Вадзім Пракоп’еў: Трэба перастаць прыкідвацца, што мы перамагаем
Прыняць рэальнасць, якая яна ёсць. Больш не прыкідвацца, што мы ўсё робім правільна і перамагаем. Заняцца нарошчваннем палітычных мускулаў, ды далучыць да гэтай справы дыяспару, прапануе Вадзім Пракоп’еў інтэрв’ю «Позірку».
Былы мінскі рэстаратар, а цяпер палітычны актывіст і грамадскі дзеяч Вадзім Пракоп’еў у лістападзе заявіў аб намеры абірацца ў новы склад Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР). Раней ён разам з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерам Сахашчыкам і спікерам КР Андрэем Ягоравым здзейсніў турнэ па беларускіх дыяспарах.
Падчас сустрэч пад агульнай назвай «Што рабіць дзеля вольнай Беларусі» актывіст выказаў меркаванне, што без адзінага палітычнага «цэнтра сілы» беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, «вокны магчымасцяў» для дэмакратычных пераменаў на радзіме будуць прапушчаныя.
У інтэрв’ю «Позірку» Вадзім Пракоп’еў распавёў пра свае палітычныя погляды, пра тое, што паўплывала на яго рашэнне вылучацца ў КР, падзяліўся тэзісамі перадвыбарнай праграмы.
«Прапаную карабель паправіць, а не ламаць»
— Чаму рашэнне вылучаць сваю кандыдатуру ў КР прынята цяпер?
— Усё вельмі проста. Наш карабель збіўся з курсу. Я спрабаваў добрым словам непублічна, спрабаваў добрым словам публічна, спрабаваў мяняць інтанацыю. Робяць выгляд, што не чуюць. Аддаюць перавагу не заўважаць паводле прынцыпу: «Калі я заплюшчу вочы, то, можа быць, гэта знікне». Перачакаюць медыйную буру, вяртаюцца да старых практык, business as usual («проста бізнэс» з англійскай. — Рэд.).
Чаму? Бо не залежаць ад меркавання выбаршчыкаў. Бо маюць уплыў на СМІ. Бо можна. Я, зразумела, меркаваў, што я не адзіны, хто перакананы, што карабель збіўся з курсу. Праехаўшы па дыяспарах двух кантынентаў, я пацвердзіў свае здагадкі.
Пры гэтым — увага! — у адрозненне ад шматлікіх расчараваных у стратэгіі Офіса Святланы Ціханоўскай, я не прапаную [карабель] «адмяніць». Я прапаную паправіць!
Цяпер мяне, як і многіх іншых, лёгка ігнараваць. Я толькі палітычны актывіст. Але КР — легітымны орган, прапісаны ў законах такіх краін, як ЗША (у дзейнай з 2020 года версіі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі КР названа «легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады». — Рэд.). Калі мне ўдасца стаць прадстаўніком у КР на адкрытых канкурэнтных выбарах, мае прапановы будзе больш складана ігнараваць.
Калі ж я здолею з дапамогай сваіх ведаў, логікі і рыторыкі пераканаць новых сябраў КР, што нам патрэбна карэкціроўка стратэгіі, перазагрузка, то ігнараваць большасць абраных прадстаўнікоў стане рашуча немагчыма.
Так мы і паправім курс нашага карабля без злому і скасавання таго, што створана. Capite? (з італьянскай «Разумееце?». — Рэд.)
— У Беларусі, мяркуючы па рэдкіх сацапытаннях і інфармацыі, якая выходзіць адтуль, пануе апатыя і нявер’е ў перамены. Як падняць гэты пласт людзей, калі настане пераломны момант?
— Тэмпераментам. Інтэлектам. Новай стратэгіяй.
— На чым грунтуецца ўпэўненасць, што людзі пойдуць за вамі як за рэальнай палітычнай сілай?
— На досведзе і аналізе.
«Ціханоўскую нельга страціць, але неабходна вярнуць у рэчаіснасць»
— У публічнай палітыцы патрэбна дыпламатыя. Вы часам рэзкі ў дэклараванні сваёй пазіцыі і ідэй. Як будзеце сябе пераадольваць?
— Мне не трэба сябе пераадольваць. Вы не можаце пабудаваць сетку паспяховых рэстаранаў у такім складаным сацыяльным асяроддзі, як Мінск, калі вы не дыпламат.
