Гісторыя аднаго правалу. Пандэмія афіцыйна ўсё, а беларускую вакцыну яшчэ распрацоўваюць
Лукашэнка хацеў здзівіць свет уласнай распрацоўкай вакцыны супраць COVID-19, але нешта пайшло не так. Хацелі як лепш, атрымалася як заўсёды. Пандэмія ўжо афіцыйна скончылася — абяцанай прышчэпкі ад лукашэнкаўскіх фармаколагаў беларусы так і не дачакаліся.
Як змаганне з каронавірусам у адной асобна ўзятай краіне скончылася грандыёзным правалам і агаліла ваяўнічую дрымучасць рэжыму — расказваем.
Гісторыя каронавіруса ў Беларусі заслугоўвае месца ў хроніках абсурду лукашэнкаўскай эпохі. Найперш — як прыклад таго, што створаная былым старшынём шклоўскага саўгаса сістэма абсалютна не здольная не толькі спраўляцца з сучаснымі выклікамі, а нават адэкватна на іх рэагаваць.
5 траўня Сусветная арганізацыя аховы здароўя афіцыйна абвясціла пра перамогу над каронавірусам. Кіраўнік СААЗ Тэдрас Гебрэісус заявіў аб адмене рэжыму надзвычайнай сітуацыі, які дэ-факта і так даўно не дзейнічаў. Адпаведна канчаткова скасавана і пандэмія, якая забрала жыцці мільёнаў людзей.
За самім каронавірусам захавалі пандэмійны статус, але гэта ўжо дробязі. Тры гады гэтая трасца муляла чалавецтву, і вось ад яе пазбавіліся.
Усе, хто заўважыў гэтае паведамленне СААЗ, уздыхнулі з маленькай палёгкай. І толькі недзе ў Беларусі заплакалі навукоўцы, якія дагэтуль шчыруюць над стварэннем уласнай вакцыны супраць гэтай хваробы.
Гарэлка, козачкі, трактар
Ад самага пачатку стасункі беларускай дыктатуры з пандэміяй былі адным суцэльным сюрам. Ролю містэра Біна ў гэтай клаўнадзе выконваў, зразумела, Лукашэнка.
Ён працяглы час, упіраючыся рогам, адмаўляў само існаванне каронавіруса. Нібыта гэта снежны чалавек альбо Лахнеская пачвара. Ужо паміралі людзі, ужо валіліся з ног ад наплыву пацыентаў медыкі, ужо вакол праблемы самаарганізаваліся валанцёры, ужо Мінздароўя прыпыніла брыфінгі на гарачую тэму і пачало сарамліва фальсіфікаваць статыстыку… Ужо ў грамадстве саспеў кансенсус наконт таго, што хвароба жыццянебяспечная, а на Захадзе пачалі пераходзіць да лакдаўнаў. І толькі галоўны беларускі вірусолаг хадзіў рукі ў бокі і на блакітным воку казаў: «Вірус? Які вірус? Вы яго бачыце? І я не бачу! Значыць, няма ніякага віруса».
Колькі чалавечых жыццяў каштавала гэтае працяглае цемрашальства — пытанне асобнае, адказаць на яго мы зможам толькі ў будучыні.
Нават калі нарэшце ўсвядоміў Лукашэнка, што «не заўважыць» каронавірус не ўдасца, усё роўна не перастаў плявузгаць. Яго прапановы лекаваць ковід з дапамогай гарэлкі, лазні, козачак з падворка ці ўлюбёнага хакею, безумоўна, увайшлі ў залаты фонд пячорнага стаўлення да «кароны». Ён увайшоў у сусветны топ самых зацятых ковіддысідэнтаў, і калі было ў тым нешта станоўчае, то толькі адно. Шмат беларусаў нарэшце адкрылі вочы на гэтага палітыка. Зразумелі, што такі чалавек на чале дзяржавы — гэта катастрофа.
Праз колькі месяцаў пасля тых «козачак» сотні тысяч выйдуць на вуліцы, каб пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў. І ўпартае адмаўленне COVID-19 цаной тысяч чалавечых жыццяў стане адным з перадумоў пратэстаў 2020-га.
Лякарні, пацыенты і «наморднікі»
Пасля прызнаць каронавірус, вядома, прыйшлося — калі смажаным запахла настолькі, што прыйшлося хаваць любую статыстыку, з дапамогай якой можна было б палічыць колькасць ахвяр. Ужо тут прапагандысты пачалі ляпіць з колішняга адмаўляльніка пандэміі галоўнага барацьбіта з хваробай.
