Хронікі рэпрэсій за 19 снежня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, паведамляюць праваабаронцы. На Гомельшчыне, напрыклад, чарговы хапун: затрымана як мінімум 4 чалавекі, сярод іх адна дзяўчына. На «палонным відэа» людзі «прызнаюцца» ў падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы.
- Палітзняволеную Аляксандру Каско, якую затрымалі па вяртанні з Польшчы, асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня 10 гадоў калоніі прызначылі 30-гадовай палітзняволенай Аляксандры Каско. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага гэтага года.
Цяпер яе асудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Такім прысуд вынес Дзмітрый Бубенчык.
Яшчэ да суда, 12 верасня, КДБ унёс Аляксандру ў «спіс тэрарыстаў». Таксама яе дадалі ў «спіс экстрэмістаў».
- За 10 данатаў палку Каліноўскага мужчыну асудзілі да 5 гадоў калоніі
У Мінскім абласным судзе 18 снежня асудзілі за дзесяць данатаў палку імя Кастуся Каліноўскага 31-гадовага Чэслава Канановіча.
Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса «фінансаванні дзейнасці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, альбо ва ўзброеных канфліктах» і прызначылі 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынес Вячаслаў Тулейка.
- У Гомелі абласную кіраўніцу праўладнага прафсаюза арыштавалі на 15 сутак за «экстрэмізм» у тэлефоне
Таццяна Хацкова працуе старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. У Facebook ад яе імя была размешчана спасылка на інтэрнет-суполку, якую раней унеслі ў «экстрэмісцкі» спіс. За гэта Хацкову затрымала міліцыя і склала пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
На судзе жанчына патлумачыла, што яна гэтую спасылку не размяшчала — сёлета яна губляла свой мабільны тэлефон, і мяркуе, што спасылка магла быць размешчаная іншай асобай. Аб страце тэлефона жанчына нікуды не паведамляла, а праз нейкі час тэлефон быў вернуты ёй невядомай асобай.
Суддзя Сяргей Кармановіч палічыў, што «якіх-небудзь дакладных звестак, якія падцвярджаюць выбыццё з валодання Хацковай яе мабільнага тэлефона», не маецца, і арыштаваў яе на 15 сутак.
- У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд грамадзянцы Украіны Кацярыне Бруханавай
Як паведамляе пракуратура, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення. У кастрычніку Кацярыне прызначылі 2,5 года калоніі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Гэтым летам Бруханаву затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі даць на праверку тэлефон, яна падала яго супрацоўнікам разам з паролямі. Беларускія сілавікі ўбачылі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі «Зеркало». На іх было перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі пад Мінскам.
- Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў, імаверна, затрыманы
Паводле сяброў Аляксея, пасля ператрусу ў яго жыллі і допыту ў КДБ 5 снежня ён не вярнуўся дахаты. Дзе ён зараз — невядома, піша @bajmedia.
«У перадачу ўключаныя фрагменты маіх гутарак з Бацюковым праз Тэлеграм. Першая размова адбылася 6 снежня: Аляксей распытваў мяне, як можна з’ехаць з Беларусі. Але мяне насцярожыла, што ён падрабязна распытвае пра тое, чым людзі з падобнымі намерамі звычайна не цікавяцца.
7 снежня ад яго быў яшчэ адзін падобны званок, і пасля прагляду перадачы я практычна перакананы, што Бацюкоў звяртаўся да мяне проста ў службовым кабінеце падчас допыту. Што яго змусілі так зрабіць, каб выпытаць інфармацыю», — распавёў магілёўскі актывіст Зміцер Салаўёў, які зараз жыве за мяжой пасля вымушанай эміграцыі.
- Сілавікі затрымалі жыхара Віцебска за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчыну маглі арыштаваць на 15 сутак.
- Швачак фабрыкі «Элема» затрымалі — за БЧБ
На іх працоўным месцы было спалучэнне белага і чырвонага колераў.
Прапагандысты назвалі гэта «БЧБ-капішчам».
- Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да траіх жыхароў Мінска, якія перапісваліся ў адным тэлеграм-чаце
Згодна з матэрыяламі справы, у пачатку 2022 года 32-гадовы мужчына стварыў Telegram-чат і дадаў у яго двух сваіх знаёмых (33 і 34 гады), якія ў далейшым сталі самымі актыўнымі яго ўдзельнікамі.
Як піша СК, пасля пачатку вайны ва Украіне «трое аднадумцаў актыўна абмяркоўвалі яе пачатак, абражалі і ўсяляк дыскрэдытавалі рускіх, заклікалі да агрэсіі і гвалту да прадстаўнікоў названай нацыянальнасці, узбуджаючы нянавісць і распальваючы нацыянальную варожасць».
Акрамя гэтага, іх абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі і ўдзеле ў акцыях пратэсту. Вядома, што адзін з затрыманых — лекар-стаматолаг.
- У Гомелі судзяць жанчыну за «агентурную дзейнасць»
У Гомельскім абласным судзе 18 снежня ў закрытым рэжыме разглядаюць крымінальную справу супраць Людмілы Ганчарэнка паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць).
Першае судовае пасяджэнне адбылося там жа 5 снежня.
Справу разглядае суддзя Яўген Шаршнёў, вядомы вынясеннем палітычна матываваных прысудаў.
Агулам мінчукам інкрымінавана тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»).