«Звышзадача дэмсілаў на 2024 год — паспрабаваць вярнуцца ў агульнанацыянальны парадак дня»

Апазыцыйныя цэнтры ў замежжы, якія паўсталі як інстытуцыі пратэставага руху ў Беларусі, могуць ператварыцца ў орган палітычнага прадстаўніцтва дыяспары. Але гэтыя рухі за мяжой становяцца ўсё менш цікавымі грамадзтву ўнутры Беларусі, піша на «Свабодзе» палітолаг Валер Карбалевіч.

cihi_pratest____fota_novy_czas__img_5187_logo.jpg_logo_1.webp

Неспрыяльныя ўмовы

На працягу мінулага году беларускай дэмакратычнай апазыцыі давялося дзейнічаць у даволі неспрыяльных варунках. Акрамя ўзмацненьня палітычнага тэрору ў Беларусі, яшчэ некалькі чыньнікаў абцяжарвалі, стваралі рамкі, у межах якіх давялося існаваць апанэнтам рэжыму.

Найперш, у шэрагу краін працягваліся захады, накіраваныя на ўскладненьне ўмоваў легалізацыі беларускай дыяспары.

Ня страчвала актуальнасьці праблема адзінства апазыцыі. Нядаўняя канфэрэнцыя ў Кіеве, арганізаваная палком імя Каліноўскага, стала чарговым сьведчаньнем таго, што многія арганізацыі і цэнтры апазыцыі гатовыя супернічаць з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, аспрэчваць ейны статус адзінага прадстаўніка беларускай дэмакратыі.

Увогуле, уся стратэгія пераменаў у Беларусі, няхай і няяўна, грунтавалася на перамозе Ўкраіны ў вайне, у выніку якой рэжымы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі павінныя аслабнуць, і гэта створыць умовы для перамогі дэмакратыі. Адсюль і стаўка на сілавы варыянт зрынаньня рэжыму, якая пачала дамінаваць у дэмакратычнай супольнасьці з 2022 году.

Цяпер стала зразумела, што да ўкраінскай перамогі, мякка кажучы, далёка. А ніякіх іншых варыянтаў стратэгіі пераменаў у Беларусі, па сутнасьці, няма.

Посьпехі і дасягненьні

Спачатку пра посьпехі. Камандзе Ціханоўскай удалося ўмацаваць сваю міжнародную суб’ектнасьць. Пасьпяхова адбываўся працэс інстытуалізацыі прысутнасьці беларускай апазыцыі на розных міжнародных пляцоўках (Эўразьвяз, Рада Эўропы), прайшоў стратэгічны дыялёг з ЗША.

Аб’яднаная апазыцыя абнародавала Стратэгію пераходу да Новай Беларусі. У ёй адлюстраваны плян рэформаў у эканоміцы, палітычнай сыстэме, замежнай палітыцы пасьля таго, як цяперашні рэжым ці то зьнікне, ці то аслабне настолькі, што апазыцыя атрымае магчымасьць уплываць на грамадзка-палітычныя працэсы.

Гістарычны досьвед сьведчыць, што рэальныя працэсы пераменаў рэдка адбываюцца паводле загадзя распрацаванай праграмы. Бо на іх уплываюць розныя чыньнікі, і найперш рэальныя суадносіны палітычных сілаў, якія складаюцца на гэты момант. Аднак распрацоўка гэтай Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі зьяўляецца вельмі станоўчым крокам. Ня стаў бы цяпер аналізаваць плюсы і мінусы гэтага дакумэнту. Важны сам факт ягонага існаваньня. Бо ў нейкі момант, калі адкрыецца вакно магчымасьцяў (а гэты пэрыяд можа аказацца кароткім) перавагу атрымаюць тыя палітычныя сілы, якія маюць гатовую праграму, дакладны плян пераменаў.

І тут будзе дарэчы згадаць досьвед гарбачоўскай перабудовы. У нейкі момант, калі намэнклятурная большасьць Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Беларусі разгубілася і ня ведала, што рабіць, невялікая фракцыя БНФ пачала дыктаваць свой парадак дня. Бо добра разумела, які павінен быць плян дзеяньняў, мела калі не гатовую праграму, то дакладнае ўяўленьне пра мэты і пэрспэктывы будучай незалежнай Беларусі.


Глядзіце таксама

Уплыў палітычных рэпрэсій

Што тычыцца ўзмацненьня палітычнага тэрору ў Беларусі, то варта адзначыць, што ён нэгатыўна ўзьдзейнічаў на працу апазыцыі адразу ў двух кірунках. Унутры краіны рэпрэсіі паралізавалі легальную дзейнасьць любых арганізацыяў і фізычных асобаў. Былі зьліквідаваныя апазыцыйныя палітычныя партыі і рэшткі структураў грамадзянскай супольнасьці.

Другі кірунак палітычнага тэрору рэжыму скіраваны на эміграцыю. Улады не спыняюць спробы дацягвацца да апазыцыянэраў за мяжой. Пагрозы завочных судоў, пазбаўленьня грамадзянства, канфіскацыі маёмасьці пачалі ажыцьцяўляцца. Пра гэта сьведчыць нядаўні пагром кватэр чальцоў Каардынацыйнай рады. Гісторыя з пашпартамі таксама стала моцным ударам па палітычнай эміграцыі.

