30 млн дапамогі, новыя санкцыі. Кавалеўскі — пра вынікі працы дэмсіл у Вашынгтоне
30 мільёнаў долараў дапамогі дэмакратычнай Беларусі, замацаванне афіцыйных адносін з дэмсіламі і новы пакет санкцый для рэжыму Лукашэнкі. Такія высновы адзначыў прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі па выніках стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі Амерыкі ў Вашынгтоне.
Як адзначае прэс-служба Кабінета, менавіта Кавалеўскі займаўся падрыхтоўкай стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША» і прымаў у ім непасрэдны ўдзел.
«Праца дэлегацыі на чале са Святланай Ціханоўскай у Вашынгтоне складалася з дзвюх частак. Першая ўяўляла сабой уласна Стратэгічны дыялог і яго асобныя сесіі, — падкрэсліў Валерый Кавалеўскі. — Другая складалася з сустрэч з кангрэсменамі, аналітычнай супольнасцю ў Інстытуце Брукінгса, у Сусветным банку, МВФ, а таксама з выступленняў кіраўніцы Кабінета — перад падкамітэтам па Еўропе камітэта па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, у Атлантычнай Радзе «За свабоду».
Таксама, дадаў Кавалеўскі, адбылося знаёмства Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам.
Сярод дасягнутых вынікаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета вылучыў наступнае:
пацверджаны пакет дапамогі для дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці Беларусі на наступны год на 30 мільёнаў долараў;
абвешчаны новы пакет санкцый супраць рэжыму;
аб’яўлена адкрыццё ў Вільні офіса Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці па Беларусі;
падкрэслена неабходнасць сістэмных намаганняў па абароне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі;
дамовіліся стварыць працоўныя групы (па палітзняволеных, прыцягненні рэжыму да адказнасці і інш.);
рыхтуецца рашэнне аб прызначэнні спецпасланніка Дзярждэпартамента ЗША па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю;
у Сенат ЗША ўнесена для зацвярджэння абноўленая версія Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўтрымлівае актуальныя палітычныя пазіцыі ўрада ЗША па Беларусі і вызначае канкрэтныя дзеянні па падтрымцы ЗША грамадзянскай супольнасці;
атрымана згода амерыканскага боку на пашырэнне праграм падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў;
амерыканскі бок разгледзіць магчымасць падоўжыць
тэрміны дзеяння амерыканскіх віз і палепшыць умовы для легалізацыі беларусаў у
ЗША.