Як звязаныя дзіўная беларуская міралюбнасць і COVID-19

Пакуль Лукашэнка прахалоджваўся (ці прыцяпляўся) у Эміратах, за яго нашыя міралюбныя ініцыятывы прасоўвалі іншыя людзі. Але хто ў Беларусі галоўны пасля Лукашэнкі? Можа, прэм’ер-міністр? Не. Галоўныя ў нас сілавікі. Таму міралюбная рыторыка выйшла нейкая… Нязграбная. І чаму ж пасля яе ніхто не хоча з намі сябраваць?

Фота з bgelite.ru

Фота з bgelite.ru

На тыдні пра сяброўства разгаварыўся шэф беларускага КДБ Іван Церцель. Канешне, разгаварыўся ў звыклай манеры. Спачатку ён усіх напужаў тым, што ў Польшчы аж сем харугваў ля мяжы цокаюць капытамі і гатовыя па першым жа свістку заходніх лялькаводаў уварвацца ў краіну і парушыць беларускую стабільнасць. Але КДБ, канешне, да гэтага гатовы. Церцель нават паведаміў, як агенты ЦРУ ходзяць па Мінску ў захапленіі ад нашай чысціні вуліц і асартыменту тавараў у крамах. Маўляў, заходнія санкцыі не працуюць, і ў Мінску можна затарыцца лепш, чым у «Акропалісе» ці «Ашане».

Пакпіўшы з палякаў, якія точаць зубы на нашую стабільную стабільнасць, Церцель раптам заявіў, што Беларусь гатовая «перагарнуць старонку» і абмяркоўваць з Польшчай і краінамі, як ён сказаў, «Прыбалтыкі» вострыя пытанні. «Кіраўнік дзяржавы неаднаразова выказваўся па пытанні адносін з Польшчай і іншымі нашымі суседзямі. Беларусь — міралюбная дзяржава, якая прытрымліваецца прынцыпаў неўмяшання ва ўнутраныя справы, добрасуседства, развіцця культурных, эканамічных, палітычных сувязяў. Розныя часы бывалі, але цяпер адносіны з Польшчай знаходзяцца на беспрэцэдэнтна нізкай кропцы. Іх практычна няма. Але гэта не па нашай віне. Мы не ўводзілі санкцыі супраць Польшчы, не закрывалі пункты пропуску. Наадварот, кіраўнік дзяржавы даваў даручэнні ўраду аб устанаўленні добрых, добрасуседскіх адносін, а таксама абмеркаванні праблемных пытанняў без папярэдніх умоў. На жаль, рэакцыі ў адказ не было», — заявіў Церцель.

«Мы гатовыя абмяркоўваць самыя вострыя пытанні. Гэта воля кіраўніка дзяржавы. Гэта тычыцца, дарэчы, і Прыбалтыкі. Я лічу, што шанец перагарнуць старонку і пачаць з чыстага ліста ёсць. Мы да гэтага гатовыя», — дадаў старшыня КДБ.

Праўда, як заўсёды, нашыя сілавікі (і не толькі яны, канешне, але і яны разам з іншымі чыноўнікамі) пакутуюць на вельмі дзіўную хваробу — выбарачную амнезію. Таварыш Церцель чамусьці не ўдакладняе, з-за чаго гэтую старонку раптам спатрэбілася перагортваць. Мігранцкі крызіс, арганізаваны пры дапамозе ўладаў Беларусі на мяжы з Польшчай? Не, не чулі. Просьбы «вагнераўцаў» пра экскурсію ў Жэшуў і Варшаву? Ах, гэта быў жарт! Саўдзел Беларусі ў вайне з Украінай і стварэнне ў РБ дэ-факта расійскіх вайсковых базаў? Нічога не ведаем. Расійская ядзерная зброя? Ну, якая вам розніца?..

Разгром у Беларусі польскай меншасці, рэпрэсіі ў дачыненні да ўладальнікаў «карты паляка», знос помнікаў польскім жаўнерам у Беларусі, Анджэй Пачобут дагэтуль у турме, нарэшце… Усё гэта Церцель прапануе «перагарнуць». Але ці не падаецца нашаму старшыні КДБ, што для «перагортвання старонкі» найперш беларускі бок павінен зрабіць нейкія крокі? Менавіта крокі, а не заклінанні пра нашае жаданне добрасуседства.

Глядзіце таксама

Падаецца, не дзіва, што новы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў былым Твітэр (цяпер Х) адзначыў, што «беларускія дэмакраты заўсёды будуць нашымі братамі, якіх мы аднойчы будзем вітаць у сям'і свабодных еўрапейскіх народаў». І скончыў свой допіс «экстрэмісцкім» у Беларусі лозунгам: «Жыве Беларусь!». Так, вы не забыліся, што пажаданне жыцця нашай краіне ў РБ — гэта «экстрэмізм», з якім змагаецца КДБ?

