Аляксандр Фрыдман: Новы польскі ўрад будзе для Лукашэнкі не лепшы, нават горшы

Польскаму ўраду не прапануеш пачаць «з чыстага ліста»: там сядзяць людзі, якіх Лукашэнка ўжо падманваў.

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_0386_logo_logo.jpg

13 снежня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў прысягу ў новага прэм’ер-міністра Дональда Туска і кабінета міністраў.

Кіраўніком польскай дыпламатыі прызначаны Радаслаў Сікорскі.

І Дональд Туск, якому ў 2005 годзе забаранілі ўезд у Беларусь, і Радаслаў Сікорскі добра ведаюць Лукашэнку. Так што радасць беларускага рэжыму і ягонай прапаганды з-за паразы «ПіС» і прыходу новага ўрада яўна заўчасная.

Якіх зменаў варта чакаць у адносінах паміж Мінскам і Варшавай? Пагаварылі з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Заявы Лукашэнкі і выказванні дзяржаўнай прапаганды досыць супярэчлівыя. Першапачаткова Мінску спадабалася, што «ПіС» не перамог і не ў стане сфармаваць новы ўрад. Пазней у Мінску сталі жадаць зацягвання палітычнага крызісу ў Польшчы: чым далей, тым лепш для лукашэнкаўскага рэжыму.

Надзеі аказаліся марнымі: палітычны крызіс у Польшчы вырашыўся, хоць пэўны час і згублены, але новы ўрад сфарміраваны. Прычым урад яўна антылукашэнкаўскі, радыкальна антылукашэнкаўскі, але, у адрозненне ад «ПіСа», яшчэ і празаходні. Той самы ўрад, які будзе актыўна ўздымаць пытанні і Беларусі, і Украіны на еўрапейскім узроўні. Нейкіх паблажак Лукашэнку чакаць не выпадае: ва ўрадзе сядзяць людзі, якія ведаюць Лукашэнку яшчэ з мінулых часоў.

Дарэчы, у новы ўрад увайшоў і былы міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, які мае вопыт асабістых стасункаў з Лукашэнкам: у 2010 годзе ён у складзе дэлегацыі прыязджаў у Мінск, тады яшчэ была надзея, што ў Беларусі можа нешта змяніцца ў лепшы бок, што з Лукашэнкам можна размаўляць. Але Лукашэнка падмануў іх, пра што Сікорскі падрабязна апісаў у сваіх успамінах: там Лукашэнка паказаны, як чалавек з абсалютна неверагоднымі і дзікунскімі ўяўленнямі пра жыццё. Яны ведаюць яго, яны не маюць ілюзій наконт яго, гэта яўна не тыя людзі, якім можна прапанаваць пачаць усё «з чыстага ліста».

З пункту гледжання цяперашняга польскага ўрада Лукашэнка такі ж вораг, як і Пуцін, з ім трэба змагацца — і дзейнічаць жорстка. Таму ніякіх надзеяў на паляпшэнне стасункаў няма і быць не можа. Магчыма, цяперашні ўрад будзе дзейнічаць больш элегантна, таму што ён больш інтэлектуальны, больш дыпламатычны, больш еўрапейскі. Прынцыповых зменаў у польскай палітыцы не адбудзецца.

І Лукашэнка ведае гэта. Уся ягоная рыторыка пра тое, што «ворагі» з «ПіС» сышлі, — толькі добрая міна пры дрэннай гульні. Думаю, сённяшні польскі ўрад будзе для Лукашэнкі не лепшы, нават горшы.

— Ці будзе суседская кааліцыя з Польшчы, Літвы, Латвіі нарошчваць антылукашэнкаўскія настроі?

— Канешне. Суседзі будуць дзейнічаць супольна і паўсюль будуць уздымаць пытанне Беларусі: яны мяжуюць з Беларуссю і не маюць ілюзіяў наконт лукашэнкаўскага рэжыму. Гэта партугальскі ўрад мог асабліва не цікавіцца Лукашэнкам, бо Партугалія знаходзіцца на адлегласці ад Беларусі. У далёкіх краінах могуць уздымацца пытанні кшталту людзі мяняюцца, можа, і Лукашэнка зменіцца? Але суседзі будуць рабіць усё, каб Лукашэнка сышоў.

Новы польскі ўрад — гэта новы ўзровень польскай палітыкі: на Захадзе яго будуць паважаць і будуць разглядаць як важнага, добрага, канструктыўнага партнёра. І тое, што польскі ўрад будзе даносіць да Захаду, будзе ўспрымацца інакш, чым тое што даносіў ПіС. Так што суседзі будуць дзейнічаць супольна і жорстка — Лукашэнку нічога добрага не чакае.