Наратыў быў прыкладна такі. Лакдаўну ў нас не было, «мы не закрываліся», затое захавалі эканоміку, так, каронавірус ёсць, але Александр Рыгоравіч майстэрскі правёў краіну паміж Сцылай і Харыбдай. Не тое, маўляў, што іншыя, хто пахаваўся ў бульбу і потым пацярпеў яшчэ больш ад усялякіх іншых наступстваў.
І цяпер Лукашэнка пачаў гойсаць па лякарнях. Гутарыў са спецыяльна адабраным персаналам, фамільярна пляскаў па спінах спецыяльна падрыхтаваных пацыентаў на нібыта ковідных ложках. Пра лячэнне трактарам больш не заікаўся, нават не грэбаваў рэспіраторнай маскай, якую, зрэшты, пагардліва называў «наморднікам». І пры гэтым як бы па-ранейшаму настойваў, што не настолькі страшны гэты самы ковід, каб яго баяцца.
Галоўны вірусолаг упарта забараняў уводзіць у краіне масачны рэжым і прылюдна ўвальваў за такі намер кіраўніцтву Мінздароўя. Перад наведваннем чарговай бальніцы раздражнёна — маўляў, залішні клопат — пырскаў антысептык чамусьці сабе на галаву. І з гэтага потым смяялася ледзьве не ўся Беларусь. Карацей, прызнаць відавочнае ўсё ж такі прызнаў — але і ад свайго антынавуковага бачання пандэміі да канца не адмовіўся. Бо не той, хто здольны ўвогуле прызнаваць свае памылкі.
Вакцыны: усялякія і бясплатныя
Свет адразу ўзяў слушны кірунак у барацьбе з каронавірусам — адмыслоўцы розных краін пачалі працаваць над стварэннем вакцыны. Неўзабаве з’явіліся прышчэпкі, назвы якіх хутка ўвайшлі ў паўсядзённы ўжытак. Амерыканцы зрабілі «Мадэрну», «Пфайзер» і «Джонсан і Джонсан», брытанцы — «АстраЗенеку», расійцы — «Спутнік», кітайцы — «Сінафарм», «КаронаВак» і «Веро Сел».
Агульная бяда аб’яднала чалавецтва — у межах розных праграм вакцыны распаўсюджваліся бясплатна. Напрыклад, у Беларусь за нуль рублёў былі дастаўлены некалькі партый кітайскіх вакцын агульнай колькасцю 3 мільёны доз. Масква падзялілася з Мінскам тэхналогіяй вытворчасці «Спутніка». Яшчэ некалькі партый беларускі рэжым закупіў за бюджэтныя сродкі.
Прышчэпак хапала — Лукашэнка нават змог пыхліва адмовіцца ад прапаноў Захаду. Абгрунтаваў гэта ў духу суцэльнага фэйспалму, але каго гэта здзівіла?
«Нам падкідваюць ідэю: завязіце «Пфайзер», «Джонсан і Джонсан», «Мадэрну» і іншае. Для чаго? Каб [людзі] маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт [вакцынацыі] і ехаць туды, да сваіх! Ехаць на Захад, інструкцыі атрымліваць! Вось для чаго ім гэта трэба!» — заявіў выбітны канспіролаг увосень 2021 года, наведваючы лякарню ў Лідзе.
Тады ж ён чарговы раз анансаваў вынаходніцтва ўласнай, беларускай, вакцыны ад COVID-19.
Гамэр, Мільтон і Панікоўскі
Упершыню пра запланаваную вытворчасць айчыннай прышчэпкі ў Беларусі загаварылі ў ліпені 2020 года. Паведамлялася аб стварэнні міжведамаснай групы, якая ў Акадэміі навук будзе займацца наўпроставай распрацоўкай.
Ужо тады было зразумела, што ідэя гэтая вартая жалю альбо смеху, бо навошта табе свая вакцына, калі можна бясплатна атрымаць замежную? Але Лукашэнка не быў бы Лукашэнкам, каб не ўбачыць тут магчымасці для задавальнення ўласных амбіцый. Відаць, заплюшчваў вочы і бачыў Беларусь у адзіным шэрагу з ЗША, Кітаем, Вялікабрытаніяй, Расіяй… У класікаў гэта называлася Гамэр, Мільтон і Панікоўскі.