Асобная справа, канешне, словы Церцеля пра тое, што жаданне перагарнуць старонку тычыцца і «Прыбалтыкі». Зразумела, што кіраўнік КДБ у нас — чалавек старой загартоўкі, паслядоўнік «Жалезнага Фелікса». Але ж і да жалеза за 30 гадоў пасля развалу СССР павінна было дайсці, што ў краінах Балтыі азначэнне «Прыбалтыка» мае надзвычай негатыўнае і каланіялісцкае адценне. Так, «Прыбалтыкай» іх называлі ў часы савецкай акупацыі, і яны тады сапраўды былі «Пры-Балтыцы», пры Ленінградзе і Калінінградзе. Але ўжо і Ленінграда таго няма, і, перш чым заклікаць гэтыя краіны да добрасуседства, трэба спачатку адмовіцца ад каланіяльнай і прыніжальнай для іх рыторыкі. А то, атрымліваецца, у адным сказе Церцель, нібыта, і працягнуў ім руку сяброўства, і адначасова абразіў.

Імаверна таму міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс замест адказу на церцелеўскае «давайце сябраваць» паведаміў, што Польшча і Літва павінны мець двухбаковы план абароны Сувалкскага калідора.

«Сувалкскі калідор, які злучае Літву і Польшчу, злапомны з-за сваёй адчувальнасці і ўразлівасці, знаходзіцца ў падпарадкаванні абедзвюх краін. З геаграфічнага пункту гледжання паўночную частку павінна абараняць Літва, а паўднёвую — Польшча. Адсюль вынікае агульная адказнасць і абавязак мець двухбаковы план “першы-другі” пра тое, як можа выглядаць гэтая абарона, як яна павінна выглядаць», — сказаў міністр.

То-бок, узамен на прапанову добрасуседства (а можа, менавіта з-за гэтай прапановы ў той форме, у якой яна была выказаная) Польшча і Літва збіраюцца ўзмацніць ахову ўразлівага ўчастку сваёй тэрыторыі. Выдатны эфект беларускай міралюбнасці, праўда?

Глядзіце таксама

Але нельга сказаць, што ў Беларусі ўсё дрэнна. Не бывае такога, каб дрэнна было вось усё-усё. А таму ёсць навіна, якая павінна нас узрадаваць. На прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры загадчык лабараторыі біятэхналогіі і імунадыягностыкі асабліва небяспечных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Павел Семіжон паведаміў, што ў Беларусі… Вы не паверыце, нарэшце напрацаваныя тры доследна-прамысловыя серыі вакцыны ад COVID-19.

Паводле яго слоў, прататып вакцыны быў распрацаваны ў 2020-2021 гадах, была створана пляцоўка для выпуску прэпарата на базе «Белвітуніфарма», і там працуе доследна-прамысловая вытворчасць, пад якую рэканструяваны цэлы (!) адзін (!!) паверх!!!

Па яго словах, клінічныя выпрабаванні доследна-прамысловых серый вакцыны працягваюцца, і «як мяркуецца, у папярэдніх эксперыментах вакцына паказала сваю высокую эфектыўнасць».

Па-першае, вы яшчэ памятаеце пра COVID-19? Па-другое, хацелася б удакладніць, што азначаюць словы «як мяркуецца, вакцына паказала сваю эфектыўнасць». Па-мойму, яна альбо паказала эфектыўнасць, альбо не. Што азначае «як мяркуецца»? Кім мяркуецца? Хто мяркуе?

Тым не менш навіна добрая. Як паказалі розныя сусветныя клінічныя даследаванні, COVID-19 наўпрост пашкоджвае розныя аддзелы цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы і парушае нармальную працу ўсіх звёнаў працэсу памяці.

Калі ўлічваць гэта, то становіцца зразумелым увесь папярэдні ланцужок падзеяў. Радаслаў Сікорскі, Габрыэлюс Ландсбергіс, Дональд Туск і іншыя замежнікі своечасова самі прышчапіліся ад кавіду, і грамадзянаў сваіх краін прышчапілі. І не толькі сваіх: памятаеце, як нашыя людзі ездзілі на бескаштоўныя прышчэпкі ў тую ж Польшчу, каб не ўкалваць сабе расійскі «Спутнік»? А вось у Сінявокай «вірусы не лёталі», і спадар Церцель, напэўна, лячыўся па запаветах «кіраўніка дзяржавы», пра якога ён кажа з такім прыдыханнем. То-бок — трактарамі, гарэлкай, козачкамі. І таму ў Церцеля і з’явілася тая самая выбарачная амнезія.

Але ж у Ландсбергіса і Сікорскага яе няма. Будзем спадзявацца, што беларуская вакцына Семіжона неяк узновіць кагнітыўныя здольнасці кіраўніка беларускага КДБ. І не толькі ягоныя.