Калі вы намякаеце на вядомы факт, калі спецыяльны прадстаўнік ЗША па Беларусі спадарыня Джулі Фішар паднялася і пакінула памяшканне падчас майго выступлення на эканамічным форуме ў верасні 2021 года ў Карпачы (Польшча), скажу наступнае: я б і зараз нічога не памяняў у тым выступе. Казаць непрыемную праўду важней, чым замятаць смецце пад дыван пры ўмове, што вы трымаецеся джэнтльменам, вядома.
— Давайце патлумачым шырокай публіцы, пра што ідзе гаворка.
— Гэта была панэль, на якой дыскутаваліся спосабы выхаду з беларускага крызісу. Выступоўцамі апроч мяне былі заяўлены Іван Краўцоў (былы член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, член КР. — Рэд.) і Валер Кавалеўскі (дыпламат, на той момант кіраўнік кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай, цяпер прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах. — Рэд.). Мадэраваў Ілля Салей (юрыст перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі. — Рэд.). У зале маглі знаходзіцца ўсе ахвотныя. Прысутнічала 30—35 чалавек, у тым ліку Павел Латушка (дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. — Рэд.) і Джулі Фішар.
На маёй фразе: «У Лукашэнкі ўладу можна забраць выключна сілай, пазбаўцеся ад ілюзій…» — спадарыня амбасадар пакінула памяшканне.
У мяне ёсць падазрэнне, што паважаная Джулі Фішар нічога не зразумела пра нашу краіну ў момант экзістэнцыйнага крызісу і выявіла некампетэнтнасць, за што і была «ўзнагароджана» пераводам на Кіпр. І гэта — трагічны збег абставінаў. Адносна яе кампетэнцый мне ёсць што сказаць, але гэта цягне на доўгае інтэрв’ю. Я ведаю, хто будзе наступным special envoy (з англійскай «спецыяльны пасланнік». — Рэд.) ад ЗША, і ўскладаю вялікія надзеі на яго кампетэнцыі.
(Джулі Фішар, якая працуе амбасадарам ЗША на Кіпры, пакуль не адказала на запыт «Позірку» пракаментаваць тую сітуацыю. Адзін з удзельнікаў форуму (прозвішча рэдакцыі вядома) адзначыў у размове з «Позіркам», што Фішар Пракоп’еву «вельмі не давярала». — Рэд.)
— Як вы ахарактарызуеце свае адносіны з офісам Святланы Ціханоўскай і тымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, якія бачаць яе «скінутай»? Вы мяркуеце пазіцыянавацца як альтэрнатыва/процівагу Ціханоўскай ці бачыце сябе своеасаблівым цэнтрыстам у канфігурацыі «Ціханоўская» і ўмоўны «блок Цапкалы», былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду?
— Святлана Ціханоўская, нягледзячы на гісторыю здзейсненых памылак, застаецца адным з нашых найважнейшых інструментаў прасоўвання. Але ёй патрэбная дапамога, ёй патрэбная second option («другі варыянт» з ангельскай. — Рэд.). Нельга губляць яе, але неабходна вярнуць у рэальнасць.
Я адношу сябе да людзей, якія глыбока разумеюць працэсы ўнутры дэмакратычнага руху, адчуваюць расстаноўку сіл і настроі ўнутры краіны і пры гэтым бачаць «вялікую карціну», сусветны кантэкст, разумеюць неабходнасць каліброўкі стратэгіі.
Я разумею пачуцці Зянона Пазьняка і Валера Цапкалы, але лічу іх метады контрпрадуктыўнымі.
«Праз два гады пачаць сапраўдны матч»
— Асноўныя тэзы вашага плана, якія можна агучыць зараз і яго часавая перспектыва?
— Прыняць рэальнасць, якая яна ёсць. Перастаць прыкідвацца, што мы ўсё робім правільна і перамагаем. Заняцца нарошчваннем палітычных мускулаў. Выкарыстоўваць рэсурсы дыяспары для пабудовы Вежы Палітычнай Альтэрнатывы. Ні на што не адцягваць увагу.
Праз два гады такога будаўніцтва выйсці ў рынг трэніраваным «палітычным баксёрам» і пачаць сапраўдны матч. На іншым узроўні. Калі ёсць воля, усё дасягальна. Больш падрабязна — у перадвыбарнай праграме.
