісаць ліст анлайн

Ёсць некалькі сэрвісаў, дзе можна адправіць паштоўку анлайн — гэта зручна, калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі. Як гэта працуе: вы запаўняеце гугл-форму, а валанцёры «Майстэрні паштовак салідарнасці» перапісваюць тэкст і перасылаюць паштоўкі ў месцы пазбаўлення волі.

Адсачыць дастаўку ліста можна праз бот ад актывістаў з «Dissidentby». Адказ ад палітвязня арганізатары абяцаюць выслаць у гэты ж бот фотаздымкам. Актывісты прапануюць таксама напісаць ліст блізкім палітвязняў.

Праект politzek.me зрабіў сэрвіс-агрэгатар лістоў: ён дапаможа скласці ліст і адправіць яго адначасова некалькім палітвязням — напрыклад, калі хочаце адаслаць іх з аднолькавым тэкстам віншаванняў.

Адправіць тэлеграму

Яе можна адправіць з аддзялення пошты ці праз гарадскі тэлефон па нумары 166. З-за мяжы гэта зрабіць не атрымаецца. Тэлеграмы даходзяць хутчэй за лісты. Калі вы хочаце паведаміць адрасату сваё імя, то яго трэба пазначыць у тэксце тэлеграмы.

Так адклікаецца пра тэлеграмы адзін са зняволеных: «Твая тэлеграма — два радкі, 82 літары — змясціла велізарную колькасць цяпла і нават трошачкі натхніла мяне на ўчынкі ў будучыні».

Павіншаваць па радыё

Палітвязню можна перадаць віншаванне са святамі па радыё. Для гэтага трэба высветліць, дзе знаходзіцца чалавек і якая з станцый там працуе. Напрыклад, у магілёўскай калоніі можна пачуць «Радыё Магілёў».

Аформіць грашовы перавод

Адпраўленыя грошы залічаць на спецыяльны рахунак зняволенага — сума не абмежаваная. У краме на іх ён зможа купіць ежу, паперу, канверты і іншыя рэчы. Пераводы для асуджаных на пазбаўленне волі (калонію) могуць рабіць толькі сваякі. Змешчаным у СІЗА і турме (але не ў калоніі) перавод можа адправіць любы чалавек.

Атрымальнік будзе ведаць імя адпраўніка, бо яно паказваецца ў рэквізітах. З-за мяжы такі перавод зрабіць нельга.

Аформіць перавод можна на пошце ці праз інтэрнэт-банкінг.

Павіншаваць са святамі дзяцей палітвязняў

Фонд салідарнасці Bysol праводзіць збор на падарункі дзецям палітвязняў. Паўдзельнічаць можна да 26 снежня. Зараз сабрана ўжо больш за 26 тысяч долараў.

«Разам з вамі мы можам зрабіць так, каб палітзняволеныя мамы і таты падарылі сваім дзецям радасць і напамін пра сябе ў гэтыя дні. Дзякуючы невялікаму цуду, які мы з вамі ў сілах ажыццявіць», — сказана на сайце фонду.

Сабраць пасылку

Перадачы ў СІЗА могуць рабіць усе жадаючыя, але з-за вагавага ліміту ў 30 кг на месяц праваабаронцы просяць людзей абмяркоўваць змесціва са сваякамі. Інакш можа атрымацца, што блізкія не паспеюць перадаць тое, што прасіў палітвязень, таму што яму ўжо зрабілі перадачы на 30 кг у гэтым месяцы. Тут можна прачытаць падрабязную інструкцыю аб перадачах ад «Вясны».

Зняволеныя могуць атрымліваць пошту да моманту, пакуль прысуд суда не ўступіць у сілу: гэта значыць, пакуль яны знаходзяцца ў ізалятары падчас следства і суду, ім можна адпраўляць пасылкі. Стваральніца праекта «Dissidentby» Марына Касінерава раіць адпраўляць іх ананімна, але памятаць, што ў выпадку вяртання атрымаць прадукты можна будзе толькі па пашпарце.

«Укладваць лепш прадукты, што не псуюцца, канверты, сшыткі і іншыя рэчы першай неабходнасці. Нават невялікая пасылка будзе прыемнай для вязня або зняволенай», — кажа яна.

Замовіць дастаўку на «хімію»

Асуджаным на «хімію» можна замовіць дастаўку прадуктаў ці падарункаў — знаходжанне ў ПУАТ не прадугледжвае пазбаўлення тэлефонаў. Варта загадзя даведацца ў чалавека, ці зручна яму будзе забраць пасылку і што б ён хацеў атрымаць. Кантакты палітвязняў можна ўдакладніць у праваабаронцаў: @Viasnainfo і @dissidentby_bot у тэлеграме.

Падобным чынам можна звязацца і з асуджанымі на «хатнюю хімію», кажа Касінерава. Іх кантакты можна адшукаць у сацыяльных сетках.

Купіць мерч салідарнасці

Актывісты прадаюць футболкі, календары і розныя дробязі, адпраўляючы атрыманыя сродкі на дапамогу палітвязням. У «Dissidentby» так можна купіць майкі з нацыянальнымі сімваламі і ілюстрацыямі пра беларускіх партызанаў.

Ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» робіць календары, паштоўкі, піны і многае іншае па эскізах палітвязняў. У politzek.me можна купіць цішоткі з дызайнам беларускай мастачкі Караліны Паляковай.

Падтрымаць тых, хто дапамагае палітвязням

Важна падтрымліваць і тых, хто дапамагае іншым. Некаторыя ініцыятывы дапамогі палітвязням сабраныя ў мабільных дадатках «Digital Solidarity» і «Новая Беларусь» — частка з іх прымае данаты на сваю працу.

Ініцыятыва дапамогі палітзняволеным жанчынам «Палітвязынка» збірае грошы на пасылкі. Заданаціць можна па спасылцы.

Важна памятаць, што ніякія данаты нельга рабіць праз карткі беларускіх банкаў.