«Інфармацыі пра арышт няма»: Святлана Алексіевіч пра пагрозы забраць кватэру
Прапагандысты ўкідваюць у грамадства ідэі забраць у палітычна нелаяльных усё — і падзяліць. І глядзяць, якая будзе рэакцыя. Улада сама не можа пра гэта сказаць, лічыць Святлана Алексіевіч.
![aleksievicz_svetlana_foto_szaprana_06_logo.jpg aleksievicz_svetlana_foto_szaprana_06_logo.jpg](/img/v1/images/aleksievicz_svetlana_foto_szaprana_06_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская сёння, 20 снежня, у сацыяльнай сетцы Х паведаміла, што беларускія ўлады пагражаюць адабраць кватэру ва ўладальніцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.
З пісьменніцай, якая цяпер жыве ў Германіі, паразмаўлялі журналісты «Люстэрка» і даведаліся падрабязнасці таго, што адбываецца.
Святлана Алексіевіч расказала, што інфармацыі пра арышт яе кватэры пакуль няма. Паводле словаў пісьменніцы, да нерухомасці маюць доступ яе давераныя асобы.
— Кватэра не апячатаная, нічога такога няма, — кажа нобелеўская лаўрэатка. — Пакуль толькі размовы пра гэта ходзяць, сябры дасылалі мне відэа [Рыгора] Азаронка, дзе ён прапануе аддаць маю кватэру шматдзетнаму амапаўцу. З імі не засумуеш! Мне здаецца важным, што не ўлада такія моманты агучвае, а прапагандысты. Я думаю, гэта спробны камень, яны ўкідваюць у грамадства такія мячы і глядзяць, якая будзе рэакцыя. Улада сама не можа пра гэта сказаць. Хоць, вядома, для мяне іх логіка неспасцігальная.
Глядзіце таксама
![Улады Беларусі маюць намер канфіскаваць кватэру Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч Улады пагражаюць «аджаць» кватэру ў Святланы Алексіевіч](/img/v1/images/3589105_2048_1152_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Святлана Алексіевіч кажа, што магчымая канфіскацыя мінскай кватэры будзе ёй непрыемная, але ніякіх каштоўнасцяў там няма. Нобелеўскі медаль яна забрала з сабой у Германію яшчэ падчас ад’езду з Беларусі ў 2020 годзе.
— У кватэры засталіся толькі мае асабістыя рэчы: кнігі, адзенне — усё, што складае чалавечае жыццё, — з сумам у голасе сказала нобелеўская лаўрэатка. — Жудасна ўсё гэта. Кватэра — гэта ж свет чалавека, у мяне там ніякіх багаццяў няма, акрамя майго свету. Гэта маё прынцыповае стаўленне да жыцця — толькі кнігі і рэчы, якія дарагія мне як памяць.
Паводле пісьменніцы, інфармацыйная кампанія пра неабходнасць канфіскацыі яе мінскай кватэры пачалася паралельна з хваляй ператрусаў і арыштаў нерухомасці людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай. 1 снежня 2023 года сілавікі паведамілі, што па гэтай справе правялі больш за 200 ператрусаў па ўсёй Беларусі. Нагадаем, у жніўні 2020 года Святлана Алексіевіч увайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай рады, пасля чаго была вымушаная пакінуць Беларусь.