Хронікі рэпрэсій за 18 снежня

Рэйд сілавікоў на шклозавод «Нёман», затрыманне вытворцы дронаў, ператрус у Мілінкевіча — такімі былі сённяшнія навіны ў Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1131 дзень, Дзяніс — 1011 дзён.

***

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні 24-гадовага мінчука, відэа з ім апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

На камеру мужчына расказвае, што ўдзельнічаў у мітынгах і дагэтуль не выдаліў фотаздымкі ў сацсетках, піша «Медыязона».

— Зарэгістраваўся ў плане «Перамога», хацеў перамен, але нічога не атрымалася, — кажа на камеру хлопец.

Паводле сацыяльных сетак, затрыманага клічуць Уладзіслаў Федаровіч. Хлопец захапляецца ролевымі гульнямі, удзельнічаў у сустрэчах ралевікоў сусвету «Зорных войнаў».

У відэа сілавікі паказваюць прадметы, падобныя да пісталета і гранаты. У сацсетках Федаровіча шмат фота з гульняў у страйкбол. Прадметы, якія дэманструюць сілавікі, падобныя да страйкбольнай амуніцыі.

***

Беларуска вярнулася з-за мяжы праз так званую «камісію па вяртанні» — яе прымусілі пакаяцца і ўсё роўна будуць судзіць. 

Прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Таццянай Собаль. Жанчыну прымусілі расказаць пра тое, як ёй было дрэнна за мяжой і як яна, «паддаўшыся ўплыву», удзельнічала ў пратэстах у 2020 годзе.

Нягледзячы на вяртанне праз камісію, Таццяна, як паведамляецца, чакае суду. Жанчыну абвінавачваюць па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Яна адпушчаная пад заклад, паведамляюць праваабаронцы.

***

На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыўся чарговы рэйд сілавікоў. Тэлеграм-каналу «Задержания, суды в Лиде» паступіла інфармацыя, што 15 снежня на шклозаводзе «Нёман» за падпіскі і лайкі затрымалі 8 чалавек.

У жніўні там жа затрымалі не меней за 9 чалавек, у лістападзе — каля 10 чалавек. 

***

У доме палітыка Аляксандра Мілінкевіча ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна прайшоў ператрус, піша «Белсат»

Паводле інфармацыі тэлеканала, дзверы кватэры апячаталі. Сам палітык расказаў «Медыязоне», што не ведае прычыны ператрусу, і пра тое, ці заведзеная на яго крымінальная справа. У доме, у якім прайшоў ператрус, ніхто не жыве. За ім прыглядаюць сваякі і сябры, якія спыняюцца ў доме, калі прыязджаюць на рыбалку.

Аляксандр Мілінкевіч — экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах у 2006 годзе і кандыдат фізіка-матэматычных навук. У 2023 годзе Мілінкевіч стаў дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі.  

***

ГУБАЗіК затрымаў хакейнага трэнера, які жартам напісаў у бацькоўскім чаце, што аддае перавагу прозвішчу Зяленскі. Мужчына — дзіцячы трэнер ХК «Лакаматыў-Орша», ён трэніруе дзяцей 2015 года нараджэння. На «пакаяльным відэа» 17 снежня ён кажа, што жартам напісаў, што аддае перавагу прозвішчу Зяленскі, паведамляе «Вясна».

Праўладныя тэлеграм-каналы таксама апублікавалі каментар, да яго ўзніклі прэтэнзіі. З кантэксту вынікае, што гаворка ідзе пра прозвішча Лукашэнкі: «Прозвішча мне яго не цікавае. Зяленскі прыгожае прозвішча».

Прапагандысты паабяцалі таксама паскардзіцца на мужчыну ў Федэрацыю хакея, каб «больш не дапускаць яго да трэнерскай дзейнасці»

***

Некаторых зняволеных перавядуць з СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску ў СІЗА ў Калядзічах. Пра гэта «Зеркалу» расказалі сваякі зняволеных. 

Пераводзіць іх у новае СІЗА пачнуць з 8 студзеня. Крытэрыі, па якіх вызначаюць тых, каго будуць пераводзіць, невядомыя. Выданне піша, што некаторыя рады пераводу, паколькі разлічваюць, што ў новым корпусе будзе лепш, іншыя наадварот асцерагаюцца таго, што ў новым будынку яшчэ не ўсё гатова.

Будаўніцтва новага будынка СІЗА і бальніцы для зняволеных пачалося ў Калядзічах яшчэ ў 2010 годзе. Бальніцу павінны былі дарабіць у 2021 годзе, а сам ізалятар — у 2023-м.

Мяркуецца, што ў выніку СІЗА № 1 цалкам пераедзе ў Калядзічы, а Пішчалаўскі замак на вуліцы Валадарскага, у якім ён размяшчаецца цяпер, перададуць Мінску. Ёсць планы па яго рэстаўрацыі.

***

Сілавікі затрымалі заснавальніка кампаній «aOrion» і «United Vehicle Robotics», відэа з мужчынам апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

«Медыязона» знайшла старонку затрыманага «Вконтакте», яго завуць Вадзім Чараўко. На старонцы Чараўко ў linkedin паказана, што ён заснавальнік кампаніі «aOrion» і сузаснавальнік кампаніі «United Vehicle Robotics». У відэа сілавікоў затрыманы кажа, што ў «aOrion» займае пасаду намесніка дырэктара па развіцці. Таксама мужчына расказвае, што яго кампанія займаецца вытворчасцю грамадзянскіх дронаў. Чараўко дадае, што ў фірме «размаўлялі з праваахоўнікамі пра тое, як можна эксплуатаваць» беспілотнікі.

На камеру мужчына кажа, што некалькі разоў браў удзел у пратэстах у 2020 годзе. 

«aOrion» займаецца распрацоўкай і вытворчасцю прафесійных дронаў для бізнесу і дзяржслужбаў.

«United Vehicle Robotics» займаецца праектаваннем і распрацоўкай аўтаномных грузавых дронаў-верталётаў і грузавых беспілотных авіяцыйных сістэм верталётнага тыпу.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 308 дзён, Максіма Знака — 312 дзён, Мікалая Статкевіча — 311 дзён, Ігара Лосіка — 302 дні, Віктара Бабарыкі — 238 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 167 дзён, Уладзіміра Гундара — 136 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1466 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1641 чалавек. Сярод іх — 181 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.