«Свет павінен ведаць: у беларускіх турмах знікаюць людзі»
Беларускія праваабаронцы працягваюць гаварыць пра катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне.

Леанід Судаленка. Фота: ПЦ «Вясна»
Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што цягам трох гадоў, праведзеных ім у беларускай папраўчай калоніі, яго і іншых палітвязняў рэгулярна пазбаўлялі спатканняў з сям'ёй, тэлефонных званкоў і пасылак. Ён ледзь не памёр, калі па ўстанове пранёсся COVID-19. І ён быў вымушаны правесці апошнія дзевяць дзён свайго зняволення ў сырым карцары, спаць на бетоннай падлозе з рулонам туалетнай паперы замест падушкі.
Яму давялося насіць жоўтую бірку на сваёй уніформе — як і ўсім прыкладна 1473 палітвязням, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі, — каб іх было лёгка апазнаць ахоўнікам, якія, паводле слоў Судаленкі, рэгулярна здзекуюцца з іх, абражаюць і прыніжаюць годнасць.
«Беларускія ўлады наўмысна ствараюць жудасныя ўмовы ўтрымання палітвязняў, якія кваліфікуюцца як катаванні», — заявіў Судаленка ў інтэрв'ю «Associated Press» пасля таго, як адбыў тэрмін за кратамі і з'ехаў у суседнюю Літву.
Рэжым распраўляецца з праціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі з моманту фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 года. Больш за 35 000 чалавек былі арыштаваныя, тысячы падвергліся збіццю, а сотні незалежных сродкаў масавай інфармацыі і няўрадавых арганізацый былі зачыненыя і абвешчаныя па-за законам.
Большасць дэманстрантаў адседзелі ў турме некалькі дзён ці тыдняў, але такім, як 58-гадовы Судаленка, былі прад'яўленыя больш сур'ёзныя абвінавачанні, праз якіх яны апынуліся ў турме на доўгія гады. У мінулым месяцы Судаленка даведаўся, што ўлады распачалі супраць яго новую справу, хоць цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы за мяжой.
Глядзіце таксама

У зняволенні па-ранейшаму знаходзіцца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі, які заснаваў найстарэйшую і найбольш вядомую праваабарончую арганізацыю Беларусі «Вясна». Ён адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення і ўтрымліваецца «ў поўнай ізаляцыі», без доступу да лекараў, паведаміла яго жонка Наталля Пінчук у інтэрв'ю AP.
Некалькі зняволеных не перажылі турэмнага зняволення, сказала яна, адзначыўшы, што мастак Алесь Пушкін памёр у ліпені ад прабадной язвы пасля таго, як не атрымаў медыцынскай дапамогі, і Вітольд Ашурак, чыё цела было перададзена сваякам у 2021 годзе з павязкай на галаве.
Некаторыя з палітвязняў зніклі ў турэмнай сістэме пасля арышту. Пра лёс Віктара Бабарыкі, які спрабаваў кінуць выклік Лукашэнку на выбарах і быў збіты падчас адбыцця 14-гадовага тэрміну зняволення, нічога не паведамляецца. Пра іншага лідара апазіцыі, Мікалая Статкевіча, нічога не чуваць амаль год.
«Свет павінен ведаць пра гэта і адрэагаваць на гэта, — кажа Пінчук. — У беларускіх калоніях і турмах знікаюць людзі, і сваякі многіх палітвязняў нічога не чуюць пра іх сотні дзён».
Яна перадала справу свайго мужа прадстаўнікам ААН па правах чалавека.
Прадстаўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведамілі AP, што ў іх няма каментароў з нагоды абвінавачанняў.
Судаленка ўпершыню быў затрыманы ў Гомелі ў студзені 2021 года і абвінавачаны ў «арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Доказы супраць яго ўключалі публікацыю ў Facebook, у якой ён збіраў грошы на куплю дроў для сям'і чалавека, які абвінавачваецца ў «масавых беспарадках» падчас пратэстаў. Суд таксама заявіў, што ён аднойчы правёў семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў і дапамог аплаціць штрафы і судовыя выдаткі іншым абвінавачаным.
Пры ператрусе яго офіса і кватэры сілавікамі было выяўлена больш за 350 дасье на пратэстоўцаў, якім ён дапамагаў рыхтаваць апеляцыі па іх справах.
Ён сказаў, што на судзе даведаўся, што ўлады падслухоўвалі яго размовы з жонкай, калі яна наведвала яго ў зняволенні, і «затым выкарыстоўвалі гэта супраць мяне».
«У Беларусі запушчаны жудасны канвеер рэпрэсій, а суды ператвораныя ў сляпых выканаўцаў гэтага дзяржаўнага беззаконня», — сказаў Судаленка.
Ён быў адпраўлены ў папраўчую калонію «Віцьба-3» недалёка ад Віцебска, і на яго ўніформу была прышыта адметная жоўтая бірка, якая пазначае яго як палітычнага зняволенага, «схільнага да экстрэмізму», што, паводле яго слоў, выдзяляла іх з ліку ахвяр жорсткага абыходжання. Гэтыя біркі, кажа Судаленка, «занадта відавочна нагадвалі» тыя, якія габрэяў прымушалі насіць у нацысцкай Германіі.
«Усе палітвязні з жоўтымі біркамі штодня падвяргаюцца дадатковым непрыемнасцям і знявагам, — тлумачыць праваабаронца. — Метады цкавання могуць вар'іравацца ад карцараў і поўнай інфармацыйнай ізаляцыі да адмовы ў сустрэчы з адвакатам і адмове ў медыцынскай дапамозе і медыкаментах».
Паводле яго слоў, каля траціны з тысячы зняволеных «Віцьбы-3» з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, іх колькасць «прыкметна ўзрасла пасля пачатку вайны ва Украіне», калі пачасціліся арышты беларусаў, якія выступалі супраць расійскага ўварвання.
Глядзіце таксама

