Хронікі рэпрэсій за 20 снежня: Instagram-старонка Лявона Вольскага прызнаная «экстрэмісцкай»
У Беларусі яшчэ 16
новых палітвязняў. У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, паведамляюць праваабаронцы.
- Новыя палітвязні — гэта Андрэй Цалюк, Сяргей Грыцэня, Аляксандр Жандараў, Іван Пуздроў, Вадзім Саскавец, Сяргей Навумчык, Андрэй Сініцкі, Дзмітрый Удалееў, Мікалай Амельчанка, Максім Фралоў, Таццяна Трафімчык, Іван Кашко, Аляксей Маеўскі, Аляксей Кавалёў, Андрэй Лаўрыновіч, Кірыл Крошкін.
Праваабаронцы ў заяве з нагоды прызнання новых палітвязняў адзначылі:
«Прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, што падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці».
Instagram-старонка Лявона Вольскага прызнаная «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 19 снежня. У лістападзе «экстрэмісцкім» быў прызнаны (https://t.me/viasna96/22953) Telegram-канал спевака.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Альгердава Хата», «Mikola Dziadok», «Парламентский Канал», «Creative Association of Anti-fascists», «Biełaruś Irredenta», «Полк Калиновського», «Беседка блоговизоров (ЧАТ)», «Беларускія медыкі ў Польшчы»;
- Instagram старонкі «belarus2belarus», «ganc_chas.bу», «Першы Рэгiён», «supermovaby»;
- Старонкі ва «Укантакце» «ОГП | Сторонники Объединенной гражданской партии», «ГАНЦЕВИЧИ ONLINE»;
- Facebook старонкі «Пагоня Гродна», «Путь бульбаша», «Ганцевичский час»;
- Старонка ў «Х» «Novy Cas/Новы час»;
- Старонкі ў «Аднакласніках» «Николай Масловский», «ПЕРШЫ ПIНСКI»;
- TikTok-старонкі «Святы Байструк КОЛА-КОЛЯ», «Свабоду палiтвязням».
У «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ шэсць беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ шасці чалавек.
Сярод іх 61-гадовы Алег Ермаковіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/aleh-ermakovicz), прадпрымальнік Валянцін Штэрмер (https://prisoners.spring96.org/be/person/valjancin-sztermer), 43-гадовы Аляксандр Піскуноў, 58-гадовы Уладзімір Ворашань, 37-гадовы Аляксандр Яшкін, 32-гадовы Аляксей Кузьмін.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1156 чалавек, з іх 397 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1165 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
- Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы мінулага тыдня ў Бабруйску правялі ператрус у Сяргея Бяляева, які з'ехаў з Беларусі два гады таму
Нагодай для ператрусу, верагодна, стала тое, што Бяляеў быў актыўным удзельнікам выбарчай кампаніі 2020 года і быў назіральнікам за выбарамі.
У 2021 годзе, нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, Сяргея неаднаразова арыштоўвалі на суткі, дзе пазбаўлялі медычнай дапамогі, лекаў, якія жыццёва важная для мужчыны штодня.
У Гродне за месяц як мінімум 13 медыкаў асудзілі за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.
Як мінімум 13 медыкаў з Гродна судзілі ў лістападзе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнні з’явіліся ў банку судовых рашэнняў, піша Hrodna.life. Сярод аштрафаваных — нейрахірург і неанатолаг.
Як правіла, медыкаў па арт. 19.11 КаАП штрафавалі на 10−30 базавых велічынь (370−1100 рублёў). У некаторых таксама канфіскавалі тэлефоны. Аднаго медыка арыштавалі на 3 сутак з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
Таксама судзілі трох медсясцёр, лекара, лекара-тэрапеўта, супрацоўніцу БХМД. Судзілі за падпіскі «УКантакце», Facebook і Instagram, рэпосты ў «Аднакласніках», падпіскі на Zerkalo і «Официальная группа Хартыя'97», і захоўванне «візуальнай экстрэмісцкай прадукцыі».
- Жанчыну сталага ўзросту асудзілі на паўтара года калоніі за каментары пра Лукашэнку і «здзек з дзяржаўных сімвалаў»
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 14 снежня асудзілі Ірыну Санкоўскую паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Марыя Аліфярук прызначыла Ірыне адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінаваўцам выступіў памочнік пракурора Глеб Мельнікаў.
Ірыну Санкоўскую абвінавацілі ў тым, што яна пакінула каментары ў тэлеграм-чаце ў бок Лукашэнкі і Юрыя Караева, якія суд палічыў абразлівымі. Таксама жанчына апублікавала выяву чырвона-зялёнага сцяга, на фоне якога была выяўлена нацысцкая свастыка.
- Айцішніка Аляксея Навагродскага судзяць за «здраду дзяржаве» — ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь
Аляксею Навагродскаму 48 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Паперня Лідскага раёна. Пасля школы паступіў у Мінскі радыётэхнічны каледж. Па заканчэнні пайшоў у БДУІР, які скончыў у 1998-м.
Пазней мужчына выехаў за мяжу — вядома, што на 2015-ты жыў у Польшчы. А ў 2019-м і 2021-м мужчына пісаў пра сябе, што жыве ў Германіі, займаецца штучным інтэлектам і працуе ў нямецкай кампаніі EDEKA GmbH/WITRON. Ягоныя асноўныя месенджары былі прывязаныя да нямецкага нумару, а паштовая скрыня на нямецкім дамене, то-бок, у Германіі ён жыў стала.
Невядома, калі яго затрымалі, але ў апошні раз ён быў анлайн на сваёй старонцы «Укантакце» 29 снежня 2022-га, хоць раней заходзіў туды рэгулярна. Суд над Аляксеем пачаўся 18 снежня ў Гродзенскім абласным судзе.
Справа закрытая і сутнасць яе невядомая. Аляксею пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 356 КК РБ — «Здрада дзяржаве».
- Сілавікі затрымалі дваіх жыхароў Брэста
На «пакаяльным відэа» яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў абласным цэнтры.