COVID вяртаецца? Праз новы штам вірусу ў свеце расце захворвальнасць

Новы варыянт каронавіруса мае назву «Эрыс» («Eris»), афіцыйная класіфікацыя — EG.5. Ён «нашчадак» сумнавядомага штаму «Амікрон», і ўжо зарэгістраваны больш чым у 50 краінах свету. Як і «Амікрон», ён пераносіцца ў больш лёгкай форме.

_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), відавочна, паспяшалася абвясціць у траўні канец пандэміі COVID-19. З'яўляюцца новыя мутацыі і варыянты вірусу. Хоць колькасць зафіксаваных выпадкаў вельмі нізкая, гэта можна растлумачыць не толькі тым, што найгоршае ўжо мінула (і так можа быць), але і тым, што тэставанне на COVID-19 цяпер практычна не праводзіцца.

Але нядаўна з'явіўся новы варыянт каронавіруса — EG.5. СААЗ заявіла, што гэты варыянт «ўяўляе цікавасць» — то-бок за ім уважліва сочаць. А колькасць новых выпадкаў захворванняў праз яго ўжо расце ў некаторых краінах, піша «Еўрарадыё».

Што за варыянт?

EG.5 — менавіта варыянт, а не новы штам: так, у яго досыць шмат мутацый, але на новы статус іх не хапае. Таму шмат у чым ён падобны да свайго «бацькі» — «амікрона». Гэта заразны штам, які хутка распаўсюджваецца і пры гэтым у цэлым менш небяспечны для жыцця і здароўя.

Дзе і як распаўсюджваецца «Эрыс»?

Калі глядзець звесткі ЗША, дзе варыянт ужо пераважае сярод заражаных, то колькасць шпіталізацыі апошнім часам вырасла на 40% у параўнанні з чэрвеньскімі мінімумамі. Добрая навіна: нават нягледзячы на рост, колькасць шпіталізацый на 90% ніжэйшая за пікавыя ўзроўні «Амікрона» за студзень 2022-га. У параўнанні ж з першымі варыянтамі, якія ў 2020-м паралізавалі сістэмы аховы здароўя па ўсім свеце, гэта зусім, лічы, нішто.

Рост колькасці новых выпадкаў фіксуецца і ў Вялікабрытаніі: за апошні тыдзень колькасць станоўчых тэстаў у Англіі вырасла на 23,8%, ва Уэльсе — на 23%. Рост ёсць таксама ў Італіі, Карэі і шэрагу іншых краін. Як і з папярэднімі варыянтамі, межы не спыняюць «Эрыс», таму дабрацца ён можа і да Беларусі.

Глядзіце таксама

Якія сімптомы ў новага варыянту COVID-19?

Клінічных даследаванняў новага варыянту пакуль няма, аднак у інтэрв'ю NBC навуковец з Універсітэта Агаё (ЗША) сказаў, што яны наўрад ці прыкметна адрозніваюцца ад сімптомаў іншых варыянтаў і штамаў.

Таму ў цэлым сімптомы такія: павышэнне тэмпературы, кашаль, стомленасць, боль у цягліцах, галаўны боль. Магчымая і добра знаёмая многім часовая страта нюху.

Новы варыянт небяспечны?

Пакуль што няма даных, якія сведчаць пра вялікую небяспеку EG.5 у параўнанні з папярэднікамі. Хоць у некаторых краінах фіксуюць рост новых выпадкаў, рэзкага ўсплёску смяротнасці ці сур'ёзных ускладненняў (у тым ліку тых, што прыводзяць да рэанімацыі) пакуль не адзначана.

Аднак важна памятаць, што ў цэлым каронавірус можа быць небяспечны (горш пераносіцца і часцей прыводзіць да ўскладненняў) у людзей з групаў рызыкі: пажылых, з аслабленым імунітэтам, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, хранічнымі пульманалагічнымі захворваннямі (напрыклад, з хранічнай абструкцыяй лёгкіх) або дыябетам. Таму ўсім, асабліва людзям з гэтых групаў, нельга расслабляцца цалкам.

Акрамя таго, нельга забываць пра «посткавід», або «доўгі кавід»: пра тое, як перанесеная інфекцыя ўплывае на арганізм. Даследаванні паказваюць, што каронавірус павялічвае рызыку трамбозу і інсульту як мінімум цягам некалькіх месяцаў пасля выздараўлення.

Глядзіце таксама

Як засцерагчы сябе? А прышчэпкі дапамогуць?

Базавыя правілы прафілактыкі COVID-19 застаюцца ранейшымі: сацыяльнае дыстанцыяванне, выкананне правіл базавай гігіены (мыццё і дэзінфекцыя рук), нашэнне масак у месцах збору людзей. Захаванне гэтых рэкамендацый на парадак зніжае рызыку заразіцца. І не толькі кавідам.

Даследаванняў па ўплыве вакцынацыі на новы варыянт яшчэ няма, але ва Універсітэце Джона Хопкінса (ЗША) кажуць, што EG.5 мае амаль ідэнтычныя з папярэднікамі шыпападобныя бялкі — а гэта асноўны індыкатар таго, ці дапамогуць прышчэпкі. Навукоўцы кажуць, што ў вакцынаваных (і тых, хто атрымаў «бустар») ёсць пэўны ўзровень абароны і ад «Эрыс».

Кансенсусу сярод навукоўцаў пра тое, ці трэба працягваць рэгулярна рабіць «бустары» (чацвёрты, пяты і гэтак далей), па-ранейшаму няма. У некаторых краінах (той жа Вялікабрытаніі) яшчэ адну прышчэпку прапануюць людзям з групы павышанай рызыкі, але не ўсім.

Вядома, калі вы дагэтуль не вакцынаваліся, новы варыянт дае нагоду задумацца пра тое, што варта засцерагчы сябе.