— Ці будзе Польшча дамагацца ўзмацнення санкцыйнага ціску на афіцыйны Мінск?

— Справа ў тым, што санкцыі супраць Лукашэнкі ініцыяваў і папярэдні польскі ўрад, ён вельмі актыўна праціскаў гэтае пытанне. Калі б санкцыі ўводзілі Польшча і краіны Балтыі, то сёння мы мелі б санкцыі на іншым якасным узроўні, прынамсі, супраць беларускага рэжыму былі б такія ж, як і супраць Расіі.

Больш жорсткія санкцыі не ўводзяцца з-за пазіцыі краінаў Заходняй Еўропы, якія сыходзяць з наступнага пастулата: пакуль удзел Лукашэнкі ў вайне не выйшаў на якасна новы ўзровень. І пэўная логіка ў такім падыходзе, канешне, ёсць: калі вы жадалі ўраўняць санкцыі супраць Лукашэнкі з антырасійскімі, то гэта трэба было рабіць тады, калі ён актыўна супрацоўнічаў з РФ. А ён гэта рабіў у мінулым годзе. Прынамсі, санкцыі трэба было ўзмацняць за ПВК «Вагнер», за расійскую ядзерную зброю. А цяпер Лукашэнка сапраўды не асабліва актыўнічае ў вайне: дапамога, якая аказваецца Расіі, непараўнальная з мінулагодняй, не ідуць абстрэлы Украіны з беларускай тэрыторыі, няма ў Беларусі расійскіх войскаў, не рыхтуецца новая аперацыя супраць Украіны праз тэрыторыю Беларусі.

Якія зараз ёсць падставы, каб санкцыі супраць Лукашэнкі ўраўняць з антырасійскімі?

Еўропа і ЗША вельмі проста падыходзяць да ўжывання санкцыяў: нешта зрабіў — атрымлівай санкцыі. А што менавіта зараз Лукашэнка зрабіў? Нават міграцыйны крызіс замарудзіўся: пакуль Лукашэнка знаходзіўся не ў Беларусі, на мяжы не адбывалася эскалацыі. А гэта яшчэ раз паказвае, што пытаннямі мяжы займаецца менавіта Лукашэнка, а сілавікі не ішлі на абвастрэнне, калі Лукашэнка знаходзіўся за мяжой.

Дый увогуле сітуацыя пачынае выглядаць праблематычна. Возьмем кейс з перамяшчэннем украінскіх дзяцей. Лукашэнка цалкам не згарнуў гэтую спецаперацыю, але яна не выйшла і на якасна новы ўзровень. Доказы незаконнага перамяшчэння дзяцей ужо ёсць, ужо прадстаўленыя, іншых, напэўна, не будзе. Але Міжнародны крымінальны суд не ідзе далей, не выдае ордэр на арышт Лукашэнкі.

Заўсёды ёсць злачынства — і ёсць наступствы. Будзе выглядаць вельмі дзіўна, калі вайна закончыцца (праз два-тры гады), і толькі тады МУС выдасць ордэр на арышт. Узнікнуць пытанні: а чаго вы маўчалі раней?

Лукашэнка на гэты момант знайшоў статус-кво. Я б нават сказаў, што гэты год, які заканчваецца, пасля 2020-га быў найлепшым. Перабольшваць не трэба: мы не ведаем сапраўдны стан здароўя (магчыма, яго здароўе ў такім стане, што смешна казаць пра харошы для яго год). Фізічна ён здае — і гэта бачна няўзброеным вокам. Мяне трохі здзіўляе, што ягоную немач паказвае беларуская прапаганда. Канешне, Абіянг Мбасога выглядае яшчэ горш, але ён больш чым на 10 гадоў старэйшы за Лукашэнку, які не выглядае атлетам. А прапаганда ўсё гэта актыўна паказвае, не саромеючыся і не хаваючы. Было бачна, што Лукашэнку і рухацца цяжка, і вагу моцна набраў.

Але калі паглядзець на стабілізацыю рэжыму, то нічога катастрафічнага для яго не адбылося: сур’ёзных санкцыяў не атрымаў, ордэру на арышт пакуль няма, у вайну не ўцягнулі. Нават выйшаў на новы міжнародны ўзровень — з «вагнераўцамі», з ядзернай зброяй. Вынікі адыходзячага года выглядаюць для яго досыць нядрэнна.