Цяпер афіцыйна: пандэмія каронавіруса скончылася!
Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэісус абвясціў, што СААЗ больш не лічыць распаўсюджанне каронавіруса надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага значэння.
Пра гэта Тэдрас Гебрэісус сказаў на прэс-канферэнцыі сёння, 5 траўня. Ён адзначыў, што ковід не перастаў быць глабальнай пагрозай для здароўя насельніцтва.
«На мінулым тыдні Covid–19 забіраў адно жыццё кожныя тры хвіліны — і гэта толькі тыя выпадкі, якія мы ведаем», — сказаў кіраўнік арганізацыі.
СААЗ паведамляла пра амаль сем мільёнаў смерцяў ад каронавіруса, але, па словах кіраўніка арганізацыі, колькасць ахвяр, верагодна, вышэйшая і набліжаецца да 20 мільёнаў.
СААЗ абвясціла распаўсюджанне каронавіруса надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага значэння ў студзені 2020 года, а ў сакавіку 2020-га кіраўнік СААЗ Тэдрас Гебрэісус заявіў, што распаўсюджанне каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у свеце «можна ахарактарызаваць як пандэмію».
Зрэшты, у Беларусі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч яшчэ 11 студзеня заявіў, што пандэмія скончылася, але расслабляцца нельга. Прынамсі так перадае словы кіраўніка беларускага Мінздароўя афіцыйны тэлеграм-канал арганізацыі.
Дзмітрый Піневіч адразу пасля навагодніх і калядных святаў заявіў: "Каронавірус захоўвае нізкую актыўнасць, існуе праблема рэспіраторных вірусаў і грыпу. Вядома, мы аналізуем урокі пандэміі. Яна навучыла нас іншаму фармату абмену інфармацыяй, аператыўнаму рэагаванню на змяненне становішча. Так, пандэмія ў краіне падышла да канца, але расслабляцца нельга, бо мы ўступілі ў эпоху вірусаў".
Мінздароўя лічыць, што "сур'ёзную ролю ў стабілізацыі эпідсітуацыі адыграла і вакцынацыя, якой у Беларусі ахопліваюцца ўсе катэгорыі насельніцтва. Актыўна вядзецца вакцынацыя ад COVID-19. Так, у краіне завяршылі вакцынацыю больш за 6,5 млн грамадзян". "Радуе і тое, што насельніцтва не трэба прымушаць і ўгаворваць, людзі вакцынуюцца з поўным разуменнем таго, ад чаго яны сябе абараняюць і які механізм", — сказаў кіраўнік ведамства.
У суседняй РФ улады паведамлялі пра смерць амаль 400 тысяч чалавек праз пандэмію. А ў сакавіку 2023 года афіцыйны партал "Стопкоронавирус. рф" абвясціў, што прыпыняе падлік даных аб калектыўным імунітэце супраць COVID-19 і аб колькасці вакцынаваных.