Прыкладна ў той час, калі пачалася вайна, у лютым 2022 года, у папраўчай калоніі адбылася ўспышка COVID-19, і Судаленка сказаў, што ён захварэў, у яго паднялася тэмпература да 40 градусаў, ён страціў пахі і яму стала цяжка дыхаць. Яго просьбы звярнуцца да лекара былі праігнараваныя, замест гэтага ахоўнікі кожны дзень давалі яму невядомую таблетку.
«Я быў у трызненні на працягу 20 дзён, паміж жыццём і смерцю, і цудам застаўся жывы, бо лекар ніколі не аглядаў мяне», — сказаў ён.
Судаленка падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, якая была зарэгістраваная ў кастрычніку і пазней накіраваная беларускім уладам, якія дагэтуль не адказалі. Ён сказаў, што новая крымінальная справа, распачатая супраць яго ў лістападзе па абвінавачанні ў «экстрэмізме», была «формай адказу».
У мінулы панядзелак сілавікі правялі ператрус у яго доме пад Гомелем і канфіскавалі яго зямлю.
У гэтым месяцы ўлады ЗША запатрабавалі ад Беларусі вызваліць усіх палітвязняў, у адваротным выпадку санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Мінска, будуць больш жорсткімі. 5 снежня было абвешчана аб новых санкцыях ЗША супраць 19 беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць Лукашэнку.
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, чый муж адбывае 19 з паловай гадоў турэмнага зняволення, сустрэлася з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнта і заканадаўцамі. Па выніках гэтай сустрэчы была сфармаваная беларуска-амерыканская рабочая група па палітычных зняволеных.
«Мы гатовыя гаварыць пра змену нашай палітыкі, паслабленне санкцый і паляпшэнне нашых адносінаў, як толькі рэжым вызваліць усіх сваіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народа і спыніць свой саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента Мэцью Мілер. Лукашэнка адмаўляецца абмяркоўваць з Захадам палітвязняў.
Глядзіце таксама

Незалежныя аналітыкі, такія як Валерый Карбалевіч, лічаць, што сітуацыя пагоршыцца напярэдадні парламенцкіх выбараў у наступным годзе і прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе.
«Алгарытм Лукашэнкі не мяняўся цягам некалькіх дзесяцігоддзяў, — кажа Карбалевіч. — Пасля кожных выбараў беларускі кіраўнік захоплівае столькі палітычных зняволеных, колькі можа, і пачынае гандлявацца з Захадам, патрабуючы змякчэння санкцый у абмен на вызваленне дэмакратычных лідараў».
Судаленка, які працягнуў сваю працу ў «Вясне», падлічыў, што ў Беларусі кожны дзень арыштоўваюць па палітычных матывах 15-20 чалавек.