У выніку дзеяньня гэтай рэпрэсіўнай машыны ўплыў замежных апазыцыйных цэнтраў на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі мінімізаваўся. І гэтае мае свае нэгатыўныя наступствы.

Перад цэнтрамі апазыцыі паўстала рэальная пэрспэктыва кардынальна памяняць свой статус. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне», Каардынацыйная рада ды іншыя структуры зьявіліся на сьвет як органы народнага паўстаньня, прадстаўнічыя інстытуцыі пратэставага руху 2020 году ў Беларусі, як структуры, што адлюстроўваюць інтарэсы большасьці грамадзтва, якое выказала сваю волю падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы, менавіта ў такім статусе іх прызнае заходняя супольнасьць.

Аднак за гэтыя тры гады шмат што памянялася, адбылася пэўная эвалюцыя. Абвешчаны курс на эўрапейскую інтэграцыю азначае, што апазыцыйныя цэнтры цяпер прадстаўляюць інтарэсы дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Гэта пэўнае звужэньне сацыяльнай, палітычнай базы ў параўнаньні з той большасьцю, якая склалася ў 2020 годзе.

Але гэты працэс не спыніўся, ён працягваўся. Паступова, крок за крокам адбываецца ўзрастаньне ролі эмігранцкага парадку дня ў дзейнасьці гэтых структураў. Кірунак, які спачатку разглядаўся як часовы, пабочны адносна ўнутрыпалітычных працэсаў, пачынае ператварацца ў асноўны від, сфэру дзейнасьці.

Нерэалізаваны ўнутры краіны патэнцыял дэмакратыі апазыцыя спрабуе рэалізаваць у дыяспары. Тут адбываюцца выбары, зьяўляецца ўрад (Аб’яднаны пераходны кабінэт), парлямэнт (Каардынацыйная рада), падзел уладаў, фракцыі, партыі ды інш. Гэта захоплівае, уцягвае. З аднаго боку, адбываецца практычнае навучаньне дэмакратычным працэдурам. А з другога боку, ствараецца ілюзія ўдзелу ў сапраўднай палітыцы.

Але дыяспара — гэта яшчэ больш вузкая база, чым дэмакратычная супольнасьць Беларусі.


Глядзіце таксама

Апазыцыя і выбары

Вельмі важным паказьнікам гэтага працэсу стала тактыка апазыцыі адносна выбараў, якія рэжым праводзіць 25 лютага. Яна даволі немудрагелістая: мы ў іх ня ўдзельнічаем, фактычна байкатуем. Якраз з тае прычыны, што ніяк ня можам на іх уплываць. Замест гэтага ствараем уласны выбарны орган, Каардынацыйную раду, і праводзім туды выбары.

Беларуская апазыцыя ня першы раз зьвяртаецца да тактыкі байкоту. Але ў мінулым гэта разглядалася, па-першае, як цэлая палітычная кампанія. Па-другое, байкот меў задачу нейкім чынам узьдзейнічаць на рэжым, зрабіць умовы наступных выбараў больш дэмакратычнымі. Бо лічылася, што адсутнасьць у выбарчым працэсе апазыцыі дэлегітымізуе рэжым. Наколькі гэта ўдавалася ў сапраўднасьці рэалізаваць, іншая справа. Але такія задачы ставіліся.

Цяпер байкот зводзіцца да аднаго: «Мы ня ўдзельнічаем». То-бок ігнаруем падзею ўнутры краіны. І прапануем альтэрнатыву — выбары ў Каардынацыйную раду, якая дзейнічае ў замежжы. Альтэрнатыва, скажам мякка, так сабе. Бо варта толькі задаць пытаньне: а колькі грамадзянаў Беларусі будзе ўдзельнічаць у выбарах Каардынацыйнай рады? 100 тысячаў? 200 тысячаў? Які працэнт насельніцтва?

Атрымліваецца, што замест адной імітацыі, якую робяць улады, прапануецца іншая імітацыя. У выніку назіраем нешта накшталт вайны імітацыяў.

Небясьпека палягае ў тым, што апазыцыйныя цэнтры ў замежжы, якія паўсталі як інстытуцыі пратэставага руху ў Беларусі, могуць ператварыцца ў орган палітычнага прадстаўніцтва дыяспары. Але гэтыя рухі за мяжой становяцца ўсё менш цікавымі грамадзтву ўнутры Беларусі. Атрымліваецца, што тое самае гета, у якім доўгія гады існавала ўнутры краіны «старая» апазыцыя, цяпер перамяшчаецца за мяжу? Гэта пакуль пытаньне, а ня сьцьверджаньне. Але пытаньне актуальнае.

Хоць гэты працэс у чымсьці аб’ектыўны, але вось гэтая тактыка «няўдзелу» ў выбарчым працэсе ўнутры Беларусі, альтэрнатыва ў выглядзе выбараў у Каардынацыйную раду паказвае, як лёгка зьбіцца на такі шлях.

Звышзадача, якая стаіць перад дэмакратычнай апазыцыяй на наступны 2024 год — паспрабаваць вярнуцца ў агульнанацыянальны парадак дня.