— Вашы з’яўленні ў публічнай сферы можна ахарактарызаваць як спарадычныя. Вы часта знікаеце з медыйнага парадку дня, але вяртаецеся з сур’ёзнымі дэкларацыямі. Калі гэта частка іміджу, ці не замінае яна? Калі не, то як быць з публічнасцю і рэпрэзентатыўнасцю ў выпадку абрання ў КР?
— Тое, што вы называеце спарадычным, я называю своечасовым і дакладным. Не мне меркаваць, ці ўплывае гэта дрэнна на мой імідж. Мяркуючы па захаванай цікавасці — наадварот. Калі б у мяне была мэта стаць медыйнай суперзоркай — я б запісваў бессэнсоўныя відэа штодня. У мяне няма такой мэты.
Таму дзейнічаем, як у кёрлінгу: асцярожна, без крыку і мітусні. Папраўляем і рухаем працэсы ва ўмовах запаволенага грамадскага метабалізму. У джазе ноты, якія вы прапускаеце, значаць часам больш за тыя, што вы граеце.
«Сфармаваць «АЗГ» Diaspora United»
— Якія вынікі турнэ па дыяспарах? У адным з каментароў вы сказалі, што яны ініцыятыўныя і гатовы дзейнічаць. Ці няма відэльца паміж «хочам» і «можам»? Наколькі прыдатны гэты патэнцыял да тых ідэй, якія вы агучвалі на сустрэчах: мікрападатак, падтрымка і рэпрэзентацыя беларусаў у свеце?
— Я заўсёды падазраваў, што ў дыяспарах наша сіла, наш інтэлектуальны і арганізацыйны патэнцыял. Недавыкарыстаны. Не ўключаны.
Каб зрабіць з іх палітычную сілу, трэба вельмі пастарацца. І патрэбны асаблівы падыход. Гэта павінна быць масавая арганізацыя сучаснага тыпу: лічбавая, модная, жывая. Яна, паводле маёй задумы, запоўніць тую нішу ў палітычнай архітэктуры, дзе павінен быў быць масавы Рух. Аналаг польскай «Салідарнасці». У мяне ёсць ідэя, як гэта зрабіць. Але гэта стартап. Патрэбны рэсурсы, укладанні ў маркетынг.
Маё бачанне такое: трэба прыйсці да гэтага ў два скачкі. Першы — уцягнуць дыяспару ў выбары ў КР. Зафіксаваць поспех. Прыцягнуць фундатараў. І прыступіць да другога этапу — сфармаваць «АЗГ» Diaspora United.
— «АЗГ»?
— Так, «аб’яднаная злачынная групоўка», і менавіта ў двукоссі — гэта тролінг лукашысцкіх сілавікоў.
— Тур па дыяспарах можна разглядаць як частку перадвыбарнай кампаніі?
— Рэмарк пісаў: «Той, хто аддае, павінен стамляцца, калі ніколі нічога не атрымлівае ўзамен. Нават у наймацнейшым акумулятары ўпадзе напруга, калі няма дынама, якое яго зараджае ізноў».
Мне патрэбны вочы суайчыннікаў насупраць, каб праверыць свае ідэі, каб мяне пакрытыкавалі, каб ужывую. Гэта надае мне сілы. У Мінску, у мінулым жыцці, я шмат выкладаў. У вялікіх аўдыторыях. Я знудзіўся. Звычайна падчас такіх паездак дзве-тры гадзіны гавару, потым яшчэ столькі ж часу займаюць пытанні-адказы.
Ці дапаможа гэты тур па дыяспарах майму абранню? Цяжка сказаць. Можа, наадварот. Скажуць: дзівак нейкі — і прагаласуюць за Рымашэўскага (прадстаўнік хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі. — Рэд.). Чорт яго ведае. Беларуская душа — поцемкі.
— Вы нячаста заяўляеце пра пачатак новых ініцыятыў, але наколькі гатовыя быць паслядоўнымі ў сваіх палітычных памкненнях? Было папулярнае «Радыё Гаага», потым яго не стала. Ці можа паўтарыцца такая сітуацыя і з вашым паходам у палітыку?
— Калі вы ўважліва прасочыце за тым, чым я займаўся апошнія 20 гадоў, то выявіце логіку і паслядоўнасць у кожным маім дзеянні.
«Радыё Гаага» з’явілася своечасова, адыграла сваю ролю, наўмысна пастаўлена на паўзу, вернецца ў патрэбны момант. Дайце сеансу набрацца. Цяпер не час эмацыйнай агітацыі, цяпер час будаўніцтва інстытутаў.