На суседзяў у гэтым кантэксце ён звыкла глядзеў вачыма самаўпэўненага правінцыйнага пантарэза. Неяк нават заявіў, што Беларусь на мяжы з Украінай, Польшчай і Літвой адкрые пункты вакцынацыі, каб абяздоленыя жыхары гэтых краін маглі прыехаць і атрымаць чароўную дозу ратавальнай ін’екцыі.
«Хоць іх урады паводзяць сябе непрыстойна ў дачыненні да Беларусі, але вы бачыце, які попыт на «Спутнік» у заходніх дзяржавах! І да нас вельмі шмат людзей усяляк спрабуюць прабрацца, — казаў Лукашэнка. — Людзі просяць: дапамажыце! <…> У нас хапае на мяжы гэтых пунктаў, каб прыняць жадаючых».
Чым тая ідэя скончылася — вядома. Пшыкам. Вядома, ніхто з суседзяў не паехаў ратавацца ў Беларусь расійскім «Спутнікам», неяк абышліся заходнімі аналагамі. Дый увогуле пра тыя ўладкаваныя пункты вакцынацыі, здаецца, больш і не ўзгадвалі.
Роўна той жа лёс чакаў і айчынную вакцыну супраць каронавіруса.
Дык што з гэтай вакцынай?
А нічога. За мінулыя амаль тры гады ў прапагандысцкіх медыя рэгулярна з’яўляюцца паведамленні пра распрацоўку, якая працягваецца. Але «ўкалоцца і забыцца» дагэтуль немагчыма.
Напрыклад, восенню 2021 года дзяржаўныя СМІ распавядалі: прышчэпку абавязкова пачнуць выкарыстоўваць у 2023 годзе. Лукашэнка тады заявіў, што «мы мудра паступілі, калі дамовіліся аб распрацоўцы сваёй вакцыны» і што яна ўжо ёсць «у прабірцы».
Крыху раней Лукашэнка наведаў прадпрыемства «БелВітуніфарм» у Віцебску, на якім меркавалася вырабляць прэпарат. Для гэтых мэтаў там збіраліся пабудаваць ажно цэлы новы корпус. Прагучала лічба — 10 мільёнаў рублёў — менавіта столькі грошай вырашылі выдаткаваць толькі на першы этап распрацоўкі медыкамента.
У 2022 годзе кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў адсправаздачыўся, што першая партыя айчыннага прэпарата будзе зробленая да канца лістапада, пасля чаго пачнуцца яе клінічныя выпрабаванні.
«Вакцына ўжо прайшла даклінічныя выпрабаванні і паказала высокую эфектыўнасць», — пахваліўся Гусакоў. Ён таксама запэўніў, што замежныя прышчэпкі — яны не той сістэмы, бо не ўлічваюць «генетычных асаблівасцяў беларусаў». А вось сваё — гэты зусім іншая справа.
Сёлета дайшла чарга адвакатаваць лукашэнкаўскі пражэкт да міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. У студзені чыноўнік паспрабаваў анансаваць «шырокае прымяненне» беларускага цуда-сродка ў 2024 годзе, але шчыра прызнаў гарантый на тое няма. Ужо ўсё цудоўна разумеючы, міністр дадаў, што вакцына абавязкова спатрэбіцца медыцыне ў будучыні — маўляў, яна «стане платформай для стварэння іншых вакцын, прызначаных для прафілактыкі вірусных захворванняў».
У сакавіку Піневіч выказаўся яшчэ больш коратка і сціпла. «У красавіку мы павінны атрымаць першы доследна-прамысловы ўзор, які пойдзе на даклінічныя, клінічныя выпрабаванні, каб зарэгістраваная вакцына была да канца гэтага года», — сказаў міністр.
2021 год, 2022-гі, 2023-ці, 2024-ты… Можна бясконца глядзець на тры рэчы: як цячэ вада, як гарыць агонь і як айчынныя адмыслоўцы ствараюць чарговы філасофскі камень на патрэбу свайго галоўнага факіра.
У сакавіку 2021 года Лукашэнка заявіў, што айчынная вакцына мусіць стаць «справай гонару» моцнай і квітнеючай Беларусі. Сёння мы выдатна бачым і тую справу, і той гонар, і тую фікцыю, якой стаўся чарговы мегапраект геніяльнага кіраўніка Беларусі.